Пошук
Навіны
07.07.2019
Юбілейная 25-я грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацак
 
У аўторак, 9 ліпеня 2019 году, з Літургіі ў грэка-каталіцкай царкве Ўваскрасеньня Хрыстова ў Віцебску пачынаецца 25-ая юбілейная пілігрымка беларускіх грэка-католікаў для ўшанаваньня Полацкіх мучанікаў.
 
Шляхам сьвятога Язафата з Віцебску ў Полацак пілігрымы будуць ісьці і маліцца 5 дзён. У суботу, 13 ліпеня, яны прыйдуць у Полацак, да старажытных муроў сьв. Сафіі, якая была катэдрай архібіскупа Язафата, а 11 ліпеня 1705 году стала месцам мучаніцтва полацкіх манахаў-базыльянаў. А перад самым Полацкам, ля памятнага крыжа ў Струньні, дзе некалі знаходзілася адна з рэзідэнцыяў уніяцкіх архібіскупаў, будзе адслужана Паніхіда ў памяць уніяцкіх біскупаў, сьвятароў і вернікаў.
 
З нагоды 25-й юбілейнай пілігрымкі БГКЦ 13 ліпеня а 16-й гадз. у храме сьв. Сафіі адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі. Сьпяваць будзе хор «Hosanna» пад кіраўніцтвам Сьвятланы Шыдлоўскай.
 
А ў нядзелю, 14 ліпеня, ля грэка-каталіцкага храму сьв. Параскевы Полацкай для пілігрымаў будзе адслужана сьвяточная Боская Літургія.
 
Дэвіз сёлетняй пілігрымкі «Хрыстос жыве» — гэта тытульныя словы з пасьлясінадальнай Апостальскай адгартацыі «Christus vivit» Папы Францішка, напісанай у форме звароту да моладзі і да ўсяго Божага народу. Над тэкстам Сьвятога Айца, скіраваным да моладзі, пілігрымы будуць разважаць увесь свой шлях з Віцебску ў Полацак.
 
«Хрыстос жыве. Ён — наша надзея і найпрыгажэйшая маладосьць гэтага сьвету. Усё тое, да чаго Ён дакранаецца, становіцца маладым, становіцца новым, зноў напаўняецца жыцьцём», — гэта першыя словы, якімі Францішак пачынае свой ліст.
Сёньня гэтыя словы гучаць асабліва актуальна для Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, якая, нягледзячы на масавы супраціў многіх сьвятароў і простых вернікаў, была падступна ліквідаваная ў Полацку ў 1839 годзе, і якая з 1990-х гадоў зноў імкнецца адрадзіць сваё паўнавартаснае жыцьцё і царкоўныя структуры. Далей у лісьце Папа зьвяртаецца з заклікам да кожнага маладога чалавека, які абірае шлях насьледаваньня Хрысту: «Ён жыве і хоча, каб ты жыў!»
 
Гаворачы пра маладосьць Царквы, Папа Францішак заклікае: «Папросім Госпада Бога, каб Ён вызваліў Царкву ад тых, хто жадае яе састарыць, прывязаць яе да мінулага, затармазіць, зрабіць нерухомым <...> Менавіта моладзь можа дапамагчы ёй заставацца маладой».
 
У разьдзеле, прысьвечаным пакліканьню, Сьвяты Айцец піша: «Каб рэалізаваць сваё пакліканьне, неабходна разьвіваць, узрошчваць і даглядаць усё тое, што мы маем. Ня ідзе гаворка пра тое, каб выдумваць сябе, каб ствараць сябе з нуля, але пра тое, каб адкрыць сябе ў Божым сьвятле і даць расквітнець уласнаму існаваньню». І гэтыя словы можна скіраваць як кожнаму канкрэтнаму хрысьціяніну, так і ўсёй нашай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.
 
Хай жа словы Папы Францішка, якімі ён завяршае Апостальскую адгартацыю, натхняюць адраджэньне БГКЦ і будуць таксама словамі пажаданьня грэка-каталіцкай моладзі і ўсім, хто выпраўляецца ў пілігрымку з Віцебску ў Полацак:
«Дарагая моладзь, я буду шчасьлівы бачыць, як вы бяжыце хутчэй за таго, хто марудзіць і баіцца. Бяжыце ж, калі вас прыцягвае гэтае Аблічча, якое мы ўшаноўваем у сьвятой Еўхарыстыі і пазнаем у целе церпячага брата... Царква мае патрэбу ў вашым імкненьні, у вашай інтуіцыі, у вашай веры...»
 
 
РАСКЛАД РУХУ ПІЛІГРЫМКІ
 
Аўторак, 9 ліпеня: Віцебск — Заронава (26 км)
07.00 — Боская Літургія ў грэка-каталіцкай царкве Уваскрасеньня Хрыстова (Віцебск, вул. 2-я Войкава, 6 А)
09.00 — выхад пілігрымкі
17.00 — прыбыцьцё ў Заронава; начлег у залі каля музею
 
Серада, 10 ліпеня: Заронава — Шуміліна (18 км)
09.00 — выхад з Заронава
18.00 — прыбыцьцё ў Шуміліна; Боская Літургія ў рыма-каталіцкім санктуарыі Маці Божай Фацімскай; начлег пры парафіі
 
Чацьвер, 11 ліпеня: Шуміліна — Обаль (22 км)
07.30 — Боская Літургія ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай
09.30 — выхад з Шуміліна
18.00 — прыбыцьцё ў Обаль; начлег у школе
 
Пятніца, 12 ліпеня: Обаль — Гараны (20 км)
07.30 — Боская Літургія ў рыма-каталіцкай капліцы ў Обалі
09.30 — выхад з Обаля
18.00 — прыбыцьцё ў Гараны; начлег у школе
 
Субота, 13 ліпеня: Гараны — Струньне — Полацак (23 км)
07.30 — Боская Літургія
09.30 — выхад з Гаранаў
12.00 — прыбыцьцё ў Струньне, Паніхіда
16.00 — Полацак, царква сьв. Сафіі. Канцэрт духоўнай музыкі хору «Hosanna»
19.00 — Полацак, грэка-каталіцкая царква сьв. Параскевы Полацкай
21.00 — Вячэрня; начлег пры парафіі
 
Нядзеля, 14 ліпеня, Полацак
10.30 — Сьвяточная Боская Літургія на пляцы перад грэка-каталіцкай царквой сьв. Параскевы Полацкай
 
Грэка-каталіцкая царква ў Полацку знаходзіцца ў прыватным сектары «Кароўнікі», вул. Навасёлаў, 70. Праезд ад вакзалу аўтобусам № 8 да канцовага прыпынку «вул. Бабушкіна».
 
Вернікі могуць далучыцца на любым этапе пілігрымкі.
 
Тэлефон для кантактаў:
(+375-29) 675-29-97 — а. Зьміцер.
Гл. таксама:
08.07.2019
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
08.07.2019
Сьвятар БГКЦ: грэка-католікам выставілі рахунак за пілігрымку і яна адмененая
08.07.2019
Адменена грэка-каталіцкая пілігрымка: улады запатрабавалі аплаціць паслугі па ахове грамадзкага парадку
03.07.2018
Грэка-католікі Беларусі рыхтуюцца да сваёй штогадовай пілігрымкі
25.07.2016
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву