Пошук
Архіў навін
27.11.2018
У Берасьці ўшанавалі памяць ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне
 
У 85-ыя ўгодкі Галадомру ва Ўкраіне, у суботу вечарам, 24 лістапада 2018 году, у грэка-каталіцкай царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці маліліся за ахвяраў гэтай вялікай трагедыі ўкраінскага народу.
 
У памяць пра ахвяры Галадамору ўдзельнікі набажэнства запалілі сьвечкі.
На пачатку набажэнства душпастыр грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці а. Ігар Кандрацьеў, вітаючы ўсіх прысутных, адзначыў, што ў дзень, калі ў многіх краінах сьвету ўзгадваюць 85-ыя ўгодкі Галадамору ва Ўкраіне, мы ня толькі разам з усімі молімся і ўшаноўваем памяць ахвяраў той жахлівай трагедыі, якая забрала мільёны людзкіх жыцьцяў, але і нагадваем сьвету пра яе, каб такое ніколі больш нідзе не паўтарылася.
 
На памінальнае набажэнства ў грэка-каталіцкую царкву прыйшлі супрацоўнікі Консульства Ўкраіны ў Берасьці, парафіяне, а таксама прадстаўнікі ўкраінскай супольнасьці Берасьцейшчыны. Боская Літургія ў Дзень памяці ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне была адслужана сьвятарамі БГКЦ па-ўкраінску. Літургію за супачын усіх бязьвінна загінулых падчас штучна створанага савецкім таталітарным рэжымам голаду ва Ўсходняй Украіне ў 1932-33 гг. узначаліў а. Віталь Быстроў з Івацэвічаў, з якім саслужыў парах берасьцейскай парафіі а. Ігар Кандрацьеў. Хор грэка-католікаў з Менску «Прасфара» ўпрыгожыў набажэнства сваімі сьпевамі па-ўкраінску.
 
На просьбу душпастыра парафіі ў Берасьці а. Ігара Кандрацьева консул Украіны ў Берасьці сп. Анатоль Дзідэнка распавёў прысутным пра трагічныя падзеі 1932-33 гг. ва Ўкраіне, якія прывялі да страшнага голаду, у выніку якога загінулі мільёны людзей.
Украінскі консул у Берасьці сп. Анатоль Дзідэнка распавядае пра Галадамор.
Ён прывёў вытрымкі з некаторых тагачасных дакументаў, якія сьведчаць пра тое, што голад адбыўся невыпадкова, а ў выніку сьвядома спланаваных захадаў бальшавіцкай улады ў Маскве ў рамках барацьбы з кулацтвам як варожым класам, з мэтай упакорваньня ўкраінскага сялянства, якое актыўна супраціўлялася масавай калектывізацыі і рэквізіцыям збожжа. Ня менш трагічным было і тое, што любая інфармацыя пра страшны голад прыхоўвалася, а тыя, хто спрабаваў пакінуць рэгіёны, ахопленыя голадам і эпідэміямі сьмерцяў, затрымліваліся — іх арыштоўвалі або вярталі назад.
 
Украінскі консул таксама падзякаваў беларускаму народу за дапамогу ўкраінскім уцекачам ад голаду ў тыя жахлівыя часы. Ён адзначыў, што простыя жыхары Беларусі, асабліва ў суседніх з Украінай абласьцях, у 1930-ыя гады прымалі, кармілі і як маглі падтрымлівалі тысячы ўкраінскіх уцекачоў, якія, нягледзячы на заслоны НКВД, імкнуліся знайсьці прытулак і схавацца ў Беларусі, каб пазьбегнуць галоднай сьмерці. У знак удзячнасьці беларусам за дапамогу ў 1930-ыя гады і як памяць пра ахвяраў Галадамору ў в. Доўск Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці нядаўна асьвяцілі Крыж памяці і ўдзячнасьці, пастаўлены ўкраінцамі і мясцовымі жыхарамі — нашчадкамі тых, хто перажыў Галадамор.
 
Напрыканцы сьв. Літургіі ўдзельнікі памінальнага набажэнства запалілі сьвечкі ў памяць па ахвярах Галадамору і працэсіяй выйшлі з храму, каб у цішы памаліцца перад крыжам, што ўстаноўлены на каплічцы перад будынкам царквы. Пасьля гэтага ўсе вярнуліся ў храм, дзе адбыўся яшчэ невялікі канцэрт памяці ахвяраў Галадамору. Арцём Сітнікаў і Андрэй Латыш з менскага хору «Прасфара» выканалі некалькі ўкраінскіх песьняў, якія якія ўзрушылі ўсіх прысутных. Удзельнікі жалобнай падзеі таксама падзяліліся расповедамі пра блізкіх ім людзей, якіх закрануў створаны камуністычнай уладай голад ва Ўкраіне ў 1930-ыя гады.
 
Малітва па-ўкраінску за ахвяраў Галадамору і ўся гэтая жалобная ўрачыстасьць была арганізаваная з ініцыятывы грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці напярэдадні яе парафіяльнага сьвята ў гонар сьвятых апекуноў парафіі — братоў-апосталаў Пятра і Андрэя. Яна стала своеасаблівым жэстам салідарнасьці ўсіх беларускіх грэка-католікаў з народам Украіны, а таксама падзякай сваім братам па веры, якія захавалі Зьяднаную Царкву ў часы камуністычнага перасьледу і падтрымліваюць адраджэньне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы сёньня.
 
Фота: уласнае, а таксама з сайту Консульства Ўкраіны ў Берасьці.
Гл. таксама:
12.09.2019
Католікі Берасьця падзякавалі Богу за 1000-годдзе гораду
30.06.2016
Царква — гэта найперш супольнасьць вернікаў
07.10.2015
Саракавіны ў Берасьці па Алесю Чаркашыну
22.08.2015
Патрыяршы Сабор УГКЦ зьбярэ дэлегатаў з 57 краінаў
28.04.2015
Яна абараняла беларускасьць і вучыла любіць Бацькаўшчыну