Пошук
Архіў навін
18.12.2018
Сьвяты Пасад захоўвае кантакты з усімі бакамі канфлікту ў праваслаўі
 
Нягледзячы на «турбулентнасьць» унтуры праваслаўя, дыялог Каталіцкай Царквы з Расейскай Праваслаўнай Царквой ня можа быць замарожаны — заявіў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох.
 
Як паведамляе Vatican news, ватыканскі ярарх падкрэсьліў у інтэрв’ю каталіцкаму парталу Katholisch.de: «Нашыя двухбаковыя перамовы і кантакты з Масквой, вядома, працягваюцца — як і з Канстанцінопалем».
 
Канфлікт разгарэўся вакол стварэньня аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне. Нагадаем, 15 сьнежня 2018 году ў Кіеве адбыўся аб’яднаўчы Сабор, на якім было абвешчана пра стварэньне Памеснай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны. На гэта даў сваю згоду Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І. Расейская Праваслаўная Царква і Патрыярх Маскоўскі Кірыл крытыкуе гэтае рашэньне ў самых моцных выразах.
 
«Ватыкан у дадзеным пытаньні застаецца нейтральным і не займае ніякай пазіцыі», — падкрэсьліў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох. Гэта ўнутраная праблема праваслаўных і Ватыкан тут ня ўмешваецца. Ён дадаў, што Сьвяты Пасад падтрымлівае кантакты з усімі бакамі канфлікту. У той жа час ватыканскі ярарх прызнаў, што сітуацыя, вядома ж, цяжкая і гэта вельмі сумна, бо Масквой былі спынены еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопалем. Мы молімся і спадзяемся, што разьвязаньне гэтай праблемы будзе знойдзенае, сказаў ярарх у інтэрв’ю інтэрнэт-парталу Каталіцкай Царквы ў Германіі.
 
Характарызуючы працу Міжнароднай каталіцка-праваслаўнай багаслоўскай камісіі па дыялогу, кардынал Курт Кох адзначыў, што прадстаўнікі Расейскай Праваслаўнай Царквы вырашылі ня браць удзел у камітэтах, дзе ад праваслаўных сустаршынствуе прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату. Таму яны адсутнічалі на апошнім пасяджэньні Каардынацыйнага камітэту ў лістападзе 2018 году ў Бозэ (Італія). Аднак ватыканскі ярарх нагадаў, што падобная сітуацыя была ўжо ў 2007 годзе, калі Канстанцінопальскі патрыярхат прыняў царкоўныя структуры ў Эстоніі. Тады Маскоўскі патрыярхат ня браў удзел у пленарным пасяджэньні ў Равэньне. Аднак праваслаўныя Цэрквы вырашылі працягваць дыялог, нават калі прадстаўніка адной з Цэркваў няма. Таму праца багаслоўскай камісіі з іншымі 13 праваслаўнымі Цэрквамі працягваецца.
Гл. таксама:
09.01.2019
«Статус-кво радыкальна зьменены». Эксьперт – пра выклікі і персьпектывы ўкраінскай Царквы
19.10.2018
Сьвяты Пасад пракаментаваў раскол паміж Масквой і Канстанцінопалем
16.06.2018
У Грэцыі прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў дыскутавалі пра прымат і сінадальнасьць
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
02.11.2014
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў: разьдзяленьне Царквы Хрыстовай — анамалія, якую нельга лічыць нормай жыцьця