Пошук
Навіны
21.01.2020
Кадравыя зьмены ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
 
20 студзеня 2020 году ў Ватыкане было паведамлена, што Папа Рымскі Францішак прызначыў Уладыку Цырыла Васіля, SJ, тытулярнага архібіскупа Птолемаіды ў Лібіі, які дагэтуль быў сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, Апостальскім адміністратарам sede plena Кошыцкай япархіі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Кошыцкую япархію для католікаў візантыйскага абраду ў Славакіі 30 студзеня 2008 году стварыў Папа Бенядыкт XVI, які ўзьняў да гэтага статусу існуючы з 1997 году Кошыцкі апостальскі экзархат. Першым япархам яе Рымскі Архірэй прызначыў тагачаснага Кошыцкага экзарха Ўладыку Мілана Хаўтура, CSsR. Менавіта замест яго будзе цяпер кіраваць Кошыцкай грэка-каталіцкай япархіяй архібіскуп Цырыл Васіль. Уладыка Мілан Хаўтур застанецца кошыцкім епархіяльным біскупам.
 
54-гадовы грэка-каталіцкі ярарх Ўладыка Кірыла (Васіль) паходзіць з Кошыцаў. У Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, дзе займаў пасаду сакратара, ён працаваў з 2009 году. Да таго часу працаваў у Папскім Ўсходнім інстытуце дэканам і прарэктарам, а апошнія два гады працы там быў рэктарам. У траўні 2012 году архібіскуп Цырыл Васіль, як прадстаўнік Ватыкану і сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, наведаў з візітам Беларусь.
 
Архібіскуп Цырыл Васіль зьяўляецца кансультарам (дарадцам) Кангрэгацыі навукі веры, Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, а таксама Папскай Рады па справах душпастырства мігрантаў і падарожнікаў. Акрамя таго, ён быў кансультантам-эксьпертам агульнага Сіноду біскупаў, прысьвечанага Тайне Еўхарыстыі, які адбыўся ў 2005 годзе.
 
Архібіскуп Цырыл Васіль належыць да Таварыства Ісуса. Доктар усходняга кананічнага права, паліглот. Вучыўся на тэалагічным факультэце Браціслаўскага ўніверсітэту і факультэце кананічнага права Папскага Ўсходняга інстытута ў Рыме. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў у 1987 годзе, а ў 2009 годзе адбылася яго хіратонія на біскупа (Уладыка Мілан Хаўтур браў удзел у яго хіратоніі). Як душпастыр ён шмат працаваў з скаўтамі, на працягу трох гадоў быў капеланам Міжнароднай Федэрацыі каталіцкіх скаўтаў Еўропы. Быў супрацоўнікам Ватыканскага радыё. Зьяўляецца аўтарам шматлікіх кніг і публікацыяў.
Гл. таксама:
27.02.2020
Прызначаны новы сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
24.09.2014
Прадстаўнік РПЦ сустрэўся з прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
01.02.2014
Цi зьяўляецца сёньня Русінская Грэка-Каталіцкая Царква незалежнай ад Украінскай і па якім календары жыве? Дзякуй.
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў