Пошук
Навіны
13.04.2019
Францішак заклікаў не паддавацца спакусе нараканьня
 
Не паддавацца спакусе нараканьня, якая пазбаўляе надзеі, заклікаў Папа падчас ранішняй Еўхарыстыі, якую адслужыў 9 красавіка 2019 году у ватыканскім Доме сьв. Марты, — паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News.
 
У гаміліі Рымскі Архірэй спаслаўся на літургічнае чытаньне з Кнігі Лічбаў (Лч 21, 4-9), у якім распавядаецца, як выбраны народ, стаміўшыся ад вандраваньня па пустыні, згубіў цярплівасьць, а таксама энтузіязм і надзею, зьвязаныя з вызваленьнем з ягіпецкай няволі, і пачаў наракаць супраць Майсея. «Дух стомленасьці пазбаўляе надзеі», — папярэдзіў Францішак.
 
Папа адзначыў, што стомленасьць дзейнічае селектыўна: яна робіць так, што мы заўважаем толькі цяжкасьці, а забываем пра тое добрае, якое атрымалі.
 
«А калі мы ў роспачы, дарога становіцца нязноснай і пачынаем шукаць суцяшэньня ў ідалах, нараканьнях ці іншых рэчах (...) Гэты дух роспачы ў выпадку нас, хрысьціянаў, прыводзіць да незадаволенасьці...», — сказаў Сьвяты Айцец.
 
Паводле Францішка, некаторыя хрысьціяне трываюць ва ўпадніцкім настроі, не разумеючы, што гэта «дасканалае поле для д’ябальскага пасеву». Часам яны нават баяцца суцяшэньня, надзеі, міласэрнасьці Госпада і аддаюць перавагу таму, каб жыць у незадаволенасьці, у пастаянным нараканьні, няспынна крытыкуючы іншых людзей. Біскуп Рыму заўважыў, што роспач паходзіць ад д’ябла — таго самага старажытнага зьмея, які спакусіў Еву, а потым спакушаў роспаччу выбраны народ у пустыні.
 
Сьвяты Айцец перакананы, што ў нараканьнях жывуць людзі, якія ня маюць надзеі і не прымаюць уваскрасеньня Ісуса. Ён заклікаў вернікаў маліцца, каб ня быць хрысьціянамі, якія баяцца надзеі і аздараўленьня, што прывязаныя да духа незадаволенасьці, стомленасьці і ўпадніцтва.

Фота: Vatican Media.
Гл. таксама:
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
16.10.2017
Папа назваў сьмяротнае пакараньне нечалавечай мерай
24.06.2016
Папа адправіўся з візітам у першую хрысьціянскую краіну
30.04.2014
Дар розуму дапамагае зазірнуць у глыбіню Божых думак
09.04.2014
Мудрасьць – гэта здольнасьць бачыць Божымі вачыма