Пошук
Навіны
16.04.2019
Берасьце — горад Бібліі
 
У Берасьцейскім абласным краязнаўчым музеі 12 красавіка 2019 году адбылося адкрыцьцё выставы «Берасьце — горад Бібліі», якая прымеркаваная да 1000-годдзя Берасьця.
 
Экспазіцыя падрыхтавана сумеснымі намаганьнямі Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музею, Берасьцейскай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
 
Галоўны экспанат экспазіцыі — фрагмент арыгіналу Бібліі, выдадзенай канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Мікалаем Радзівілам Чорным у 1563 годзе ў заснаванай ім друкарні ў Берасьці. Гэта быў адзін з першых поўных перакладаў Бібліі Новага часу, зроблены з арыгінальных моваў (іўрыту і грэцкай мовы). У гэтым па-мастацку аздобленым выданьні было 738 старонак, мноства гравюраў і малюнкаў, наклад складаў каля 500 асобнікаў. Адзін з гэтых каштоўных помнікаў кнігадрукаваньня захоўваецца сёньня ў фондах Берасьцейскай абласной бібліятэкі. На выставе побач з фрагментам арыгальнага выданьня зьмешчана таксама і поўнае факсімільнае выданьне Берасьцейскай Бібліі, зробленае ў Нямеччыне.
 
Прысутных на адкрыцьці выставы прывіталі дырэктар Берасьцейскага абласнога краязнаўчага музею А. Міцюкоў, дырэктар Берасьцейскай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. Стрыжэвіч і загадчык аддзелу гісторыі Новага часу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. Унучак. На адкрыцьцё выставы «Берасьце — горад Бібліі» прыйшлі таксама і пастары пратэстанцкіх супольнасьцяў Берасьця, душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў.
 
Імпрэза распачалася з выступу музычнага трыа з Менску (Алёна Сітнік, Каміла Бачышча, Сяржук Паўлаў), які выканаў твор XVI стагоддзя «Бергамская» з «Полацкага сшытку» — зборніка барочнай музыкі, які быў уклеены ва ўніяцкі трэбнік з в. Астрамечава (Берасьцейскі раён), што належаў полацкаму біскупу. Затым аматарскі тэатар пад кіраўніцтвам Натальлі Бачышчы прадставіў фрагменты дзвух тэатральных пастановак «Біблія князя Радзівіла» ды «Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч».
 
Музыкі з вядомага хрысьціянскага гурта «Збаўленьне» з Берасьця выканалі песьню «Спадчына Дзекуць-Малея», якую яны прысьвяцілі гэтаму беларускаму грамадзка-культурнаму і рэлігійнаму дзеячу, які жыў у Берасьці. У міжваенны час Лукаш Дзекуць-Малей разам з жонкай Серафімай і вядомым беларускім дзеячам Антонам Луцкевічам з Вільні перакладаў тэксты Новага Запавету на сучасную беларускую мову. Выдадзены ў 1931 годзе іх намаганьнямі Новы Запавет і Псальмы стаў першым падобным выданьнем на сучаснай беларускай мове. Гэтае выданьне таксама прадстаўлена на выставе.
 
Варта таксама адзначыць, што ў XX ст. перакладамі Сьвятога Пісаньня на беларускую мову займаліся цэлы шэраг ураджэнцаў Берасьцейшчыны: каталіцкі сьвятар Пятро Татарыновіч, праваслаўныя сьвятары Мікалай Мацукевіч і Сяргей Гардун, выдатны перакладчык Васіль Сёмуха.
 
Берасьце ад моманту свайго заснаваньня быў горадам на скрыжаваньні розных культур і канфесіяў. На працягу 1000-гадовай гісторыі гораду Сьвятым Пісаньнем жылі і натхняліся многія пакаленьні берасьцейцаў. Таму выстава «Берасьце — горад Бібліі» паказвае яшчэ і тое, якую ролю адыгрывала Кніга кніг у гісторыі Берасьця і жыцьці берасьцейцаў розных канфесіяў.
 
Менавіта таму на выставе можна пабачыць ня толькі фрагмент славутай Радзівілаўскай Бібліі, якую называюць Берасьцейскай Бібліяй, але і выданьні Сьвятога Пісаньня на іўрыце і іншых мовах, рэдкія біблійныя выданьні XIX — XX стагоддзя, а таксама рукапісныя і самвыдатаўскія біблійныя тэксты і хрысьціянскія музычныя зборнікі пасьляваеннага перыяду, зьвязаныя з Берасьцем, з фондаў краязнаўчага музею і прыватных калекцыяў.
 
Выстава будзе працаваць да 3 траўня 2019 году.
Гл. таксама:
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў»
07.10.2015
Саракавіны ў Берасьці па Алесю Чаркашыну
16.09.2015
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
06.08.2015
Праблемы канфесійнага статусу Скарыны і яго час
05.07.2015
Парафіяльны фэст у грэка-католікаў Берасьця