Пошук
Архіў навін
05.07.2017
Жыць у еднасьці паводле Слова Божага
 
У грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці 3 ліпеня 2017 году адбыліся летнія парафіяльныя ўрачыстасьці ў гонар сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Сьвяточную Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
На сьвята парафіі ў Берасьці прыехалі грэка-католікі з Івацэвічаў на чале з а. Віталём Быстровым і дыяканам Вячаславам Гарчаковым. Грэка-каталіцкія супольнасьць у Івацэвічах ад пачатку свайго стварэньня шчыльна зьвязаная з сваімі братамі ў Берасьці і таму прадстаўнікі абодвух парафіяў частыя госьці адзін у аднаго. На пачатку сьвяточнага набажэнства івацэвіцкая парафіянка з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай падарыла а. Ігару Кандрацьеву букет ружаў. Ад імя вернікаў сваёй парафіі яна шчыра павіншавала берасьцейцаў з сьвятам і падзякавала параху і вернікам парафіі ў Берасьці за шматгадовае сяброўства і дапамогу івацэвіцкай парафіі.
 
У сваім сьвяточным казаньні Архімандрыт Сяргей гаварыў пра важнасьць Слова Божага ў жыцьці кожнага хрысьціяніна. Мы павінны слухаць яго штодзень і імкнуцца сьледаваць яму ў сваім жыцьці.
 
Таксама Архімандрыт Сяргей узгадаў юбілей 500-годдзя Скарынавай Бібліі. Ён падкрэсьліў, што Францішак Скарына быў ня проста першадрукаром, які надрукаваў нейкую кнігу. Доктар лекарскіх навук Францішак Скарына надрукаваў не даведнік па медыцыне ці садаводзтву, а менавіта Біблію.

З нагоды 500-годдзя выданьня Скарынавай Бібліі і 400-годдзя Базыльянскага чыну сьв. Язафата (Ордэну базыльянаў) у прытворы берасьцейскага храму была падрыхтаваная адмысловая выстава кніг і фотаздымкаў. На ёй былі выстаўленыя факсімільныя выданьні кніг беларускага першадрукара і беларускія выданьні з дасьледаваньнямі дзейнасьці Францішка Скарыны. Пра гісторыю дзейнасьці базыльянаў на беларускіх землях распавядалі кнігі розных часоў (нават 19 ст.) і на розных мовах пра знакавыя постаці гэтага манаскага закону: пра  заснавальнікаў Ордэну базыльянаў мітрапаліта Кіеўскага Язэпа Вельяміна-Руцкага і сьв. Язафата (Кунцэвіча), архібіскупа Полацкага, пра мучанікаў Уніяцкай Царквы з Ордэну базыльянаў, якія пацярпелі за веру, пра базыльянаў — мітрапалітаў Уніяцкай Царквы і інш. На выставе зьмешчаныя таксама кнігі старыя і сучасныя фотаздымкі пра былыя славутыя базыльянскія манастыры і сьвятыні на беларускіх землях. Некаторыя з іх, такія, як храмы ў Берасьці, Беразьвеччы, Таракані (дзе была рэзідэнцыя протаархімандрыта Літоўскай правінцыі Ордэну базыльянаў), на жаль, засталіся толькі на старых фотаздымках.
 
У дзень сьвята парафіі, якое зьвязана ў грэка-католікаў Берасьця ня толькі з ушанаваньнем братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, але таксама і з сьвятам у гонар цудатворнай іконы Маці Божай Берасьцейскай, Архімандрыт Сяргей (Гаек) падарыў у царкву для сьвятара новую літургічную вопратку сіняга колеру — колеру багародзічных сьвятаў.
 
Да парафіяльнага сьвята сваіх братоў — грэка-католікаў у Берасьці католікі з Астраўца, з харызматычнай супольнасьці «Кадош», зрабілі вельмі патрэбны падарунак — шафу-купэ з вялікімі люстэркамі і столік у рызьніцу. Яны ж зрабілі і ўсе працы па мантажу шафы замест старой.
 
Таксама адзін з сяброў і дабрадзеяў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі ахвяраваў у парафіяльны душпастырскі цэнтар 5 крэслаў.
 
Пасьля сьвяточнага набажэнства ў сваёй парафіі грэка-католікі прынялі ўдзел ва ўрачыстасьцях братоў лацінскага абраду ў Берасьці. У гэты дзень адбылося ўрачыстае блаславеньне будаўнічай пляцоўкі і вуглавога каменя будучага новага касьцёлу Сэрца Ісуса, які будуецца ў мікрараёне Рэчыца ў Берасьці. Абрад блаславеньня правёў рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
 
Фота Міхаіла Волкава і Ігара Бараноўскага.
Гл. таксама:
22.12.2016
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
19.11.2016
У Вільні прадстаўнікі БГКЦ ушанавалі памяць сьв. Язафата і продкаў
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
28.06.2015
Падзяляючы спадчыну Скарыны
25.01.2015
Архімандрыт Сяргей (Гаек): Апосталы славянаў Кірыла і Мятод натхняюць нас на шляху экуменічнай дзейнасьці