Пошук
Архіў навін
27.12.2018
Urbi et Orbi: Нараджэньне Хрыстова – крыніца нашага братэрства
 
Сьвята Раства Хрыстова нясе ў сабе ўніверсальнае пасланьне: Бог — гэта добры Айцец, а мы ўсе зьяўляемся братамі — гэта адзначыў Папа Рымскі Францішак 25 сьнежня 2018 году, калі зьвярнуўся з сваім традыцыйным пасланьнем «Urbi et Orbi».
 
Прапануем поўны тэкст пасланьня «Urbi et Orbi» Сьвятога Айца Францішка.
 
Дарагія браты і сёстры, шчасьлівага вам Раства Хрыстова!
 
Вам, вернікам Рыму, вам, пілігрымам, і ўсім, хто далучаецца да нас ва ўсіх частках сьвету, я зноў прамаўляю радасную вестку з Бэтлеему: «Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14 ).
 
Як пастухі, што першымі прыбеглі да пячоры, заміраем у зьдзіўленьні перад знакам, які даў нам Бог: «Дзіцятка спавітае і пакладзенае ў ясьлях» (Лк 2, 12). У цішы становімся на калені і пакланяемся.
 
Што ж нам кажа гэтае Дзіцятка, народжанае для нас Дзевай Марыяй? Якім ёсьць універсальнае пасланьне Нараджэньня Хрыстовага? Яно кажа нам, што Бог — гэта добры Айцец, а мы ўсе ёсьць браты.
 
Гэтая праўда ляжыць у аснове хрысьціянскага бачаньня чалавецтва. Без братэрства, якое падарыў нам Ісус Хрыстос, нашыя намаганьні на карысьць больш справядлівага сьвету аказваюцца слабымі, і нават найлепшыя праекты рызыкуюць ператварыцца ў бяздушныя структуры.
 
Вось таму маім сьвяточным пажаданьнем на Раство будзе пажаданьне братэрства. Братэрства паміж людзьмі ўсіх нацыяў і культур. Братэрства паміж людзьмі розных поглядаў, здольных, аднак, ставіцца адно да аднаго з павагай і выслухоўваць. Братэрства паміж людзьмі розных веравызнаньняў. Ісус прыйшоў, каб аб’явіць аблічча Бога ўсім, хто Яго шукае.
 
І Божае аблічча аб’явілася ў канкрэтным чалавечым абліччы. Не зьявілася ў анёле, але ў чалавеку, народжаным у пэўным часе і ў пэўным месцы. Такім чынам, праз Сваё ўцелаўленьне, Божы Сын паказвае нам, што збаўленьне праходзіць праз любоў, праз адкрытасьць, праз пашану да гэтай нашай беднай чалавечай прыроды, часткай якой усе мы зьяўляемся, ва ўсёй разнастайнасьці нацыянальнасьцяў, моваў, культур... Але ўсе мы — браты ў чалавецтве!
 
Вось жа нашыя адрозьненьні не зьяўляюцца стратай ці небясьпекай, але багацьцем. Як для мастака, які хоча зрабіць мазаіку: лепш мець у распараджэньні элементы мноства колераў, чым толькі некалькіх!
 
Нас вучыць гэтаму і сямейны досьвед: мы адрозьніваемся ад братоў і сясьцёр і не заўсёды пагаджаемся, але нас існуе непарыўная сувязь, якая нас яднае, а любоў бацькоў дапамагае нам любіць адно аднаго. Тое самае датычыць і чалавечай сям’і, толькі «бацькам» у ёй зьяўляецца Бог, аснова і моц нашага братэрства.
 
Хай жа гэтае Раство дапаможа нам нанова адкрыць братэрскія сувязі, якія нас яднаюць як людзей і зьвязваюць усе народы. Хай дазволіць ізраільцянам і палестынцам аднавіць дыялог і распачаць шлях міру, які б паклаў канец канфлікту, што ўжо больш за семдзясят гадоў мучыць Зямлю, якую Госпад абраў, каб аб’явіць Сваё аблічча любові.
 
Хай Дзяцятка Ісус дазволіць ўлюбёнай і спакутаванай Сірыі нанова знайсьці братэрства пасьля доўгіх гадоў вайны. Хай жа міжнародная супольнасьць прыкладзе рашучыя намаганьні, каб вынайсьці палітычнае рашэньне, якое б адклала ўбок падзелы і інтарэсы пэўнай часткі, каб сірыйскі народ, а асабліва тыя, хто быў вымушаны пакінуць сваю зямлю і шукаць прытулку ў іншых месцах, змаглі вярнуцца і жыць у міры на сваёй радзіме.
 
Думаю пра Емен, з надзеяй, што перамір’е, дасягнутае пры пасярэдніцтве міжнароднай супольнасьці, зможа, нарэшце, прынесьці палёгку вялікай колькасьці дзяцей і насельніцтву, зьнясіленаму вайной і голадам.
 
Думаю таксама пра Афрыку, дзе мільёны людзей зьяўляюцца ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі і маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе і харчовай бясьпецы. Хай жа Божае Дзіця, Уладар міру, прымусіць зброю замаўчаць і спрыяе настаньню новага сьвітанку братэрства на ўсім кантыненце, бласлаўляючы намаганьні тых, хто імкнецца спрыяць шляхам прымірэньня на палітычным і сацыяльным узроўнях.
 
Хай Раство ўмацуе братэрскія сувязі, якія аб’ядноўваюць Карэйскі паўвостраў, і дазволіць працягваць распачаты шлях збліжэньня, каб дасягнуць сумесных рашэньняў, якія забясьпечаць усім разьвіцьцё і дабрабыт.
 
Хай гэты блаславёны час дапаможа Венесуэле адшукаць згоду, а ўсім сацыяльным структурам працаваць па-брацку дзеля разьвіцьця краіны і падтрымкі найбольш слабых слаёў насельніцтва.
 
Хай Госпад, Які нарадзіўся, прынясе суцяшэньне ўлюбёнай Украіне, якая прагне зноў займець трывалы мір, які ўсё яшчэ не сьпяшаецца наступіць. Толькі ў міры, які паважае правы кожнай нацыі, краіна можа аднавіцца пасьля перанесеных пакутаў і аднавіць годныя ўмовы жыцьця для сваіх грамадзянаў. Выказваю сваю блізкасьць хрысьціянскім супольнасьцям гэтага рэгіёну і малюся, каб у ім маглі будавацца адносіны братэрства і сяброўства.
 
Хай жа перад Дзіцяткам Ісусам жыхары дарагой краіны Нікарагуа нанова адкрыюць сваё братэрства, каб у ёй не пераважалі падзелы і нязгода, але каб усе прыкладалі намаганьні для прымірэньня і разам будавалі будучыню краіны.
 
Хачу ўзгадаць народы, якія зьведваюць ідэалагічную, культурную і эканамічную каланізацыю, становячыся сьведкамі, як разьдзіраецца іх свабода і ідэнтычнасьць, і тых, якія церпяць ад голаду і недахопу адукацыйных і медычных паслугаў.
 
Асабліва ўзгадваю пра нашых братоў і сясьцёр, якія сьвяткуюць Нараджэньне Гасподняе ў складаных, калі не сказаць варожых, умовах, асабліва там, дзе хрысьціянская супольнасьць зьяўляецца меншасьцю, часам безабароннай і пагарджанай. Хай Госпад дазволіць ім і ўсім меншасьцям жыць у міры і ўбачыць, што правы іх паважаюцца, асабліва рэлігійная свабода.
 
Хай маленькае і азяблае Дзіця, Якое сузіраем сёньня ў стайні, ахоўвае ўсіх дзяцей на зямлі і кожную слабую, безабаронную і адкінутую як непатрэбную асобу.
 
Хай жа ўсе мы атрымаем мір і суцяшэньне ад нараджэньня Збаўцы і, адчуваючы любоў адзінага Нябеснага Айца, зьбярэмся разам і будзем жыць як браты!

Паводле матэрыялаў Vaticannews.va.
Гл. таксама:
04.03.2019
Папа: каб весьці іншых, трэба бачыць уласныя хібы
21.12.2018
Не застацца на сьвята бяз радасьці
14.12.2018
Сьвяты Айцец: абарона правоў чалавека – асаблівая місія хрысьціянаў
13.07.2018
Першаярарх УГКЦ: нашая еднасьць з Сьвятым Айцом не базуецца на нейкай палітычнай выгадзе
17.03.2018
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату