Пошук
Навіны
19.01.2019
Апостальскі Візітатар БГКЦ заклікаў хрысьціянаў Берасьця ўмацоўваць братэрскае супрацоўніцтва ў абвяшчэньні Евангельля
 
У Берасьці з блаславеньня Апостальскага Візітатара грэка-католікаў Беларусі Архім. Сяргея (Гаека) ў грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя з нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў 19 студзеня 2019 году адбудзецца экуменічная малітоўная сустрэча, на якую запрошаныя прадстаўнікі розных хрысьціянскіх Цэркваў і супольнасьцяў.
 
З гэтай нагоды Апостальскі Візітатар БГКЦ накіраваў з Рыму ўдзельнікам экуменічнай сустрэчы ў Берасьці адмысловы вітальны ліст. Ніжэй прапануем гэты тэкст.
 
Дарагія і пачэсныя ў Госпадзе браты і сёстры, якіх Дух Сьвяты сабраў сёньня на міжканфесійнай малітве ў грэка-каталіцкім храме братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў горадзе Берасьці!
 
Прыміце сардэчнае, братэрскае прывітаньне з гораду Рыму, дзе ў гэтыя дні на месцах мучаніцкай сьмерці Апостала Пятра і Апостала Паўла, хрысьціяне розных традыцыяў і канфесіяў моляцця аб Адзінстве сярод вучняў Ісуса Хрыста.
 
Тут у Рыме, хрысьціяне з розных народаў і краінаў, у тым ліку і з Беларусі, успамінаем у малітве горад Берасьце, які ў гэтым годзе сьвяткуе 1000 гадоў свайго існаваньня. Гэты горад быў на працягу стагоддзяў горадам шматканфесійным і шматкультурным. Гэта для ўсіх жыхароў Берасьця каштоўная, духовая спадчына, інсьпіраваная Бібліяй.
 
Горад Берасьце сьвяткуе 1000 гадоў, а хрысьціяне Беларусі дзякуюць Госпаду за дар Бібліі на роднай беларускай мове, які мы атрымалі 500 гадоў таму, дзякуючы хрысьціянскаму подзьвігу Францішка Скарыны. Заданьне хрысьціянаў Берасьця сёньня — гэта ўмацаваньне міжканфесійнага міру ды братэрскага супрацоўніцтва ў абвяшчэньні Евангельля Ісуса Хрыста.
 
Няхай вашая супольная малітва дапаможа ўсім жыхарам горада Берасьця адкрываць радасьць чытаць сьвятую Біблію — Слова Божае на роднай, беларускай мове.
 
Няхай Усемагутны і Міласэрны Бог адорыць нас пакорай і дасьць нам трываласьць у падтрымцы міжхрысьціянскага адзінства. Амін.
 
Магутны Божа, Уладар сусьветаў, —
над Беларусяй, ціхай і ветлай,
рассып праменьні свае хвалы!
 
+ Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар Грэка-Каталіцкай Царквы Беларусі
Гл. таксама:
16.04.2019
Берасьце — горад Бібліі
13.07.2018
Першаярарх УГКЦ: нашая еднасьць з Сьвятым Айцом не базуецца на нейкай палітычнай выгадзе
05.07.2017
Жыць у еднасьці паводле Слова Божага
30.06.2016
Ватыканскія архівы адкрылі новыя зьвесткі пра Скарыну
04.07.2012
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай