Пошук
Архіў навін
08.02.2019
Разьвітаньне з Васілём Сёмухам — перакладчыкам, які зрабіў Біблію даступнай для беларусаў
 
3 лютага на 84 годзе жыцьця памёр выдатным беларускі перакладчык Васіль Сёмуха. Грамадзкае разьвітаньне з ім у Менску адбылося 6 лютага 2019 году ў рытуальнай залі, што на вуліцы Альшэўскага. Паніхіду па спачыламу адслужылі беларускія грэка-каталіцкія сьвятары з Менску.
 
Жалобнае набажэнства ўзначаліў Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з ім саслужылі а. Яўген Усошын, а. Андрэй Абламейка і а. Аляксей Філіпенка.

Выказаць спачуваньні, узгадаць добрым словам і аддаць належную пашану выдатнаму літаратару прыйшлі многія беларускія пісьменьнікі і калегі-перакладчыкі. Пастар евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў прачытаў урывак з Бібліі ў перакладзе Васіля Сёмухі. Родныя і блізкія спачылага арганізавалі невялікую, але надзвычай красамоўную выставу кніг, перакладзеных Васілём Сёмухам, а таксама яго ўзнагародаў. У знак павагі і ў памяць пра тое, што зрабіў Васіль Сёмуха для папулярызацыі нямецкай культуры ў Беларусі спачувальны ліст даслаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар. Ліст гэты быў зачытаны падчас цырымоніі разьвітаньня з перакладчыкам. Кветкі ад Гётэ-Інстытуту ў Менску прывезла на разьвітаньне з выдатным беларускім літаратарам супрацоўніца гэтага Інстытуту. Словы падтрымкі сям’і, сябрам, калегам перакладчыка Васіля Сёмухі пісьмова выказаў і былы амбасадар Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак, з якім ён блізка пасябраваў і супрацоўнічаў.
 
8 лютага ў Пружаны з Менску была перавезена урна з прахам спачылага. У Пружанскім палацыку з сваім славутым земляком Васілём Сёмухам разьвіталіся сваякі, школьныя сябры, знаёмыя, а таксама ўсе, хто цэніць яго ўклад у беларускую культуру. Менавіта ў гэты музей Васіль Сёмуха перадаў на захаваньне рукапісы сваіх перакладаў. Пахаваны Васіль Сёмуха на гарадзкіх могілках у Пружанах, дзе занйшлі апошні прытулак цётка і дзядзька, якія яго выхоўвалі пасьля страты бацькоў. Абрад пахаваньня зьдзейсьніў грэка-каталіцкі сьвятар з Берасьця а. Ігар Кандрацьеў.
 
Васіль Сёмуха — беларускі перакладчык з нямецкай, латышскай, польскай, а таксама з лацінскай, гішпанскай, нарвежскай, славацкай, армянскай, украінскай ды іншых моваў сьвету. Гэты непаўторны чалавек, перастварыў па-беларуску творы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускай культуры.
 
Яго жыцьцясьцьвярджальная філасофія дабра і дараваньня нараджалася яшчэ ў апаленым вайною дзяцінстве, насычаным трагічнымі падзеямі і цудоўнымі выратаваньнямі. Ён быў надзвычай аптымістычным і пазітыўным чалавекам, адкрытым і простым у кантактах для кожнага, і ў той жа час годным і вельмі прынцыповым.
 
Будучы выдатны перакладчык з нямецкай Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 году ў сям’і лесьніка, на лясным хутары Ясенец каля вёскі Смаляніца ў Пружанскім раёне, што на паўднёвым ўскрайку Ружанскай пушчы. Яго першае знаёмства з нямецкай мовай мела трагічны характар. Малым хлопчыкам ён перажыў вялікую трагедыю, тройчы быў на мяжы сьмерці, але цудам выжыў. Уратавалі яго ад сьмерці і выгадавалі цёткі.
 
Зімою 1941-га ў хату Сёмухаў уваліліся немцы і пачалі груба пра нешта па-нямецку дапытваць і біць бацьку, настаўлялі пісталет да скроні маці. Невядома, чым бы ўсё скончылася, але нехта з немцаў стрэліў на вуліцы (аказалася — забілі іхняга сабаку), і гэта адцягнула ўвагу немца, які пагражаў сям’і зброяй. Той выйшаў і больш ужо не вяртаўся. У ліпені 1942-га немцы арыштавалі яго тату і маму за дапамогу партызанам і пазьней расстралялі ў пружанскай турме, а хутар спалілі. Малому Васілю тады ўдалося схавацца ад немцаў, але ён перажыў моцны шок, ад якога з цяжкасьцю яшчэ з паўгода адыходзіў. Пазьней разам з сям’ёй цёткі Васіль Сёмуха быў ужо падрыхтаваны для вывазу на прымусовыя працы ў Германію, але пэўна Божы Провід падказаў цётцы зрабіць зусім нелагічнае ў тых абставінах, і гэта выратавала ад вывазу. У тых выпрабаваньнях лёсу цётка ўвесь час падтрымліва веру малога хлопца, казала, што ўсё ў яго жыцьці ўрэшце наладзіцца і будзе добра.
 
Трагічная сьмерць бацькоў, асабісты складаны лёс, калі ня раз сьмерць была зусім побач, прымушалі маладога Васіля Сёмуху задаваць сабе пытаньні: чаму, за што яму ўсё гэта. Як адзначаў сам ён, былі бясконцыя спробы знайсьці адказ, у тым ліку ў саміх немцаў, у іх мове, літаратуры, гісторыі, культуры. Але гэта былі ўжо зусім іншыя немцы — не нацысты. Яны і прывялі яго да перакладаў з нямецкай і іншых моваў, да шляху, які Васіль Сёмуха абраў сабе на ўсё жыцьцё. І тое зло, якое ён зьведаў з маленства ад немцаў, урэшце абярнулася дабром і багатым плёнам для яго праз яго перакладчыцкую працу.
 
Васіль Сёмуха стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, літаратурнай прэміі ПЭН-цэнтру, быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Нямеччыны, а таксама найвышэйшай узнагародай Латвіі — ордэнам «Трох зорак».
 
Падчас уручэньня ў 1991 годзе Васілю Сёмуху Крыжа кавалера ордэна «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія» пісьменьнік сказаў: «Чалавек ня можа жыць нянавісьцю, чалавеку запаведана жыць з любоўю ў сэрцы. Гэтая хрысьціянская ісьціна наколькі простая ў фармулёўцы, настолькі ж і складаная ў рэальным жыцьці».
 
Васіль Сёмуха ў 1959 годзе скончыў рамана-германскае аддзяленьне філалагічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнагаўніверсітэту. Пасьля яго заканчэньня вярнуўся на радзіму, працаваў рэдактарам у беларускім дзяржаўным выдавецтве, інжынерам у сектары тэхнічнай інфармацыі на МТЗ, быў літаратурным супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», выкладаў нямецкую мову ў БДУ і сусьветную літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа.​ Ад 1972 году два дзесяцігоддзі ён працаваў рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1977 году стаў сябрам Саюзу пісьменьнікаў. Ад сярэдзіны 1990-х яго, аднак, ігнаравалі ўлады, бо ён заўсёды гаварыў тое, што думаў, ніколі ня быў каньюктуршчыкам, адкрыта крытыкаваў уладу за бяздумныя дзеяньні, асабліва ў галіне культуры.
 
Сваёй роднай мовай Васіль Сёмуха называў заходнепалескі дыялект, які вельмі любіў і з якога праз пераклады шмат прыўнёс у літаратурную беларускую мову, якой валодаў віртуозна.
 
Ён выгадаваў дваіх цудоўных дзяцей. Ягоны сын, прадпрымальнік, жыве ў Менску, дапамог бацьку выдаць Біблію па-беларуску. А дачка ўдзельнічала ў першых беларускіх незалежніцкіх суполках у 1980-я. Пазьней яна выйшла замуж у ЗША і цяпер жыве ў Вашынгтоне.
 
Васіль Сёмуха быў з тых людзей, якія да старасьці захоўваюць чалавечую непасрэднасьць, гумар і аптымізм, адкрытасьць і годнасьць.
 
Пры канцы жыцьця Васіль Сёмуха страціў зрок у выніку дыябету, але да апошняга перакладаў.
 
Справай жыцьця Васіля Сёмухі стаў пераклад Бібліі на беларускую мову. Ён зрабіў першы агульнадаступны для ўсіх у Беларусі пераклад усёй Бібліі на беларускую мову, які выкарыстоўвалі ў сваім рэлігійным жыцьці і прыватнай малітве вернікі розных хрысьціянскіх канфесіяў.
 
У інтэрв’ю Радыё Свабода Васіль Сёмуха казаў: «Я хацеў, каб беларуская Біблія была патрэбная й даступная для ўсіх, а ня толькі для той ці іншай канфесіі». Узгадваючы пра сваю працу над перакладам Сьвятога Пісаньня, Васіль Сёмуха адзначаў: «Усе чатырнаццаць гадоў, цягам якіх я перакладаў Біблію, прайшлі ў адзіным запале, калі я ня ведаў, дзе пачатак, дзе канец. Я меў надзвычайную асалоду ад гэтай працы й не задумваўся: многа ці мала прайшло часу. Мабыць, столькі, колькі было адпушчана Богам на гэтую справу».
 
Перакладаць Новы і Стары Запаветы Васіль Сёмуха пачаў яшчэ ў канцы 1980-х, працуючы ў складзе Біблійнай камісіі Беларускага Экзархату РПЦ, але праз нейкі час вымушаны быў пакінуць яе, бо праваслаўныя багасловы часта настойвалі на выкарыстаньні небеларускай лексікі, царкоўнаславянізмаў, што абядняла і пагаршала пераклад. У 1995 годзе пабачыў сьвет яго пераклад Новага Запавету і Псалтыра, а ў 2002 годзе з дапамогай дачкі Алесі Васіль Сёмуха выдаў свой пераклад Бібліі ў такім выглядзе, які адпавядаў беларускаму духу і высокаму літаратурнаму стылю. Так, месцамі ёсьць у гэтым перакладзе пэўныя багаслоўскія хібы, часам, магчыма, аўтар выкарыстаў цікавыя, але ня вельмі апраўданыя словы-наватворы, аднак і сёньня, калі зьявіліся ўжо шэраг новых перакладаў, у тым ліку зацьверджаныя царкоўнымі праваслаўнымі і каталіцкімі ўладамі, ягоны пераклад Сьвятога Пісаньня паводле высокага стылю беларускай мовы застаецца непераўзыйдзеным.
 
Вядомы беларускі філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі так ахарактарызаваў пераклад Бібліі, зроблены Васілём Сёмухам: «Лічу, што гэта самы чытэльны пераклад. І калі рэкамендаваць каму чытаць Біблію па-беларуску, то ў перакладзе Васіля Сёмухі. Ён вельмі жывы, натуральны, чытэльны, з прадуманым і распрацаваным сінтаксісам. У выніку Біблія ў перакладзе Сёмухі — добры для ўспрыманьня тэкст». На думку Лявона Баршчэўскага ёсьць два творцы — Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха, — якія заслугоўваюць таго, каб мова іх перакладаў была сабраная ў грунтоўныя слоўнікі, якія б дапамагалі маладому пакаленьню вывучаць багацьце жывой і натуральнай беларускай мовы. «Калі б мовазнаўцы склалі слоўнік Васіля Сёмухі, гэта быў бы бэстсэлер», — упэўнены Лявон Баршчэўскі.
 
Фота: Радыё Свабода, Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Гл. таксама:
16.04.2019
Берасьце — горад Бібліі
06.08.2017
500 гадоў Скарынаўскай Бібліі
22.12.2016
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
31.07.2016
«Сьвяты для ўсіх» — беларусы згадалі, што хрысьціянства нам прынёс ісландзец
28.05.2012
Пытаньне: як ставіцца Ўніяцкая Царква да аднаполых шлюбаў?