Пошук
Навіны
08.07.2019
Адменена грэка-каталіцкая пілігрымка: улады запатрабавалі аплаціць паслугі па ахове грамадзкага парадку
 
Юбілейная 25-ая пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебску ў Полацак у памяць Полацкіх мучанікаў-базыльянаў, якая мела праходзіць з 9 па 13 ліпеня 2019 году пад дэвізам «Хрыстос жыве», адменена. Пра гэта паведаміў вернікаў канцлер Курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі а. Яўген Усошын, зьмясьціўшы на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук паведамленьне аднаго з арганізатараў пілігрымкі а. Аляксандра Шаўцова з Полацку.
 
«Шаноўныя сябры, штогадовая (25-ая) пілігрымка беларускіх грэка-католікаў Віцебск-Полацак у гэтым годзе адмяняецца. Шчыра запрашаем у сьв. Сафію на канцэрт а 16.00 гадз. у суботу 13 ліпеня. І ў нядзелю 14 ліпеня на сьвяткаваньне ў Полацак а 10.30 гадз. на Боскую Літургію», — напісаў а. Аляксандар Шаўцоў, парах грэка-каталіцкай парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Полацку.
 
Грэка-каталіцкія пілігрымы гэтым разам ня змогуць вырушыць у сваю традыцыйную пілігрымку дзеля таго, што мясцовыя ўлады ў Віцебску, да якіх арганізатары пілігрымкі зьвярталіся па дазвол, выставілі непад’ёмны рахунак на паслугі міліцыі, медыкаў і камунальных службаў. Вернікі, большасьць з якіх моладзь, аплаціць яго проста ня ў стане.
 
Новая норма падчас масавых мерапрыемстваў пра абавязковую аплату паслугаў, зьвязаных з аховай грамадзкага парадку, была ўведзена Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у студзені 2019 году. Паводле гэтай пастановы ўраду цяпер арганізатарам трэба заплаціць 3 базавыя велічыні, калі ў мерапрыемстве будзе браць удзел да 10 чалавек, 25 базавых велічынь — ад 11 да 100 чалавек, 150 базавых велічынь — ад 101 да 1000 чалавек і 250 базавых велічынь — больш за 1000 чалавек. Дзеяньне пастановы не распаўсюджваецца на мерапрыемствы, правядзеньне якіх фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў.

Аказалася, што ільготы, нібыта нададзеныя ўсім рэлігійным арганізацыям пры арганізацыі пілігрымак і іншых масавых мерапрыемстваў, на гэтую грэка-каталіцкую пілігрымку не распаўсюджваюцца.

Пра сітуацыю з адменай грэка-каталіцкай пілігрымкі ўжо паведамлена ў Апостальскую нунцыятуру ў Рэспубліцы Беларусь, вядуцца кансультацыі адносна магчымых шляхоў вырашэньня праблемы.
Гл. таксама:
08.07.2019
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
25.07.2016
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
19.07.2015
Грэка-католікі ўшанавалі памяць Полацкіх мучанікаў
07.07.2014
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку ў Полацак