Пошук
Архіў навін
23.11.2018
Сьвяты Пасад: рэлігія – гэта не субкультура
 
Уклад рэлігіі ў будаванне міру павінен быць больш высока ацэнены, падкрэсьліў прадстаўнік Сьвятога Пасаду ў ААН падчас пасяджэньня, прысьвечанага праблеме міру, паведамляе Vatican news.
 
Рэлігія — гэта не субкультура, але частка культуры кожнага народу, нагадаў архібіскуп Бернардзіта Ауса ў Радзе Бясьпекі. Ён зьвярнуў увагу на дзьве актуальныя праблемы: зьвядзеньне рэлігіі да ўзроўню субкультуры, якая датычыць выключна асабістай сферы і ня мае права голасу ў публічнай прасторы, а таксама на інструменталізацыю рэлігіі для распальваньня нянавісьці і выкарыстаньня сілы.
 
У такой сітуацыі вызнаўцы ўсіх рэлігійных традыцыяў павінны адзінадушна дбаць аб міры і павазе да кожнага чалавека, у тым ліку да яго рэлігійнай тоеснасьці і веры, зазначыў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.
 
Ярарх зьвярнуў увагу на важны ўклад, які рэлігіі могуць рабіць на карысьць міру. Ён нагадаў пра міжрэлігійныя сустрэчы, пачатак якім даў сьв. Ян Павел ІІ. Падчас іх прадстаўнікі розных веравызнаньняў, не адмаўляючыся ад уласнай тоеснасьці, будуюць сапраўднае сяброўства і спрыяюць вырашэньню розных канфліктаў.
 
Архібіскуп Ауса таксама прыняў удзел у пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, якое было прысьвечанае міратворчым місіям на афрыканскім кантыненце. Нарада адбылася праз тыдзень пасьля таго, як “блакітныя каскі” сталі пасіўнымі сьведкамі масавага забойства мірнага насельніцтва ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.
 
Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі зьвярнуў увагу на тое, што велізарныя прыродныя багацьці Афрыкі, становяцца праклёнам для насельніцтва гэтага кантыненту, калі правакуюць шматлікія канфлікты і войны.
 
Ватыканскі дыпламат заклікаў міжнародную супольнасьць павялічыць інвестыцыі ў разьвіцьцё афрыканскіх краінаў, а таксама належна выкарыстоўваць патэнцыял мясцовай моладзі і прыродныя багацьці. Цытуючы Сьвятога Айца Францішка, архібіскуп Ауса зазначыў, што на афрыканскім кантыненце сёньня дзейнічаюць сілы, якія думаюць толькі пра рабаваньне рэсурсаў, а не разьвіцьцё.
Гл. таксама:
16.05.2012
Ватыканскі ярарх назваў адраджэньне БГКЦ сапраўдным цудам
15.05.2012
Архібіскуп Кірыла (Васіль): на беларускай зямлі сустракаецца Ўсход і Захад
12.05.2012
Айцец Яўген Усошын: Працэс кананізацыі вельмі складаны
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас