Пошук
Архіў навін

24.01.2011

Трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да еднасьці


22 студзеня 2011 г. прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфесіяў сабраліся на супольнай малітве ў менскім архікатэдральным касьцёле. Набажэнства праходзіла ў межах Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў.

Сустрэча ў Менску распачалася сьвятой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч. Саслужылі літургію Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антон Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), шматлікія сьвятары.

«Увесь Касьцёл зьяўляецца адным жывым звышпрыродным арганізмам, — падкрэсьліў біскуп Дзям’янка ў гаміліі. — Хрыстус зьяўляецца яго галавою… Раздробленае цела азначае, што ўвесь арганізм хворы. Падзел хрысьціянаў таксама зьяўляецца знакам хваробы». Як адзначыў у сваёй прамове ярарх, экуменічныя намаганьні спрыяюць вяртаньню страчанага праз падзел здароўя.

Біскуп Дзям’янка таксама падкрэсьліў, што “Тыдзень экуменічных малітваў для прадстаўнікоў розных канфесій, для кожнага хрысьціяніна зьяўляецца экзаменам адносна таго, якімі вачыма я гляджу на другога чалавека, які, хоць і ў іншай форме, але аддае пашану Пану Богу і мае тыя самыя планы і надзеі”.

(Поўны тэкст гаміліі б-па А.Дзям’янкі >>>)

Пасьля літургіі распачалося экуменічнае набажэнства і малітва за еднасьць хрысьціянаў.

Мітрапаліт Кандрусевіч у сваім звароце нагадаў пра нялёгкі лёс першых хрысьціянаў, якія, аднак, «верна і мужна трывалі ў навучаньні апосталаў і супольнасьці, у ламаньні хлеба і малітве». «Гэта быў шлях да вытрываньня і захаваньня сваёй хрысьціянскай адметнасьці, а таксама шлях да нябеснага Ерузалема», — дадаў ярарх.

У той жа час Мітрапаліт Кандрусевіч указаў на адказнасьць саміх хрысьціянаў за існуючыя паміж імі падзелы: «У наш час для рэалізацыі ўзьнёслага заданьня і так жаданага Хрыстом адзінства хрысьціянаў патрэбны рэалістычны позірк на нас саміх, бо мы, як ніхто іншы, найбольш адказныя за працяг разьдзяленьня хрысьціянаў… Таму нам трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства».

(Поўны тэкст прамовы мітрапаліта Т.Кандрусевіча >>> )

Паводле словаў рыма-каталіцкага архіпастыра, «супольнае сьведчаньне, а таксама абарона хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і правоў хрысьціянаў, зьяўляюцца адным з галоўных прынцыпаў, на якіх павінен будавацца шлях да адзінства».

Сваё бачаньне хрысьціянскай еднасьці выказалі і іншыя ўдзельнікі экуменічнага набажэнства.

Архімандрыт Сяргей (Гаек) зьвярнуў увагу ўдзельнікаў набажэнства на тое, што сёньня «мы разьдзяляем хлеб слова Божага», «хлеб вопыту веры» — радаснага, а часта складанага і балеснага. Апостальскі візітатар БГКЦ таксама заклікаў маліцца, каб маглі разам даваць сьведчаньне любові.

«Хрысьціянскае адзінства павінна засноўвацца на любові да Бога, і шлях павінен быць адзіны — служыць Богу, — адзначыў праваслаўны протаярэй Аляксандар Шымбалёў. — У разладзе заўсёды крыецца грэх, гардыня і любоў чалавека да самога сябе. Таму, калі мы будзем любіць Бога і адзін аднаго, так, як нам запаведаў Бог, то ўсе будзем адзіныя».

Біскуп саюза цэркваў евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Аляксандар Фірысюк зьвярнуў увагу на агульныя карані хрысьціянаў: «Аснова еднасьці — гэта ўсьведамленьне таго, што мы дзеці аднаго Айца Нябеснага. Мы верым у Сына Божага Ісуса Хрыста, Збаўцу ўсіх людзей, у нас адна Царква Хрыстовая і адно Валадарства Нябеснае, адна Біблія — слова Божае, адна зямля і адны грахоўныя праблемы людзей, сярод якіх мы жывём і якім імкнёмся служыць. У гэтай духоўнай вайне за выратаваньне людзей мы аб’яднаныя ў арміі Хрыста, хоць і маем розныя традыцыі і абрады».

«Усе нашыя надзеі і ўся наша еднасьць — гэта перш за ўсё Сьвятое Пісаньне. Біблія — гэта слова Божае, гэта слова не чалавечае. Таму, калі мы больш удзяляем увагі чытаньню Сьвятога Пісаньня, мы і больш разумеем адзін аднаго, і любім адзін аднаго», — адзначыў старшыня Біблейскага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Герман Родаў.

Паводле словаў біскупа Самастойнай евангельска-лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіміра Меерсана, крочыць да еднасьці неабходна ў любові да Бога і бліжняга: «Каб дасягнуць Валадарства Нябеснага паводле наказу Ісуса трэба выконваць дзьве запаведзі: любі Бога свайго ўсім сваім сэрцам і бліжняга свайго, як самога сябе. Калі будзем так рабіць, будзем ісьці наперад».

Такім чынам, «трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства».

Паводле Catholic.by

Фотарэпартаж з падзеі можна аглядзець тут >>>

Гл. таксама:
30.01.2015
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
01.07.2014
Знак беларускай прысутнасьці на Сьвятой Зямлі
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі