Пошук
Навіны
16.02.2019
Сьвятаром стаў яшчэ адзін беларускі грэка-каталіцкі рэдэмптарыст
 
Беларускі манах-рэдэмптарыст дыякан Сяргей Ганчароў з Менску, а таксама яго ўкраінскі сабрат дыякан Васіль Чавага атрымалі сьвятарскія сьвячаньні ў дзень Трох сьвяціцеляў (паводле юльянскага календара) 12 лютага 2019 году. Пра гэта паведамляе сайт Рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ў Беларусі.
 
Урачыстая падзея адбылася ў грэка-каталіцкай царкве сьв. Язафата ў Львове ва Ўкраіне. Сьвятую Тайну сьвятарства ўдзяліў дапаможны біскуп Львоўскай архіяпархіі УГКЦ Уладыка Ўладзімір Груца, які ў свой час быў магістрам у навіцыяце рэдэмптарыстаў у гэтых новых грэка-каталіцкіх сьвятароў.
 
Сьвятую Літургію ў дзень сьвячаньняў новых сьвятароў з галоўным сьвяціцелем саслужылі Ўладыка Пятро Лаза, дапаможны біскуп Сакальска-Жоўкваўскай япархіі УГКЦ, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і яшчэ некалькі грэка-каталіцкіх сьвятары. Павіншаваць новасьвятара ераманаха Сяргея (Ганчарова) з урачыстай падзеяй прыехаў таксама сабрат з Беларусі а. Дзьмітры Лабкоў, пробашч рыма-каталіцкай парафіі Найсьвяцейшага Адкупіцеля ў Горадні, які прадстаўляў беларускую супольнасьць рэдэмптарыстаў Варшаўскай правінцыі.
 
Айцец Сяргей Ганчароў распачаў сваю манаскую фармацыю ў супольнасьці манахаў з Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля (CSsR) у жніўні 2011 году, на сьвята Перамяненьня Гасподняга. Вечныя зарокі паслушэнства, чысьціні і ўбоства, а таксама прысягу вытрываласьці да канца ў Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. Падзея адбылася 12 жніўня 2018 году. Дыяканскія сьвячаньні атрымаў на сьвята Перамяненьня 19 жніўня 2018 году (паводле юльянскага календара) у Львове, у царкве сьв. Язафата.
 
Ён стаў трэцім сьвятаром-рэдэмптарыстам усходняга абраду з Беларусі. Жадаем ераманаху Сяргею (Ганчарову) пасьпяховай і плённай практыкі ва ўкраінскіх парафіях, якая яго цяпер чакае, і найхутчэйшага пераходу да працы на беларускай ніве.
Гл. таксама:
05.09.2018
У БГКЦ і ў супольнасьці рэдэмптарыстаў распачаў служэньне новы дыякан
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
23.08.2016
Хіратонія двух новых сьвятароў БГКЦ
08.12.2009
У рэдэмптарыстаў усходняга абраду першы сьвятар-беларус
01.06.2009
Пакліканыя для дыяканскага служэньня ў БГКЦ