Пошук
Архіў навін

28.12.2010

Сьвяты Айцец заклікае ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Ратэрдаме да салідарнасьці з тымі, хто церпіць


Да ахвярнай любові і адкрыцьця сапраўднага значэньня салідарнасьці з тымі, хто церпіць, заахвоціў Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI удзельнікаў 33-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Ратэрдаме (Нідэрланды). 28 сьнежня 2010 г. па запрашэньні экуменічнай супольнасьці з Тэзэ там зьбяруцца каля 30 тысячаў маладых жыхароў з усёй Еўропы.

У сваім пасланьні Папа просіць аб моцы і супакоі Духа Сьвятога для ўсіх удзельнікаў сустрэчы, а таксама для душпастыраў, парафіяў і сем’яў, якія будуць прымаць гэтых гасьцей. «Няхай Бог прывядзе да крыніцаў радасьці вас і братоў з Тэзэ, якія падрыхтавалі гэтую 33-ю Еўрапейскую сустрэчу моладзі», — піша Пантыфік.

«На працягу гэтых дзён вы адкрыеце, што гэтая радасьць не аддаляе вас ад салідарнасьці з чалавечымі цярпеньнямі, а глыбока зьвязана з даверам Богу. Жывучы гэтым даверам, прымаючы яго, дазваляйце, каб зьдзяйсьнялася прынесенае Хрыстом поўнае аднаўленьне чалавечай істоты. Такім чынам вамі будзе кіраваць адвага, каб ісьці супраць цячэньня, калі гэта неабходна. Не паддаючыся ілюзіям індывідуалізму, усё ў большай ступені вы будзеце станавіцца людзьмі камуніі, аддаючы сябе ў дар іншым», — адзначаецца ў пасланьні.

«Няхай Дух Сьвяты пасьля вашага вяртаньня дадому напоўніць вас пачуцьцём любові бяз межаў, няхай адорыць вас уяўленьнем і адвагай адкрыцьця таго, як ператварыць вашыя супольнасьці ў месцы, поўныя сардэчнай дабрыні і даверу. Супакой, які Ён удзеліць вам, будзе распаўсюджвацца на іншых людзей і на сьвет», — жадае моладзі Сьвяты Айцец.

Запрашаючы маладых людзей на сустрэчу ў Мадрыдзе (Іспанія) з нагоды Сусьветнага дня моладзі ў жніўні 2011 г., Папа аддае ўдзельнікаў мерапрыемства заступніцтву Дзевы Марыі, Маці вернікаў, якая «ў Кане была сьведкай радасьці, якую яе Сын прынёс сьвету», і ўдзяляе моладзі апостальскае блаславеньне.

Паводле Catholic.by

Гл. таксама:
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
24.03.2013
Усходнехрысьціянскі асьпект падчас інаўгурацыі новага Рымскага Архірэя
21.03.2013
Былы зьверхнік УГКЦ кардынал Любамір Гузар не выключае, што новы Папа Рымскі Францішак наведае Ўкраіну
14.03.2013
Кім ёсьць і чаго чакаць ад новага Папы?
13.03.2013
Францішак I — новы Папа Рымскі