Пошук
Навіны
24.12.2019
Ісус Хрыстос прыходзіць як Слова любові Бога да кожнага чалавека
 
Каляднае віншаваньне Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
 
Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!
 
Сьвята Раства Хрыстовага — сьвята Нараджэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста.
У гэты час асабліва актуальнымі ёсьць словы з Евангельля паводле сьв. Яна:
“Слова сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14).
 
Ушаноўваем нараджэньне Ісуса Хрыста, Які прыходзіць да нас як Спрадвечнае Слова Бога.
Слова любові Бога да кожнага чалавека, Слова праўды, якое прасьвятляе кожнага чалавека.
 
Мы ўсе закліканыя да жыцьця ў праўдзе і свабодзе дзяцей Божых, мы ўсе закліканыя да жыцьця ў веры, надзеі і любові — любові да Бога, да чалавека, да роднай Царквы, да нашай Бацькаўшчыны-Беларусі, куды Слова Божае на роднай мове прыйшло больш за 500 гадоў таму (1517).
 
У гэты сьвяточны час ўспамінаем яшчэ раз вялікі подзьвіг веры Францішка Скарыны. Узгадваем нашых вялікіх духовых настаўнікаў, якія вучылі нас любові да Бацькаўшчыны. Узгадайма хоць бы трох:
— грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча, 105 гадоў з дня нараджэньня якога толькі што адзначылі (8 сьнежня),
— экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча, 80 гадоў прызначэньня якога (1940) будзем адзначаць,
— а. Уладзіслава Чарняўскага (+22.12.2001), які ў савецкі час меў адвагу перакладаць на беларускую мову Сьвятое Пісаньне.
 
Мы, беларускя грэка-католікі, у гэтым годзе, які заканчваецца, адзначылі 30 гадоў ад моманту, калі моладзь Менску і іншых гарадоў у 1989 годзе, у Барунах, перад Барунскай іконай Багародзіцы пачала маліцца на роднай беларускай мове.
 
Сьвята Раства Хрыстовага — сьвята Сьвятой Сям’і і сьвята кожнай сям’і.
 
Нашыя сьвяточныя пажаданьні — каб у беларускіх сем’ях бацькі вучылі дзяцей любові да Бога, да кожнага чалавека,да Царквы, да Бацькаўшчыны, да роднай мовы.
 
Хай Госпад, Які нарадзіўся ў Бэтлееме, блаславіць наш подзьвіг веры, надзеі, любові!
 
Хай блаславіць Ён усіх католікаў розных абрадаў, хай блаславіць усіх хрысьціянаў і ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне!
 
+ Архім. Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
 
Менск, Раство Хрыстовае 2019 г.
 
Гл. таксама:
12.12.2016
У Маскве разьвіталіся з сьвятаром Віктарам Данілавым
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
01.09.2009
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі