Пошук
Навіны
09.09.2019
Берасьцейцаў з юбілеем 1000-годдзя гораду павіншавалі з Рыму
 
6-8 верасьня 2019 году Берасьце ўрачыста адзначыў свой 1000-гадовы юбілей. З гэтай нагоды віншаваньне вернікам і ўсім жыхарам гораду на адрас старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму сп. Аляксандра Рагачука было накіраванае з Рыму, з ватыканскай кангрэгацыі.
 
Рым, Вечны Горад. Photo by David Iliff.
7 верасьня 2019 году, падчас сумеснага малітоўнага сьвяткаваньня юбілею Берасьця католікамі лацінскага і візантыйскага абрадаў у касьцёле Ўзвышэньне Сьвятога Крыжа, дзе ўшаноўваецца каштоўная духоўная і культурная памятка сярэднявечнага Берасьця — цудатворная ікона Маці Божай Берасьцейскай, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) зачытаў ліст ад Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскупа Кірылы (Цырыля) Васіля і затым урачыста перадаў яго разам з памятным юбілейным медалём ад Папы Рымскага Францішка прадстаўніку гарадзкіх уладаў — кіраўніку адміністрацыі Ленінскага раёну гораду сп. Валянціну Мілашэўскаму.
 
У сваім віншаваньні Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў напісаў, што Берасьце — гэта вельмі асаблівае месца, дзе на працягу стагоддзяў побач жылі прадстаўнікі розных традыцыяў, розных хрысьціянскіх канфесіяў, а нават розных рэлігіяў. «Кожны з іх уклаў сваю лепту ў разьвіцьцё — духоўнае і матэрыяльнае — гэтага прыгожага Гораду, які заўжды жыў “на скрыжаваньні” цывілізацыяў», — падкрэсьліў архібіскуп Кірыла (Васіль).
 
Зьвяртаючыся з Вечнага Гораду да берасьцейцаў, ватыканскі ярарх, які паходзіць з Славакіі, напісаў у сваім віншавальным лісьце: «У час вашага Юбілею ўзгадваем шматлікія кантакты хрысьціянаў горада Берасьця з Рымам. Адсюль, з Вечнага Гораду, у даўнія часы трапіў у ваш Горад цудадзейны Абраз Маці Божай Берасьцейскай, які ў 1996 годзе быў ушанаваны і аздоблены каронамі, якія блаславіў Папа Рымскі сьвяты Ян Павел ІІ». З радасьцю даведваемся, піша ватыканскі ярарх, што ў час Юбілею супольнасьці розных канфесіяў і рэлігіяў у духу братэрства і прыязьні ўзносяць малітвы да Бога Ўсявышняга за Горад, за ўлады і жыхароў Берасьця. «Радуемся, што ў гэты духоўны “подзьвіг” уключаецца і берасьцейская супольнасьць грэка-католікаў», — адзначыў таксама Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
 
Прадстаўнік ватыканскай дыкастэрыі паведаміў берасьцейцам, што далучаецца да юбілейнай малітвы за горад Берасьце, за ўсіх ягоных жыхароў, за ўлады гораду, а
праз Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі Дастойнага Архімандрыта Сяргея (Гаека) накіроўвае Ўладам і жыхарам горада самыя лепшыя віншаваньні: «Божае Блаславеньне няхай суправаджае вас у плённым служэньні і працы для дабра ўсіх жыхароў юбілейнага, шматкафесійнага горада Берасьця!»
Гл. таксама:
10.09.2019
Грэка-католікі Берасьця павіншавалі сваіх братоў лацінскага абраду з новай сьвятыняй
22.09.2018
Архімандрыт Сяргей (Гаек) пра чаканьні беларусаў ад сустрэчы з Папам у краінах Балтыі
21.10.2016
Беларускія ярархі падарылі Папу Рымскаму беларускі пераклад яго кнігі
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
19.11.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну