Пошук
Навіны
04.06.2019
Папа стварыў Адміністратуру для грэка-католікаў Казахстану і Сярэдняй Азіі
 
У Ватыкане паведамлена пра стварэньне новай царкоўнай структуры для католікаў усходняга абраду. 1 чэрвеня 2019 году Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі. Яе рэзідэнцыя будзе знаходзіцца ў Карагандзе.
 
Апостальскім адміністратарам новастворанай царкоўнай тэрытарыяльнай адзінкі Рымскі Архірэй прызначыў мітрафорнага протаярэя Васіля Гавэру, які быў дагэтуль Дэлегатам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў для католікаў візантыйскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі. Да апошняга часу было толькі дзьве краіны — Казахстан і Беларусь — у якіх Апостальскія візітатары (дэлегаты) мелі большыя, чым гэта ёсьць звычайна, паўнамоцтвы. Апостальская адміністратура — гэта першы крок да стварэньня паўнавартаснай царкоўнай структуры, якой, паводле кананічнага права, зьяўляецца япархія. Але ўжо цяпер адміністратар зьяўляецца ардынарыем дадзенай структуры, а значыць, можа ствараць парафіі на даручанай яго апецы тэрыторыі, інкардынаваць сьвятароў у Апостальскую адміністратуру, а таксама зьдзяйсьняць усе дзеяньні, належныя ардынарыю. Апостольская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі падпарадкоўваецца непасрэдна Сьвятому Пасаду. Сваю юрысдыкцыю яна распаўсюджвае на тэрыторыю Казахстану, а таксама Кыргызстану, Узьбекістану, Таджыкістану і Туркменістану.
 
Грэка-католікі на тэрыторыі Сярэдняй Азіі зьявіліся ў выніку масавых дэпартацыяў з заходняй Украіны ў сярэдзіне XX стагоддзя. Паводле некаторых ацэнак, з 1939 году па 1953 год каля 150 тысячаў украінскіх грэка-католікаў былі высланыя ў Сярэднюю Азію, найперш Казахстан. З 1955 году ў Карагандзе і іншых гарадах пачалі падпольнае служэньне грэка-каталіцкія сьвятары, якія былі вызваленыя з лагераў і турмаў. Варта адзначыць, што яны апекаваліся католікамі ня толькі візантыйскага, але і лацінскага абраду. Сярод гэтых сьвятароў асабліва заслужанымі ёсьць блаславёны Аляксей Зарыцкі, біскуп Аляксандар Хіра, сьвятары Ёсіф Шабан, Сьцяпан Прышляк, Дзьмітры Кузьмінскі, было таксама шмат іншых сьвятароў, якія некаторы час служылі тут пасьля вызваленьня з лагераў і да свайго выезду на радзіму.
 
У Казахстане прысутнасьць грэка-католікаў сёньня заўважная найперш у Карагандзе, Паўладары і вобласьці, у Экібастузе, а таксама ў сталіцы краіны, дзе яны зарэгістравалі свае рэлігійныя грамады. У Карагандзе існуе традыцыйная грэка-каталіцкая парафія, 90% вернікаў у якой — гэта дзеці і ўнукі дэпартаваных галічанаў. А ў іншых парафіях большасьць складаюць украінцы, якія паходзяць з усходняй Украіны, зьмяшаныя сем’і — дзеці і ўнукі тых, хто ў свой час прыехаў у Казахстан асвойваць цалінныя землі. Набажэнствы правяцца па-ўкраінску, а таксама па-расейску і па-царкоўнаславянску. Колькасьць католікаў візантыйскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі сёньня ацэньваюць каля 10 тысячаў. Сваю душпастырскую апеку ім аказваюць 8 сьвятароў, з якімі супрацоўнічаюць 5 манахіняў.
 
Апостальскі адміністратар католікаў візантыйскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі айцец Васіль Гавэра нарадзіўся 11 сьнежня 1972 году ў Івана-Франкоўску ва Ўкраіне. Праходзіў фармацыю і навучаньне ў Люблінскай грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі і ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. 2 сакавіка 1997 году атрымаў сьвятарскія сьвячаньні, пасьля чаго распачаў сваё душпастырскае служэньне ў Казахстане. Ён прыехаў як місіянер у краіну, у якой калісьці жыў з сям’ёй яго дэпартаваны бацька.
 
11 лістапада 2002 году а. Васіль Гавера прызначаны Дэлегатам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў для грэка-католікаў у Казахстане і Сярэдняй Азіі. А ў 2005 годзе ён атрымаў годнасьць мітрафорнага протаярэя.
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
03.10.2013
Папа Францішак заклапочаны лёсам затрыманага ксянзда Лазара
30.06.2013
Невялічкая сучасная ўтопія
21.05.2013
Каталіцкі Патрыярх Александрыі пра сустрэчу Папы з Патрыярхам Тавадрасам
06.02.2012
Нунцый да грэка-католікаў: многае залежыць і ад вас