Пошук
Навіны
23.01.2020
Успамін уніяцкіх мучанікаў з Пратуліна
 
23 студзеня Грэка-Каталіцкая Царква мае літургічны ўспамін Пратулінскіх мучанікаў. Падзеі ў Пратуліне сталі сымбалем цярпеньняў і перасьледу за веру ўсіх уніятаў на Падляшшы і ва ўсёй Холмскай уніяцкай япархіі на тэрыторыі Царства Польскага (куды тады ўваходзілі таксама мясьціны на поўнач ад Горадні ў раёне Сапоцкіна), дзе Унія была гвалтоўна ліквідаваная расейскімі царскімі ўладамі ў 1874-75 гг.
У прыбужскім мястэчку Пратуліне, што за 25 км на паўночны захад ад Берасьця, пры абароне сваёй ўніяцкай сьвятыні 26 студзеня 1874 году былі забітыя 9 вернікаў, 4 памерлі пазьней ад атрыманых цяжкіх ранаў, яшчэ 184 вернікі былі параненыя. Усяго ў выніку тых трагічных падзеяў 1874-75 гг. на Падляшшы загінулі 108 уніятаў, больш за тысячу ўпартых уніятаў былі арыштаваныя і высланыя на поўнач і ўглыб Расеі.
 
Мучанікі з Пратуліна былі пахаваныя расейскімі жаўнерамі без павагі і без удзелу нават самых блізкіх сваякоў, а іх магіла была зраўнаная з зямлёй, каб пра гэтае месца забылі. Аднак пратулінскія парафіяне захавалі памяць пра магілу сваіх мучанікаў, і пасьля таго, як Польшча ў 1918 годзе атрымала незалежнасьць, яна была належным чынам адзначана. 18 траўня 1990 году парэшткі мучанікаў былі ўрачыста перанесеныя з магілы ў парафіяльны рыма-каталіцкі храм у Пратуліне.
 
Парах Пратулінскай уніяцкай парафіі Сьвятой Тройцы а. Ёсіф Курмановіч, які не прызнаваў незаконна прызначанага расейскім ўрадам бяз згоды Рымскага Архірэя адміністартара Холмскай япархіі і не жадаў разам з сваімі парафіянамі пераходзіць ў расейскае праваслаўе, у студзені 1874 году, напярэдадні трагічных падзеяў у Пратуліне, быў зьмешчаны з пасады за адмову служыць у сінадальным абрадзе паводле маскоўскага службоўніка і ўвязьнены ў турме. Больш за паўгады гэты мужны і адданы Каталіцкай Царкве ўніяцкі сьвятар, які меў на той час сем дзяцей, прасядзеў у вязьніцы ў Берасьці. Жонка сьвятара разам з дзецьмі выехала тады на Галічыну, туды ж пазьней змог выехаць і сам сьвятар.
 
Прызначанага замест а. Ёсіфа Курамановіча праўладнага сьвятара-масквафіла, якога парафіяне не пусьцілі ў храм, за што так пацярпелі, нават і пасьля скасаваньня Уніі не прызналі. Уніяты катэгарычна адмовіліся хадзіць у царкву, дзе адбыўся расстрэл і пралілася кроў іх братоў. А ў 1886 годзе праваслаўныя ўлады вырашылі зусім разабраць драўляную царкву Сьвятой Тройцы ў Пратуліне. Каб уніяты не хадзілі ў касьцёл да рыма-католікаў, расейскія ўлады выдалілі з Пратуліна таксама і мясцовага пробашча, сам касьцёл зачынілі, а пазьней зрабілі з яго праваслаўную царкву.
 
Праз тры дзесяцігоддзі, адразу пасьля выхаду ў 1905 годзе царскага ўказу пра верацярпімасьць, большасьць загнаных у праваслаўе, але застаўшыхся вернымі Каталіцкай Царкве ўніятаў і іх нашчадкі, за немагчымасьцю вярнуцца ў грэка-каталіцтва, масава запісаліся рыма-каталікамі.
 
Справай мэтанакіраванага збору падрабязнай інфармацыі і апытаньнем сьведкаў пра перасьлед уніятаў на Падляшшы заняўся ардынарый новаўтворанай увосень 1918 году Седлецкай рыма-каталіцкай дыяцэзіі Генрык Пшазьдзецкі. Гэтым пачалі займацца польскія рыма-католікі, паколькі з палітычных прычынаў гэтага не маглі зрабіць тады грэка-каталіцкія біскупы.
 
Вайна і наступныя палітычныя падзеі ў ва Ўсходняй Еўропе, зьвязаныя з прыходам да ўлады камуністычных рэжымаў і забаронай Грэка-Каталіцкай Царквы, на дзесяцігоддзі прыпынілі працэс беатыфікацыі ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна, якія загінулі ад куляў расейскіх царскіх жаўнераў пры абароне сваёй сьвятыні. Справа беатыфікацыі ўніяцкіх мучанікаў з Падляшша была завершана ў юбілей 400-годдзя Берасьцейскай Уніі. Пра гэта сьпецыяльна прасілі Папу Яна Паўла II польскія рыма-каталіцкія біскупы і грэка-каталіцкі архібіскуп Перамышальскі Ян Мартыняк, а таксама Першаярарх УГКЦ Мірслаў Любачыўскі. Урачыстая беатыфікацыя Пратулінскіх мучанікаў адбылася ў катэдры сьв. Пятра 6 кастрычніка 1996 году. Тады ж Папа вызначыў дату літургічнага ўспаміну новых блаславёных мучанікаў Каталіцкай Царквы — 23 студзеня.
 
Чытаючы пра трагічныя падзеі ў Пратуліне, можна заўважыць, што існуе пэўная розьніца, якая датычыць даты гэтых трагічных падзеяў і літургічнага ўспаміну ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна. Паводле зьвестак, якія некалі падаў кс. Юзаф Прушкоўскі ў «Martyrologium czyli Męczeństwo Unii Ś-tej na Podlasiu» (1905), паўсюль пачалі лічыць 24 студзеня 1874 г. як дату сьмерці ўніятаў у Пратуліне і трагічных падзеяў, якія там адбываліся. Аднак, як высьвятліла польская дасьледчыца праф. Ганна Дылянгова, якая рыхтавала гістарычную даведку для беатыфікацыйнага працэсу 13 мучанікаў з Пратуліна, у пасьведчаньнях аб сьмерці ўсіх 13 уніяцкіх вернікаў з гэтай парафіі адназначна прысутнічае дата 14 студзеня старога стылю, запісаная словамі, што робіць немагчымым памылку. Розьніца паміж юльянскім і грыгарыянскім календарамі тады складала 12 дзён, таму паводле новага стылю гэтыя трагічныя падзеі мелі месца 26 студзеня, а не 24 студзеня.
 
У сувязі з шматгадовай традыцыяй шанаваньня ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна ў Седлецкай рымска-каталіцкай дыяцэзіі 24 студзеня, ардынарый гэтай дыяцэзіі біскуп Ян Мазур прыняў рашэньне і надалей пакінуць гэтую дату днём іх літургічнага ўспаміну.
 
Сінод біскупаў УГКЦ пастанавіў дапоўніць літургічны каляндар Царквы сьвятам ў памяць хрысьціянскага подзьвігу Пратулінскіх мучанікаў, якія загінулі за еднасьць Царквы. Грэка-Каталіцкая Царква ва Ўкраіне, Польшчы, Беларусі і ў сьвеце ўспамінае іх 23 студзеня (10 студзеня паводле юльянскага календара).
 
Санктуарыюм у гонар Падляшскіх мучанікаў, дзе захоўваюцца значная частка іх сьвятых рэліквіяў, быў створаны ў 1998 годзе ва ўніяцкай парафіі сьв. Мікіты ў Кастамлотах (Польшча), што на рацэ Буг за 15 км на поўдзень ад Берасьця.
 
У парафіяльным рыма-каталіцкім касьцёле сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў Пратуліне ў капліцы знаходзяцца сьв. рэліквіі Падляшскіх мучанікаў, а таксама крыж з пратулінскай уніяцкай царквы і абраз XVIII ст. Маці Божай Пратулінскай «Надзеі Еднасьці» — Апякункі ўніятаў, які ацалеў са зьнішчанай ўніяцкай сьвятыні ў Пратуліне.
 
У Пратуліне, на месцы, дзе некалі стаяла ўніяцкая царква Сьвятой Тройцы, дзе пралілі сваю кроў за еднасьць Царквы блаславёныя мучанікі Вінцэнт Леванюк і 12 яго паплечнікаў — на Пляцы Мучаніцтва ўніятаў у 1874 годзе, у 2009—2012 гг. быў устаноўлены драўляны храм XVIII ст., які перавезьлі з в. Станін. У ім былі адмыслова захаваныя падмуркі старой уніяцкай царквы. Гэты храм выконвае сёньня функцыю цэнтра дакументацыі і музею Падляшскіх мучанікаў. Недалёка ад сьвятыні, вакол ставу пракладзеныя Пратулінскія Сьцежкі, на якіх стаіць 13 каплічак з драўлянымі фігуркамі ўніяцкіх мучанікаў.
 
Вакол храму, на маляўнічым прыбужскім краявідзе, створана Крыжовая дарога даўжынёй каля 1100 метраў, якая злучае Пляц Мучаніцтва з ўніяцкімі могілкамі, дзе знаходзіцца памятны крыж на месцы пахаваньня пратулінскіх мучанікаў у 1874 годзе. 23 студзеня 2019 году там быў асьвячаны таксама дыяцэзіяльны Дом пілігрыма пры Санктуарыюме блаславёных мучанікаў Падляшскіх.

Фота: sanktuariumpratulin.pl, dompratulin.pl.
Гл. таксама:
23.01.2020
У Горадні ў катэдры адбылося набажэнствa за еднасьць хрысьціянаў
08.12.2014
Папа схіліўся перад патрыярхам, просячы блаславеньня
20.09.2014
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году
20.11.2010
Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы