Пошук
Архіў навін
04.05.2017
Папа ягіпецкім католікам: «ня бойцеся адкрыць свае сэрцы», будзьце будаўнікамі мастоў, дыялогу і згоды
 
Богапасьвячаныя асобы «маленькага каталіцкага статку ў Ягіпце, разам з нашымі братамі праваслаўнымі, зьяўляюцца закваскай, якую Бог падрыхтаваў для гэтай блаславёнай зямлі, каб узрастала на ёй Ягонае Валадарства», падкрэсьліў Папа Францішак 29 красавіка 2017 году падчас сустрэчы з ягіпецкім духавенствам.
 
«Ня бойцеся штодзённага цяжару, цяжару складаных умоваў, праз якія некаторыя з вас павінны прайсьці. Мы ўшаноўваем Сьвяты Крыж, прыладу і знак нашага збаўленьня. Хто ўцякае ад крыжа, той уцякае ад Уваскрасеньня!» — цытуе словы Рымскага Архірэя Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Папа Францішак на сустрэчы з католікамі Ягіпту. Фота: L'Osservatore Romano / AP / EAST NEWS.
Папа назваў каталіцкае духавенства Ягіпту «добрай сілай», «сьвятлом і сольлю гэтага грамадзтва», «лакаматывам», які цягне ў напрамку мэты ўвесь цягнік, «сейбітамі надзеі, будаўнікамі мастоў і працаўнікамі дыялогу і згоды».
 
Разам з тым Сьвяты Айцец Францішак заклікаў каталіцкіх сьвятароў і манаства ў іх духоўным служэньні не паддавацца расчараваньню і песімізму, каб выступалі з новымі ініцыятывамі і былі крэатыўнымі, суцяшалі і былі бацькамі, нават калі ня бачаць удзячнасьці. Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва (КАІ), Папа перасьцярог перад спакусамі пастаяннага нараканьня і абвінавачваньня іншых, перад пляткарствам і зайздрасьцю, параўноўваньнем сябе з іншымі, што можа прывесьці да спыненьня ўласнага дзеяньня і да адасабленьня ад людзей.
 
Яшчэ адна пагроза на думку Францішка — гэта «фараонcтва», зацьвярдзеласьці сэрца і закрытасьці яго на Бога і бліжніх. Яна зьвязаная з адчуваньнем сябе вышэйшымі за іншых, з жаданьнем панаваць над іншымі і падпарадкоўваць іх сабе, каб усе служылі табе. Лекам на гэтую атруту, паводле словаў Папы, ёсьць напамін з Евангельля: «Хто хоча быць першым, хай будзе апошнім з усіх і слугою ўсім!» (Мк 9, 35). Гэта ўсё ёсьць таксама спакуса індывідуалізму, калі падчас дарогі губляецца мэта і замест каб думаць пра іншых, думаеш адно пра сябе, кіруючыся ягіпецкай показкай: «галоўнае я, а пасьля мяне хоць патоп». Гэта спакуса эгаістаў, а Царква, падкрэсьліў Сьвяты Айцец, ёсьць супольнасьцю вернікаў, Целам Хрыстовым, дзе збаўленьне аднаго члена зьвязанае з сьвятасьцю ўсіх (пар. 1 Кар 12, 12-27; «Lumen gentium», 7).
 
Папа зьвярнуў увагу на неабходнасьць захаваньня сваёй тоеснасьці як дзяцей Царквы копцкага абраду, важнасьці трымацца ўласнай багатай і старажытнай спадчыны і каранёў, і адначасова быць каталікамі паводле ідэнтычнасьці — гэта значыць, быць часткаю адзінай і Паўсюднай Царквы.
 
«Чым больш мы ўкаранёныя ў Хрысьце, тым больш жывыя і плённыя», — сказаў Папа і дадаў, што ад якасьці духоўнага жыцьця богапасьвячаных асобаў залежыць якасьць іх служэньня. Ён заклікаў чэрпаць натхненьне з прыкладу шматлікіх сьвятых манахаў-пустэльнікаў, якія менавіта на тэрыторыі Ягіпту далі пачатак манаскаму жыцьцю. «Таксама і вы зможаце быць сьвятлом і сольлю, гэта значыць весьці да збаўленьня саміх сябе і ўсіх іншых, веруючых і няверуючых, і асабліва для апошніх, убогіх, пакінутых і нікому не патрэбных», — сказаў Папа Францішак.
 
Сустрэча з ягіпецкім каталіцкім духавенствам стала апошняй у праграме Апостальскага візіту Сьвятога Айца ў гэтую паўночнаафрыканскую краіну. А перад гэтым Папа сустрэўся з ягіпецкай каталіцкай моладдю і адслужыў сьв. Літургію 29 красавіка на стадыёне ягіпецкіх Ваенна-паветраных сіл на ўскраіне Каіру.
 
Разам з Рымскім Архірэем маліўся зьверхнік Копцкай Каталіцкай Царквы Патрыярх Александрыі Яго Блаславенства Ібрагім Ісак Сідрак і прадстаўнікі іншых каталіцкіх Цэркваў Ягіпту. У набажэнстве з Папам Рымскім прынялі ўдзел больш за 20 тыс. асобаў: сярод іх былі ня толькі каталікі, але і праваслаўныя копты і мусульмане. Боская Літургія з рознымі копцкімі сьпевамі правілася па-арабску і на лаціне.
 
«Богу падабаецца толькі вера, якую вызнаюць жыцьцём, таму адзіным экстрэмізмам, дапушчальным для вернікаў, зьяўляецца радыкалізм любові! Любыя іншыя экстрэмізмы не паходзяць ад Бога, і не даспадобы Яму!» — сказаў Папа Францішак падчас сьв. Літургіі на стадыёне ягіпецкіх Ваенна-паветраных сіл перад мноствам вернікаў. Сьвяты Айцец заклікаў: «Ня бойцеся адкрыць свае сэрцы на сьвятло ўваскрослага Госпада і дазвольце, каб Ён перамяніў вашую няўпэўненасьць у сілу, пазітыўную для вас і для іншых. Ня бойцеся любіць усіх, прыяцеляў і ворагаў, бо калі жывеш у любові, у ёй ёсьць сіла і скарб чалавека, які верыць!».
 
Ягіпецкія католікі складаюць меньшасьць у хрысьціянскай меншасьці краіны. Агулам католікаў налічваецца больш за 250 тыс. Самую вялікую супольнасьць у Каталіцкай Царкве розных абрадаў у гэтай краіне складаюць католікі копцкага абраду, іх ёсьць каля 220 тысячаў.
Гл. таксама:
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
18.12.2015
Незвычайны музычны альбом Папы Францішка
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы