Пошук
Навіны
12.09.2019
Католікі Берасьця падзякавалі Богу за 1000-годдзе гораду
 
Дні 6-8 ліпеня 2019 году сталі ў Берасьці кульмінацыяй сьвяткаваньня Міленіюму, да якога актыўна далучыліся таксама мясцовыя каталіцкія вернікі лацінскага і візантыйскага абрадаў разам з сваімі душпастырамі.
 
На гэтыя дні ў горадзе было запланавана шмат самых разнастайных мерапрыемстваў: ад духоўных да забаўляльных. Аднак для берасьцейскіх вернікаў розных канфесіяў самае важнае месца ў праграме занялі ўрачыстыя набажэнствы за горад і яго жыхароў.
 
Зьвяртаючыся да вернікаў і ўсіх жыхароў гораду напярэдадні сьвяткаваньня 1000-годдзя Берасьця рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Антон Дзям’янка адзначыў: «Горад вядомы ва ўсім хрысьціянскім сьвеце тым, што ў 1596 годзе тут была заключана Унія паміж католікамі і праваслаўнымі, якая праіснавала 243 гады да яе скасаваньня ў 1839 годзе, а потым зноў пачала адраджацца ў ХХ стагоддзі.
 
У XVII — XVIII стагоддзях Берасьце неаднаразова цярпеў ад войнаў і пажараў. Тым ня менш удары лёсу ніколі не зламалі волі яго жыхароў. /.../
 
З гісторыяй Берасьця зьвязана таксама гісторыя нашай веры. Першая каталіцкая парафія вядомая тут з 1389 году. За стагоддзі ў горадзе над Бугам было пабудавана шмат сьвятыняў, ахрышчаны многія тысячы людзей, узьнесена да Бога бясконцае мноства малітваў. У Берасьці актыўна дзейнічалі розныя каталіцкія манаскія супольнасьці. /.../
 
На жаль, многія сьвятыні былі зьнішчаныя царскім рэжымам у ХІХ стагоддзі. Але вера жыхароў горада жыла. Нягледзячы на перасьлед, асабліва ў савецкія часы, вера ня згасла і змагла адрадзіцца. /.../
 
Умілаваныя, па волі Божай Берасьце прастаяў пад небам тысячу гадоў. За гэты час тут адбылося шмат падзеяў. Несучы ў сабе памяць пра мінулае, нам неабходна ў першую чаргу ўзьнесьці да Бога малітву падзякі за ўсе ласкі, якія Ён спасылаў гораду і яго жыхарам.
 
Хочам дзякаваць Яму за людзей, якія, як сьветачы, давалі нам прыклад хрысьціянскага жыцьця. Але таксама неабходна зьвярнуцца да Бога з малітвай перапрашэньня за розныя праявы зла. Яны таксама былі. Трэба маліцца за ўсіх, хто ўжо спачыў. Трэба маліцца за жывых, асабліва за тых, хто па нейкай прычыне яшчэ не знайшоў свой шлях да Бога.
 
Тысячагадовы юбілей Берасьця для кожнага з нас зьяўляецца заклікам да мабілізацыі духоўных сілаў. Будзем шанаваць сваю веру, будзем шанаваць хрысьціянскую спадчыну. /.../
 
Богу падзяка за тысячу гадоў горада над Бугам. Гэты час — невычэрпная крыніца досьведу. Няхай жа Марыя, Маці Божая Берасьцейская, Маці Выратавальніца, вядзе нас у новае тысячагоддзе гісторыі гораду. Няхай новыя старонкі гісторыі будуць сьветлымі і напоўненымі справамі, што славяць Бога».
 
Сёньня ў Берасьці ёсьць шэсьць рыма-каталіцкіх парафіяў, з якіх чатыры ўжо маюць свае парафіяльныя касьцёлы, і адна грэка-каталіцкая парафія з сваім храмам.
 
6 верасьня, падчас сьвяткаваньня 1000-годдзя горада Берасьця, біскуп Пінскі Антон Дзям’янка блаславіў новазбудаваную сьвятыню ў берасьцейскім мікрараёне Рэчыца. На ўрачыстай сьв. Імшы разам біскупам Пінскім маліліся сьвятары Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, душпастыр разьмешчанай непадалёку грэка-каталіцкай парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя а. Ігар Кандрацьеў, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
7 верасьня, апоўдні ва ўсіх хрысьціянскіх сьвятынях Берасьця пачалі біць званы, запрашаючы вернікаў на малітву. У касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа, дзе ўшаноўваецца каштоўная духоўная і культурная памятка старажытнага Берасьця — цудатворная ікона Маці Божай Берасьцейскай, урачыстую малітву католікаў лацінскага і візантыйскага абраду ўзначаліў рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Антон Дзям’янка. Разам з ім і рыма-каталіцкімі сьвятарамі гораду маліліся Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) і душпастыр берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігар Кандрацьеў.
 
«Сёньня мы дзякуем за 1000-годдзе існаваньня гэтага гораду. Дзякуем за жыхароў, за тое, што яны на працягу вякоў выконвалі Божую волю: жылі, працавалі на гэтай зямлі. Адначасова мы хочам перапрасіць Ісуса Хрыста за ўсё тое, што, можа, было ня так у нашым хрысьціянскім жыцьці.
 
Праз заступніцтва Маці Божай Берасьцейскай хочам папрасіць Яе Сына, каб бласлаўленьне Божае заўсёды было над жыхарамі гэтага гораду над Бугам», — сказаў рыма-каталіцкі ярарх на пачатку набажэнства.
 
Перад Найсьвяцейшым Сакрамантам сьвятары і вернікі падзякавалі Богу за апеку, пад якой горад існуе дагэтуль, нягледзячы на шматлікія войны, спусташэньні, які зьведаў Берасьце на працягу сваёй няпростай, а часам вельмі трагічнай гісторыі. Берасьцейскія католікі падзякавалі за ўсіх ахрышчаных за 1000 гадоў існаваньня гораду, за новыя храмы і адноўленыя парафіі.
 
Падчас сумеснай малітвы католікі таксама папрасілі прабачэньня ў Бога за зруйнаваныя і занядбаныя сьвятыні на працягу тысячагадовай гісторыі горада і прасілі збавіць ад страху будучыні і надаць сілаў, каб перамяняць родны Берасьце да лепшага.
 
Асаблівыя віншаваньні уладам Берасьця і берасьцейцам перадаў з Рыму Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Ён зачытаў віншавальны ліст ад Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскупа Кірылы Васіля і перадаў прадстаўніку гарадзкіх уладаў юбілейны медаль ад Папы Францішка.
 
Перад абразом Маці Божай Берасьцейскай у знак падзякі за апеку над берасьцейцамі грэка-католікі з хору «Прасфара» (Менск) прасьпявалі ўрывак з Акафісту Найсьвяцейшай Багародзіцы.
 
Прысутных на ўрачыстым набажэнстве католікаў абодвух абрадаў павіншаваў з юбілем гораду кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця сп. Валянцін Мілашэўскі. Прадстаўнік гарадзкіх уладаў адзначыў, што гістарычна так склалася, што наш горад заўсёды быў поліканфесійным. Сёньня ў Берасьці зарэгістраваныя 52 рэлігійныя супольнасьці 17-і канфесіяў. Тут склалася ўнікальная традыцыя суіснаваньня розных канфесіяў і католікі займаюць пачэснае месца ў гэтай вялікай духоўнай сям’і — зазначыў у сваёй віншавальнай прамове Валянцін Мілашэўскі. Ад імя гарадзкіх уладаў ён пажадаў усім глыбокай веры ў лепшую будучыню і духоўнай моцы. «Такія набажэнствы за горад могуць стаць у Берасьці новай традыцыяй», — заўважыў прадстаўнік адміністрацыі.
 
Пасьля малітваў і віншаваньняў у касьцёле адбыўся канцэрт духоўнай музыкі, прымеркаваны да 1000-годдзя гораду.
 
У нядзелю, 8 верасьня, 1000-гадовы юбілей Берасьця адзначалі ў сваёй парафіі грэка-католікі. Да гэтай знакавай даты маладыя мастакі з Полацку зрабілі выставу сваіх твораў, напісаных падчас пленэраў у Берасьці, на якіх адлюстравалі хрысьціянскія сьвятыні Берасьця і навакольля. Боскую Літургію з нагоды 1000-годдзя Берасьця ўзначальваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), а хор «Прасфара» упрыгожыў сваімі сьпевамі малітвы вернікаў.
 
На ўрачыстым набажэнстве прысутнічаў прадстаўнік гарадзкіх уладаў сп. Генадзь Іванчын, начальнік аддзелу ідэалагічнай працы і па справах моладзі, які павіншаваў прысутных з юбілеем гораду і адзначыў уклад грэка-католікаў у сацыяльнае і дабрачыннае служэньне.
 
Падчас урачыстай багаслужбы Апостальскі Візітатар БГКЦ узнагародзіў параха берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя а. Ігара Кандрацьева, які ўжо амаль чвэрць стагоддзя служыць у Берасьці, крыжом з упрыгожаньнямі.
 
Пасьля набажэнства хор «Прасфара» падарыў прысутным канцэрт духоўных сьпеваў. Сьвяткаваньне завершылася брацкім пачастункам.

Фота: Надзея Гарох / Catholic.by; Ігар Бараноўскі.

Відэасюжэт ТРК «Брэст» пра малітву за горад ва ўсіх канфесіях Берасьця на сьвята 1000-годдзя:
Гл. таксама:
27.11.2018
У Берасьці ўшанавалі памяць ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
11.09.2014
Грэка-каталіцкі сьвятар Сяргей Гаек: «Мова нашай Царквы — беларуская»
01.09.2009
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі