Пошук
Архіў навін

27.12.2010

Слова, якое стала... пытаньнем

Айцец Пётр Рудкоўскі: Нельга адварочваць позірк ад тых, хто «церпіць перасьлед дзеля справядлівасьці».

«Было Сьвятло праўдзівае, якое асьвятляе кожнага чалавека» (Ян 1, 9). У гэтыя дні дазволю сабе перафразіраваць гэтыя словы: «Было Сьвятло праўдзівае, якое задае пытаньне кожнаму чалавеку». Пра што пытаецца? Ці сьвеціш ты, чалавеча, Боскім агнём? — вось пра што пытаецца Яно.

Чамусьці перад вачыма паўстае вобраз папы Яна Паўла ІІ, які на вігілію Божага Нараджэньня ў 1981 годзе пры вакне залы для аўдыенцый запаліў сьвечку. Гэта быў знак удзелу ў міжнародным сымбалічным жэсьце падтрымкі ўсіх тых палякаў, якія прагнулі вызваліцца з-пад дыктатарскага ярма, але чыя воля была часова прыдушана ў выніку ўвядзеньня Войцехам Ярузэльскім ваеннага становішча. Гэты маўклівы жэст прамаўляў моцна і дзейсна, бо ён быў прадыктаваны тым спрадвечным і праўдзівым Сьвятлом.

Слова, якое было сьвятлом... Слова, якое сталася целам... Сёньня Яно становіцца для нас пытаньнем. Ці здольныя твае вушы пачуць гук гэтага Слова? Ці гатовыя твае вусны прамовіць Яго? Ці адкрыта тваё сэрца на Сьвятло, «якое асьвячае кожнага чалавека»? Ці заўважаеш тыя месцы і тыя сітуацыі, куды ты, чалавеча, павінен пайсьці і сьвяціць? Ці ня гасіш ты тое сьвятло, якім Бог цябе адарыў? Ці не марнуеш Божае слова???

Нельга гасіць сьвятло, якое Бог запаліў у нашых сэрцах. Нельга адварочваць позірк ад тых, хто «церпіць перасьлед дзеля справядлівасьці». Нельга маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, калі хлусьня набірае абароты і атручвае душы сотняў або тысячаў людзей. Нельга быць вызнаўцам Сьвятла, заключаючы кампрамісы з Цемрай.

Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
01.05.2014
Зьверхнік УГКЦ: сьвята кананізацыі двух папаў дае нам надзею
02.01.2011
Будаваць мір метадам дыялогу
27.06.2009
Скажыце, калi ласка, як Царква ставiцца да выкарыстаньня ў сваёй практыцы побач з хрысьцiянскiмi вiдавочна язычнiцкiх традыцыяў. Маю на ўвазе найбольш распаўсюджаныя ў Беларусi абрады калядаваньня, хаджэньня валачобнiкаў г.д.?
14.05.2009
Каталіцкая Царква і нехрысьціянскія рэлігіі