Пошук
Архіў навін
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
 
Папа Францішак і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ падпісалі сумесную дэкларацыю аб прадаўжэньні шляху да поўнай еўхарыстычнай еднасьці і сулучнасьці паміж Цэрквамі. Гэта адбылося вечарам, 28 красавіка 2017 году, на завяршэньне сустрэчы паміж першаярархамі ў каірскай рэзідэнцыі копцкага праваслаўнага патрыярха, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Каталіцкая і Копцкая Праваслаўная Царква абавязаліся актыўна выступаць за мір паміж народамі і рэлігіямі, змагацца за сацыяльную справядлівасьць, сьведчыць пра сваю веру перад абліччам сучаснага сьвету і паглыбляць экуменічны дыялог. Паводле падпісанай сумеснай дэкларацыі Цэрквы прызнаюць дзейснасьць удзеленай сьв. Тайны Хросту ва ўлоньні супольнасьцяў адзін аднаго. Таксама яны засьведчылі паслушэнства Сьвятому Пісаньню і вызнаньню веры на Ўсяленскіх саборах у Нікее, Канстанцінопалі і Эфэсе.
 
У дакуменце падкрэсьліваецца, што крыніцай еднасьці паміж Цэрквамі зьяўляецца поўная сулучнасьць, якая існавала ў першыя стагоддзі хрысьціяства і выяўлялася ў малітве і падобнай богаслужбовай практыцы, ва ўшанаваньні адных і тых жа мучанікаў і сьвятых, а таксама ў разьвіцьці манаства.
 
У дэкларацыі адзначаецца, што для будаваньня еднасьці паміж Цэрквамі важнае значэньне мае супольная малітва і сьведчаньне пра фундаментальныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Папа Рымскі і копцкі праваслаўны патрыярх падкрэсьлілі таксама значэньне экуменізму мучанікаў.
 
«Просім Бога, нашага Айца, весьці нас, праз часы і спосабамі, якія выбярэ Сьвяты Дух, да поўнай еднасьці ў містычным Целе Хрыста», — адзначылі ў сумеснай дэкларацыі першаярархі Цэркваў.
Гл. таксама:
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы