Пошук
Навіны
23.01.2020
У Горадні ў катэдры адбылося набажэнствa за еднасьць хрысьціянаў
 
З нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў 19 студзеня 2020 году ў Горадні ў катэдральным рыма-каталіцкім касьцёле сьв. Францішка Ксаверыя адбылося экуменічнае набажэнства — паведамляе каталіцкі партал Гарадзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by.
 
У малітве, якую ўзначаліў біскуп Гарадзенскі РКЦ Аляксандар Кашкевіч, прынялі ўдзел прадстаўнікі Рыма-Каталіцкай Царквы, Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы i Беларускай Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-лютэранскай супольнасьці і царквы поўнага Евангельля “Жывое Слова”.
 
Беларускіх грэка-католікаў на экуменічай малітве прадстаўляў парах грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот, ад праваслаўных Беларускага Экзархату РПЦ МП прысутнічаў протаярэй Аляксандар Хомбак, настаяцель храму сьв. Лукі ў Горадні, ад лютэранскай супольнасьці ў Горадні быў пастар Уладзімір Татарнікаў, а царквy поўнага Евангельля “Жывое Слова” – пастар Дзьмітры Малюкевіч.
 
На пачатку набажэнства біскуп Аляксандар Кашкевіч заклікаў вернікаў да супольнай малітвы, каб “панавала еднасьць паміж усімі вучнямі Хрыста”. Ярарх нагадаў, што ўсе хрысьціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей, якія імкнуцца да збаўленьня.
 
Падчас экуменічнага набажэнства з кароткай прамовай да ўдзельнікаў зьвярнуліся прадстаўнікі канфесіяў.
 
Праваслаўны сьвятар Аляксандар Хомбак ў сваім слове казаў пра братэрства: “У Евангельлі мы часта сустракаем слова “брат”. Згодна з вучэньнем, братам мы павінны лічыць кожнага, хто прыходзіць у нашае жыцьцё. І важна, каб з кожным з іх мы шукалі тое, што нас аб’ядноўвае, а не падзяляе”, — сказаў сьвятар. Ён падкрэсьліў, што хрысьціяне “толькі тады змогуць стаць сапраўднымі братамі ў Хрысьце і разам ісьці да агульнай мэты — дасягненьня валадарства любові і дабра”.
 
Пастар з лютаранскай супольнасьці Ўладзімір Татарнікаў з гаварыў пра важнасьць даверу Богу: “Хрысьціянскае адзінства стане магчымым у тым выпадку, калі будзе сыходзіць з усеагульнага даверу Госпаду. Пры гэтым адзінства ў Хрысьце не патрабуе ахвяраваць сваёй ідэнтычнасьцю. Яно толькі мае на ўвазе сумеснае служэньне бліжняму ў імя Найвышэйшага”.
 
Сьвятар Андрэй Крот з Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў сваім выступе зьвярнуў увагу на важнасьць супольнага дзеяньня. “Часта мы згодна з сумленьнем сьледуем вучэньню Хрыста, стараемся рабіць добрыя ўчынкі, але пры гэтым канцэнтруемся выключна на сваёй парафіі, на ўласнай Царкве. У гэтым выпадку нам трэба толькі ўявіць, якіх памераў можа дасягнуць нашая дапамога бліжнім і які плён прынясе, калі яна будзе зьдзяйсьняцца супольнымі намаганьнямі”, — адзначыў ён.
 
Пастар Дзьмітры Малюкевіч з царквы поўнага Евангельля “Жывое Слова” нагадаў пра добрыя справы, якія павінны выконвацца з увагі да Ісуса. “Мы ведаем: добрыя ўчынкі — гэта добра. Але, нягледзячы на гэта, часта яны даюцца нам няпроста. Або ў адказ на іх мы сустракаем негатыўную рэакцыю”, — адзначыў пастар. Таму, дадаў ён, “нашае адзінства мы павінны будаваць на добрых справах, учыненых з матыву любові да Хрыста і Яго ахвяры, чэрпаючы штодзённае натхненьне з чытаньня Евангельля”.
 
Рыма-каталіцкі біскуп Аляксандар Кашкевіч казаў пра тое, што трэба зрабіць першы крок да іншага чалавека, каб усталяваць дыялог. “Калі мы першымі будзем рабіць крок у напрамку іншага чалавека, каб быць ласкавымі і адкрытымі, то будзем ствараць адпаведную прастору для дыялогу і прымірэньня паміж намі”, — адзначыў гарадзенскі ярарх.
 
Біскуп РКЦ падкрэсьліў, што ў Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў “мы супольна ўзносім нашыя просьбы да Бога, каб як мага больш хрысьціянаў маглі вызваліцца з сваёй маладушнасьці і заўважыць надыходзячага Хрыста, каб як мага больш клапаціліся пра свой уклад для справы духоўнага адзінства”. Ён таксама заклікаў прысутных вернікаў і прадстаўнікоў розных канфесіяў на ўзор добразычлівага і гасьціннага Хрыста будаваць у сваім горадзе добрыя ўзаемадносіны. Будаваць іх перш за ўсё ў сем’ях, грамадзтве, паміж хрысьціянскімі супольнасьцямі. “Гэтага ўсім ад усяго сэрца жадаю і ў імя Хрыста да гэтага хачу вас яшчэ раз заклікаць”, — дадаў ярарх.
 
Усе прысутныя ў катэдральным касьцёле, трымаючыся за рукі, прамовілі малітву “Ойча наш”, якой навучыў Ісус Хрыстос, і перадалі адзін аднаму знак супакою, a прадстаўнікі хрысьціянскіх супольнасьцяў запалілі ад пасхала сымбалічныя сьвечкі. Гэтыя запаленыя сьвечкі, як сьвятло Хрыста, сталі сымбалем полымя, промні якога асьвятляюць увесь сьвет.
 
Фота: Grodnensis.by.
Гл. таксама:
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
05.06.2015
За прымірэньне паміж хрысьціянамі і народамі
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
11.12.2012
Архібіскуп Вены падзякаваў за дар уваскрасеньня Цэркваў-мучаніц XX стагоддзя