Пошук
Архіў навін
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
 
Украінскі грэка-каталіцкі япіскап Бенядыкт (Алексійчук), які ў свой час служыў грэка-каталіцкім сьвятаром у Полацку, прызначаны кіраўніком найвялікшай у сьвеце каталіцкай япархіі ў Чыкага. З нагоды прызначэньня ярарх даў інтэрв’ю журналісту Беларускай службы Радыё Свабода Сяргею Абламейку. Ніжэй прапануем гэтае інтэрв’ю.
 
— Наколькі вялікая Чыкагская япархія УГКЦ?
 
— Гэта найбольшая япархія ў Каталіцкай Царкве. Гэта ўся тэрыторыя на поўдзень і на захад ад Чыкага аж да Гавайскіх астравоў і ўся Аляска. Вядома, не ва ўсіх штатах ёсьць нашыя парафіі, але шмат дзе ёсьць. Так што найвялікшы выклік працы ў гэтай япархіі для мяне — гэта тэрыторыя. Гэта нават ня сотні, але тысячы кіламетраў.
 
— Вы маеце на ўвазе, што яна найбольшая ва ўсёй Каталіцкай Царкве, усіх абрадаў?
 
— Так, выглядае, што так. Я яшчэ сам гэтае пытаньне не вывучаў, але мае калегі разьбіраліся і сказалі, што гэта найвялікшая паводле тэрыторыі каталіцкая япархія.
 
— А як яна выглядае па колькасьці вернікаў?
 
— Статыстыка падае некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў, але гэта адносная лічба і складанае пытаньне. Колькасьць украінцаў, якія там жывуць, сягае мільёна, а рэлігійнасьць нашых людзей на захадзе вядомая — яны могуць прызнаваць сябе грэка-католікамі, а ходзяць у храм усяго некалькі разоў у жыцьці. Так што тут складаная карціна, калі браць пасіўных і актыўных вернікаў. Нашая дыяспара налічвае чатыры хвалі, і гэтыя хвалі — вельмі розныя.
Некаторыя ўжываюць украінскую мову ў набажэнствах, некаторыя ангельскую, большасьць выкарыстоўвае дзьве мовы, большасьць жыве паводле грыгарыянскага календара, але некаторыя і паводле юльянскага календара. Так што мяне ў гэтай япархіі чакае мультытрадыцыйнасьць і мультымоўнасьць.
— Калі Вы плануеце прыступіць да абавязкаў, прыехаць туды?
 
— 29 чэрвеня мае быць маё пастаўленьне ў япіскапы Чыкагскай япархіі ЎГКЦ, і ўжо ад гэтага часу я буду кіруючым архірэем.
 
— А якія яшчэ выклікі, апрача тэрыторыі, стаяць перад Вамі?
 
— Я ня ведаю той япархіі, быў там адзін раз. Таму для мяне гэта найпершы выклік. Я ведаю толькі тры-пяць сьвятароў адтуль, вернікаў ня ведаю наагул. Знаёмства зойме пэўны час. Ну а пра другі выклік я ўжо сказаў — гэта тэрыторыя.
 
— Які цяпер стан Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, колькі ў сьвеце япархій?
 
— Усяго мы маем 52 япіскапы, сорак япархій і экзархатаў. З іх ва Ўкраіне знаходзяцца 13 япархій і экзархатаў, астатнія за мяжой. Напрыклад, чатыры япархіі ў Канадзе, чатыры ў ЗША, дзьве ў Бразіліі, адна ў Аргентыне, астатнія ў Еўропе і Аўстраліі. Як на мой погляд, нашая Царква найбольш сабой увасабляе тое, што мы называем Каталіцкаю Ўсяленскаю Царквою. Наша Царква прысутная на розных кантынентах і мы паміж сабой дастаткова камунікуем. У рэальнасьці мы адчуваем сябе ўсяленскай Царквою. Япіскапы сустракаюцца на сінодах, прыяжджаюць і сьвятары з-за мяжы ва Ўкраіну і наадварот. Так што мы такая глабальная, па-сапраўднаму Каталіцкая Царква.
 
— Ці ўспамінаеце Вы пра сваю працу ў Беларусі?
 
— О, так! Гэта, ведаеце, частка майго жыцьця, якая прайшла ў Беларусі. Я маю адзінае непаўторнае жыцьцё, і 90-я гады ў Беларусі часта і вельмі добра ўспамінаю. Мая праца ў Беларусі працягвалася два з паловай гады. Там я быў і манахам, і пробашчам, і сам сабе архімандрытам, і сам сабе япіскапам, і сам сабе патрыярхам. Апрача таго, я разумею, што тую глабальнасьць, якая мяне чакае ў Амерыцы, я ўжо перажываў у Беларусі.
 
Я тады жыў з братамі-манахамі ў Полацку. Мы там служылі і ў нядзелі, і ў сьвяты, і кожны дзень. Я таксама даяжджаў у Віцебск, езьдзіў у Гомель да самай украінскай мяжы, у Магілёве часта бываў, таксама езьдзіў і ў Берасьце каля польскай мяжы. Так што я ўжо ведаю гэтае пачуцьцё, калі ты ў падарожжы і служыш у розных месцах. Таму я заўсёды згадваю пра Беларусь як найлепш.
Тады яшчэ не былі ўсталяваныя структуры царкоўныя, будаваліся храмы, будаваліся грамады. Таму я маю мілыя ўспаміны і добрыя пачуцьці з тых часоў. Маю таксама шмат прыемных успамінаў пра людзей і пра супрацоўніцтва з імі. Я і цяпер маю кантакты з беларускімі грэка-католікамі.
— У Чыкага некалі была беларуская ўніяцкая царква, якую ў канцы 80-х ці пачатку 90-х гадоў аддалі румынскім уніятам. Прычына была ў натуральным скарачэньні колькасьці вернікаў. Цяпер там шмат новых эмігрантаў з Беларусі, ёсьць і грэка-католікі. Ці магчыма вярнуць царкву беларусам, або, напрыклад, пачаць выкарыстоўваць яе разам з румынамі?
 
— Я думаю, што трэба на месцы паглядзець, у якім стане ўся справа, як юрыдычна ўсё выглядае, ці перапісалі на румынаў, ці дазволілі карыстацца, або яна наагул была аформлена на каталіцкую япархію. Я думаю, што гэта не было б вялікай праблемай. Калі б была грамада, то можна было б служыць або ў той царкве, або ў адной з украінскіх цэркваў.
 
Калі мяне прызначылі ў Чыкага, я адразу пачаў цікавіцца гэтым пытаньнем і даведаўся, што грамада існуе. Я думаў, што варта было б аднавіць беларускае рэлігійнае жыцьцё ў Чыкага. Але пасьля, калі абазнаўся больш падрабязна, аказалася, што беларуская абшчына ўжо заняпала. Я некалі быў у Канадзе, і там у мяне склаліся вельмі добрыя стасункі з беларусамі грэка-католікамі ў правінцыі Антарыё, у ваколіцах Таронта. Я добра настроены да гэтай справы, пагляджу, якія абставіны на месцы і што ад мяне будзе патрэбна.
Я гатовы паспрыяць, каб там, у Чыкага, паўстала беларуская грэка-каталіцкая грамада. Гэта было б добра і для мяне, я б аднавіў сваю беларускую мову і мог бы служыць для іх. Я быў бы рады служыць для беларусаў.
— Чаму, на Вашую думку, беларускія грэка-католікі дагэтуль ня маюць япіскапа, а сама Царква нават не зарэгістраваная ў Беларусі як агульнанацыянальная арганізацыя? Існуюць толькі асобныя зарэгістраваныя абшчыны.
 
— Я не магу выказаць нейкай пэўнай думкі на гэты конт, бо недастаткова арыентуюся ў сітуацыі. Але я ўпэўнены, што прычына — геапалітычная, думаю, што вашаму ўсходняму суседу ня надта выгадна, каб грэка-католікі былі ў Беларусі. А сусед гэты мае ўплыў на сітуацыю ў Беларусі. А грэка-католікі, дарэчы, яшчэ ў больш складанай сітуацыі ў самой Расеі. Так што думаю, прычыны геапалітычныя, а не царкоўныя. Ёсьць шмат Цэркваў, меншых за Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, якія маюць япархіі.
 
Калі мяне пытаюць пра Беларусь, я заўсёды згадваю, што меў вопыт працы на Ўсходняй Украіне ў 1992-93 гадах. А пасьля служыў у 1994-96 гадах у Беларусі. Сітуацыя, якая тады была ў Беларусі, была ідэнтычнаю з украінскай. На Ўсходняй Украіне было ўсяго некалькі сьвятароў, не было царкоўнай структуры і ніводнага біскупа. Але нашая Царква за 20 гадоў крок за крокам аднавіла або стварыла царкоўныя структуры на Ўсходняй Украіне. І вось цяпер там, дзе раней усіх сьвятароў можна было пералічыць на пальцах дзьвюх рук, цяпер мы маем шэсьць біскупаў і ня менш за 200 сьвятароў. І гэта пры тым, што стартавыя сітуацыі ў Беларусі і на Ўсходняй Украіне былі аднолькавыя.
Я думаю, што калі б і ў Беларусі былі створаныя царкоўныя структуры, сітуацыя цяпер была б падобнаю да Ўсходняй Украіны.
— У Беларусі і цяпер застаецца толькі адзін паўнавартасны грэка-каталіцкі храм — той, што Вы пабудавалі ў Полацку. Астатнія — гэта перабудаваныя з дамоў ці прыстасаваныя нежылыя памяшканьні, або так званыя душпастырскія цэнтры. Храмы грэка-католікам па-ранейшаму будаваць не дазваляюць. І гэта пры тым, што вернікі ня раз пісалі лісты Папу Рымскаму. У 1993 годзе некалькі тысячаў вернікаў падпісалі ліст на імя папы, а ў 2011 годзе каля 40 акадэмікаў, прафесараў, пісьменьнікаў і журналістаў накіравалі ліст да пантыфіка з просьбай стварыць структуры і даць япіскапа...
 
— Я вам больш скажу. На сустрэчы ўсіх усходне-каталіцкіх япіскапаў Еўропы (нас было каля пяцідзесяці — ня толькі з Украіны, але і з Румыніі, Вугоршчыны, Славаччыны, Польшчы, Баўгарыі і іншых краінаў) мы таксама зьвярталіся да папы і да Ўсходняй Кангрэгацыі ў справе Беларусі. Але, як кажуць ва Ўкраіне, воз і дасюль там.
 
— Дык Вы ня можаце сказаць, калі і як сітуацыя зьменіцца?
 
— Не, не магу сказаць, цяжка штосьці казаць... Я, з свайго боку, таксама прыкладаў розныя намаганьні, але выглядае, што на гэтым шляху стаіць нешта вельмі моцнае, што не дае рухацца наперад і ня хоча, каб паўсталі структуры, каб была япархія, каб быў япіскап...
 
Даведка:
Япіскап Бенядыкт Алексійчук нарадзіўся ў 1968 годзе ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны. У 1992 годзе стаў сьвятаром УГКЦ. У 1993 годзе прыняў манаскі пострыг, манах-студыт. У 1994-96 гадах працаваў над аднаўленьнем манаскага жыцьця і адбудовай Барысаглебскага манастыра ў Полацку. Служыў у парафіях Полацку, Магілёва, Гомеля, Берасьця. Быў духаўніком моладзевай хрысьціянскай супольнасьці ў Менску. Быў ігуменам Уніўскай лаўры ва Ўкраіне. Ад 2010 году дапаможны япіскап Львоўскі. 20 красавіка 2017 году прызначаны кіруючым ярархам япархіі ЎГКЦ у Чыкага.
 
Сяргей Абламейка, Радыё Свабода.
Гл. таксама:
10.10.2017
Першаярарх УГКЦ: будзьце пэўныя, мы будзем адстойваць вашыя патрэбы і вашыя правы
25.04.2017
Сьвятар, які служыў у Беларусі, прызначаны кіруючым біскупам грэка-каталіцкай япархіі ў Чыкага
02.07.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: «У Будславе мы нясём знак радасьці і духоўнай перамогі»
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял