Пошук
Навіны
14.11.2019
30 гадоў таму ў Барунах пачалося адраджэньне Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі
 
З пілігрымкі беларускай моладзі і інтэлігенцыі 12 лістапада 1989 году на ўрачыстасьць сьв. Язафата ў мястэчка Баруны, што на Ашмяншчыне, у былы базыльянскі санктуарыюм Маці Божай, дзе служыў тады пробашчам мясцовай рыма-каталіцкай парафіі сьв. Пятра і Паўла а. Ян Матусевіч, пачалося адраджэньне Уніі ў Беларусі.
 
9 лістапада 2019 году ў памяць пра гэтую падзею беларускія грэка-католікі зладзілі падзячную пілігрымку да цудатворнай іконы Маці Божай у Барунах — паведамляе Радыё Рацыя.
 
На ўрачыстасьць у былы базыльянскі санктуарыюм прыехалі вернікі з Менску, Горадні, Маладэчна і Івацэвічаў. Адбылася ўрачыстая Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). З ім саслужылі грэка-каталіцкія сьвятары: а. Андрэй Абламейка і а. Аляксей Філіпенка з Менску і а. Андрэй Крот з Горадні. Дыяканскае служэньне нёс дыякан з Івацэвічаў Вячаслаў Гарчакоў.
Баруны, 09.11.2019. Удзельнікі пілігрымкі ля цудатворнай іконы Маці Божай у былой базыльянскай сьвятыні.
Падчас пілігрымкі і ўрачыстасьці сьвятары і вернікі ўзгадвалі добрыя абставіны, якія спрыялі адраджэньню Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі 30 гадоў таму. Восеньню 1989 году выйшла з падпольля Грэка-Каталіцкая Царква ва Ўкраіне, а па ўсім былым СССР пасьля сьвяткаваньня 1000-годдзя Хросту Русі пачалося рэлігійнае абуджэньне, адчуваўся подых свабоды. Усё гэта, разам з пошукам каранёў і цікавасьцю да беларускай гісторыі, падштурхнула беларускую інтэлігенцыю і моладзь да ідэі адрадзіць Уніяцкую Царкву і ў Беларусі.
 
Душпастыр рыма-каталіцкай парафіі і кусташ санктуарыюму ў Барунах а. Ян Матусевіч, які сам меў уніяцкія карані і вымушаны быў у свой час, каб стаць сьвятаром, скончыць праваслаўную духоўную семінарыю (у каталіцтва ён перайшоў у 1979 годзе), адным з першых у Беларусі ў 1988 годзе пачаў абвяшчаць Божае Слова і служыць сьвятую Імшу на беларускай мове. Ён вёў актыўную душпастырскую працу сярод беларускай інтэлігенцыі, асьвяціў на Дзяды 1989 году мемарыяльны крыж у Курапатах у памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў.
Баруны, 12.11.1989. Беларуская моладзь і інтэлігенцыя з а. Янам Матусевічам. (З архіву Рэд.)
Таксама менавіта ён пачаў удзяляць хрост ва ўсходнім абрадзе маладым беларусам, якія прагнулі аднаўленьня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. А з 1990 году ён стаў парахам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску.
 
30 гадоў таму, падчас сьвята ў гонар мучаніка Уніі — сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага, ля цудатворнай Барунскай іконы Маці Божай, а. Ян Матусевіч сказаў пілігрымам, які прыехалі ў колішні санктуарыюм айцоў базыльянаў: «Калі вы будзеце рабіць нешта з Богам, то гэтая справа будзе прасоўвацца, а калі бяз Бога, то гэтая справа загіне».
 
Сёлета пра яго ўзгадваў у сваім пастырскім слове Апостальскі візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек). Ён заклікаў пілігрымаў падзяліцца радасьцю таго, што яны змаглі зноў сабрацца ў санктуарыюме ў Барунах, каб асэнсаваць каштоўную спадчыну веры, надзеі, любові да Бога і Бацькаўшчыны і адзін да аднаго. Важна, каб усьвядомілі гэтую спадчыну менавіта як Царква, а ня проста як клуб аматараў беларускай мовы, як сапраўдныя вернікі, якія пакліканыя быць сьведкамі Евангельля Ісуса Хрыста. І менавіта на гэтай зямлі, а ня ў нейкім іншым месцы.
 
Ірына Дубянецкая — вядомы беларускі філосаф і біблеіст, доктар тэалогіі, якая была ўдзельніцай той гістарычнай пілігрымкі на сьвята Язафата ў Баруны, склала сваё сьведчаньне пра тыя часы. Яна ўзгадала некаторых вядомых удзельнікаў той пілігрымкі, распавяла пра працу а. Яна Матусевіча і пра тое, як нарадзілася ідэя ўнікальнага на той час праекту — першага беларускага рэлігійна-асьветніцкага часопісу «Унія», які выходзіў на пачатку 1990-ых гг.
 
Баруны, 09.11.2019. Сьвятары БГКЦ у былой базыльянскай сьвятыні.
Вернікі пасьля ўрачыстага набажэнства мелі магчымасьць агледзець старажытную сьвятыню і былы манастыр базыльянаў, а таксама набраць вады з жыватворнай крыніцы ў Барунскім санктуарыюме. На жаль, будынак манастыра сёньня знаходзіцца ня ў лепшым стане. Храм жа цалкам рэстаўраваны і служыць для мясцовых рыма-католікаў.
 
Гарадзенскія пілігрымы з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай наведалі па дарозе ў Баруны Гальшаны, а зваротным шляху — мястэчка Трабы. Там яны памаліліся і ўшанавалі памяць беларускіх каталіцкіх сьвятароў, якія загінулі ў часы камуністычнага перасьледу і ад рук нацыстаў.
 
Фота і відэа: Вітаўт Парфёненка (Радыё Рацыя), Вячаслаў Тамашэвіч.
 
Гл. таксама:
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
11.08.2016
Чаму мітрапаліт Павел абрынуўся на царкоўную унію?
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
04.04.2009
Фота з сямейнага архіву беларускага грэка-каталіцкага сьвятара баляслава пачопкі