Пошук
Навіны
04.04.2019
Крыжалом у Курапатах
 
З нагоды падзеяў ранкам 4 красавіка 2019 году ў Курапатах, дзе былі дэмантаваныя дзясяткі крыжоў, Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) зрабіў адмысловую заяву.
 
У гэтай заяве, якую Архімандрыт Сяргей папрасіў тэрмінова распаўсюдзіць праз сацыяльную сетку Facebook а. Аляксандра Шаўцова, сьвятара парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Полацку, кіраўнік БГКЦ назваў падзеі ў мемарыяле на месцы пахаваньня ахвяраў масавых рэпрэсіяў у Курпапатах крыжаломам, што ня можа не шакаваць усіх хрысьціянаў.
 
«Крыжу Ісуса Хрыста пакланяцца... Вялікі пост для ўсіх хрысьціянаў — гэта час асаблівага ўшанаваньня Крыжа Ісуса Хрыста.
 
Сёньня, 4 красавіка 2019 году, хрысьціяне Беларусі з болем і жахам глядзяць на крыжалом у Курапатах.
 
Прыбіты да крыжа, Ісус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць» (Лк 23,34).
 
Каб перапрасіць Бога за гэтае блюзьнерства, молімся словамі ўшанаваньня Крыжа з малітвы Францішка Скарыны.
 
Малітва да Ўкрыжаванага Хрыста
 
Збавіцелю наш,
Госпадзе Ісусе Хрысьце,
бачу Цябе павешаным на крыжы
дзеля Тваёй вялікай любові да роду людзкога.
 
Галаву маеш нахіленую,
хочучы пачуць малітвы ўсіх нас;
 
сэрца маеш адкрытае,
хочучы даць усім ласку Тваю;
 
рукі маеш расьцягнутыя,
хочучы ўсіх нас да Сябе прыгарнуць;
 
ногі маеш прыбітыя цьвікамі,
хочучы быць заўсёды з грэшнікамі.
 
Малю Цябе сёньня:
дзеля Твае горкае сьмерці і пачэснага Крыжа
пачуй малітвы мае,
пашлі мне ласку Тваю,
прыгарні мяне да сябе,
і будзь са мною ў час сьмерці маёй.
 
Амін».

Фота: Catholic.by.
Гл. таксама:
05.04.2019
Заява Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна сітуацыі ў Курапатах
04.04.2019
Прадстаўнікі Каталіцкай Царквы пра сітуацыю ў Курапатах: «надзвычай балюча такое назіраць»
28.02.2017
Пра Курапаты
27.02.2017
Каталіцкі ярарх заклікае шукаць прымальнага для ўсіх вырашэньня канфлікту ў Курапатах
03.11.2013
На Дзяды Апостальскі нунцый ушанаваў памяць ахвяраў таталітарызму