Пошук
Навіны
04.03.2019
Папа: каб весьці іншых, трэба бачыць уласныя хібы
 
Калі выпраўляем хібы бліжняга, павінны ўсьведамляць, што хібы маем таксама і мы, нагадаў Папа перад малітвай «Анёл Гасподні», якая 3 сакавіка 2019 году прайшла на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане — паведамляе Vatican News.
 
«Cёньняшні ўрывак Евангельля прадстаўляе кароткія прыпавесьці, з дапамогай якіх Ісус хоча паказаць сваім вучням шлях, якім трэба прайсьці, каб жыць мудра, — заўважыў Папа. — Задаючы пытаньне: “Хіба можа сьляпы вадзіць сьляпога?” (Лк 6,39), Ён хоча падкрэсьліць, што правадыр ня можа быць сьляпым, але павінен бачыць добра, гэта значыць мець мудрасьць, каб кіраваць з мудрасьцю, бо інакш рызыкуе зрабіць шкоду людзям, якія яму давераныя.
 
«Такім чынам Ісус прыцягвае ўвагу тых, хто мае адказнасьць у сферы выхаваньня ці кіраваньня: душпастыраў, прадстаўнікоў улады, заканадаўцаў, настаўнікаў, бацькоў, заклікаючы іх усьведамляць сваю далікатную ролю і заўсёды распазнаваць слушны шлях, якім трэба весьці людзей».
 
Ісус запазычыў выраз з Кнігі Мудрасьці, каб указаць на Сябе, як на прыклад настаўніка і правадыра, які трэба насьледаваць: «Вучань ня большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік» (Лк 6, 40). Гэта заклік насьледаваць Яго прыклад і Яго навуку, каб быць надзейнымі і мудрымі правадырамі. Гэтае навучаньне, у першую чаргу, заключана ў Нагорнай пропаведзі, якую цягам трох нядзель літургія прапануе нам у Евангельлі, указваючы на патрэбу ў лагоднасьці і міласэрнасьці для таго, каб быць шчырымі, пакорнымі і справядлівымі людзьмі.
 
У сёньняшнім урыўку мы бачым іншае значнае выказваньне, якое заклікае ня быць высакамернымі і крывадушнымі. Кажа так: «Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?» (Лк 6, 41). Часта — мы ўсе ведаем пра гэта, — прасьцей ці зручней заўважаць і асуджаць хібы і грахі іншых, ня будучы здольнымі ўбачыць уласныя з такой жа яснасьцю. Мы заўсёды хаваем нашыя хібы, нават ад нас саміх. Заўсёды прасьцей бачыць хібы іншых. Спакуса заключаецца ў тым, каб быць паблажлівымі з сабой, спагадлівымі да сябе, але быць цьвёрдымі і асуджаць іншых. Заўсёды карысна дапамагаць бліжняму мудрымі парадамі, але калі заўважаем і выпраўляем хібы нашага бліжняга, мы павінны ўсьведамляць, што хібы маем таксама і мы.
 
«Калі думаю, што ня маю хібаў, не магу асуджаць ці выпраўляць іншых. Хібы маем усе мы. Трэба ўсьведамляць гэта і глядзець на сябе, перш чым асуджаць іншых. Такім чынам зможам дзейнічаць шчыра, з пакорай, даючы сьведчаньне любові».
 
Як можна зразумець, ці нашае вока свабоднае ці яму перашкаджае бервяно? Аб гэтым нам зноў кажа Ісус: «Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе» (Лк 6, 43-44). Плодам зьяўляюцца ўчынкі, а таксама словы. Таксама з словаў можна пазнаць якасьць дрэва. Сапраўды, хто добры, у таго з сэрца і вуснаў выходзіць дабро, а хто дрэнны — выходзіць зло, бо практыкуе самае разбуральнае дзеяньне, якое ёсьць паміж намі: нараканьне, пляткарства, ачарненьне іншых. Гэта зьнішчае сям’ю, школьнае асяроддзе, месца працы, квартал... Войны пачынаюцца з языка. Падумаем крыху пра гэта навучаньне Ісуса і спытаем у сябе: ці не кажу кепска пра іншых? Ці не імкнуся заўсёды ачарняць іншых? Ці не прасьцей мне бачыць хібы іншых, чым свае?
 
«Паспрабуем з гэтага хоць крыху выправіцца. Гэта будзе добра для нас усіх. Папросім аб падтрымцы і заступніцтве Марыі, каб насьледаваць Госпада на гэтым шляху», — сказаў Папа.
 
Пасьля марыйнай малітвы Рымскі Архірэй прывітаў прысутныя на плошчы сьв. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў сваё бласлаўленьне.

Фота: Vatican News.
Гл. таксама:
04.05.2019
Папа: Бог не зьяўляецца крыніцай спакусаў, а дапамагае перамагчы іх
27.12.2018
Urbi et Orbi: Нараджэньне Хрыстова – крыніца нашага братэрства
13.07.2018
Першаярарх УГКЦ: нашая еднасьць з Сьвятым Айцом не базуецца на нейкай палітычнай выгадзе
21.10.2016
Беларускія ярархі падарылі Папу Рымскаму беларускі пераклад яго кнігі
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці