Пошук
Архіў навін
21.12.2018
Не застацца на сьвята бяз радасьці
 
Над Нараджэньнем Ісуса і над сувязьзю паміж радасьцю і сьвятасьцю заклікаў паразважаць Біскуп Рыму, сустрэўшыся з супрацоўнікамі ватыканскіх структураў і членамі іх сем’яў на перадсьвяточнай аўдыенцыі з нагоды сьвята Раства 21 сьнежня 2018 году — паведамляе Vatican news. Папа заклікаў не баяцца сьвятасьці, бо яна зьяўляецца шляхам да радасьці.
 
«Нараджэньне Хрыстова — гэта радаснае сьвята, але часта мы заўважаем, што людзі, і, магчыма, мы самі, мітусімся з-за розных справаў і напрыканцы застаёмся без радасьці, або з радасьцю, але павярхоўнай», — заўважыў Сьвяты Айцец Францішак. Ён працытаваў словы французскага пісьменьніка Леона Блуа паводле якога «ёсьць толькі адзін смутак — ня быць сьвятым». «Такім чынам, адваротнае смутку — радасьць, якая зьвязана з быцьцём сьвятымі. У тымі ліку радасьць Раства», — сказаў Рымскі Архірэй.
 
Сьвяты Айцец заклікаў паглядзець на сьвяточныя ясьлі і ўбачыць, што Марыя і Язэп напоўнены радасьцю: яны шчасьлівыя глядзяць на Дзіцятка Ісуса, бо пасьля тысячаў турбот з вялікай верай і вялікай любоўю прынялі Божы Дар.
 
«Яны перапоўнены сьвятасьцю, а значыць і радасьцю. Вы мне скажаце: ну, вядома, гэта ж Маці Божая і сьв. Язэп! Так, але ня варта думаць, што для іх гэта было лёгка: сьвятымі не нараджаюцца, а становяцца, і гэта тычыцца таксама іх», — падкрэсьліў Папа.
 
Рымскі Архірэй зазначыў, што поўнымі радасьці былі таксама пастухі, якія адгукнуліся на заклік анёла і прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Хрысту. Ён заўважыў, што часта ў ясьлях можна ўбачыць фігурку якога-небудзь маладога пастушка, які глядзіць на Ісуса з вялікімі зьдзіўленьнем і радасьцю. «Гэта рыса сьвятасьці: захоўваць здольнасьць зьдзіўляцца, захапляцца Божымі дарамі, Яго “сюрпрызамі”, а самы вялікі дар, заўсёды новы сюрпрыз — гэта Ісус», — дадаў Францішак.
 
Спасылаючыся на італьянскую традыцыю разьмяшчаць у сьвяточныя ясьлі статуэткі шаўцоў, ваданосаў, кавалёў, пекараў і прадстаўнікоў іншых рамёстваў, Папа падкрэсьліў, што прысутнасьць Ісуса асьвячае кожны від працы.
 
«І гэта прымушае нас падумаць таксама пра нашую працу. Натуральна, што праца заўсёды складаецца з цяжкасьцяў, гэта нармальна. (...) Але, калі кожны хаця б крыху будзе адлюстроўваць сьвятасьць Ісуса, тады будзе дастаткова няшмат, маленькага праменьчыка — усьмешкі, увагі, паслугі, просьбы аб прабачэньні, — каб усё працоўнае асяроддзе стала больш “сьвежым”, ці ня так? Тады расьсеецца цяжкая атмасфера, якую мы часам ствараем сваім самаўладзтвам, закрытасьцю, забабонамі, і тады працаваць становіцца лепш і эфектыўней», — заўважыў Сьвяты Айцец.
 
Папа падкрэсьліў, што і ў працоўным асяроддзі бывае «сьвятасьць па суседзству». «Таксама і тут, у Ватыкане, я магу гэта засьведчыць», — сказаў Францішак.
 
«Гэта ўжо маё шостае Нараджэньне Хрыстова ў якасьці Біскупа Рыму, і павінен сказаць, што я сустрэў розных сьвятых, якія працуюць тут. Звычайна, гэта людзі, якія не вылучаюцца, людзі простыя, сьціплыя, але якія добра працуюць і маюць добрыя адносіны з іншымі», — дадаў ён.
 
Паводле Сьвятога Айца, гэтыя людзі радасныя не таму што часта сьмяюцца, але па прычыне таго, што носяць унутры сябе вялікі спакой і ўмеюць перадаваць яго іншым. «Але адкуль паходзіць гэты спакой? — Заўсёды ад Яго, Ісуса, Эмануэля, Бога-з-намі. Гэта Ён крыніца нашай радасьці, як асабістай, так і ў сям’і, і на працы», — сказаў Папа.
 
Францішак заклікаў ватыканскіх супрацоўнікаў быць сьвятымі і шчасьлівымі. «Будзьце сьвятымі з цела і касьцей, з сваім характарам, сваімі недахопамі, нават сваімі грахамі, (...) але гатовымі “заразіцца” прысутнасьцю Ісуса, гатовымі прыняць Яго, як пастушкі, каб убачыць гэту Падзею, гэты неверагодны Знак, які Бог нам даў», — заклікаў Сьвяты Айцец.
Гл. таксама:
13.04.2019
Францішак заклікаў не паддавацца спакусе нараканьня
04.03.2019
Папа: каб весьці іншых, трэба бачыць уласныя хібы
27.12.2018
Urbi et Orbi: Нараджэньне Хрыстова – крыніца нашага братэрства
04.05.2017
Папа: праца дае моладзі магчымасьць марыць
23.12.2010
Калядны зварот а. Аляксандра Надсана да беларусаў