Пошук
Архіў навін

26.01.2011

Сапраўднае навяртаньне да Хрыста прывядзе да поўнай еднасьці хрысьціянаў


Пра сапраўдане пакаяньне як шлях да еднасьці Царквы Хрыстовай гаварыў Бенядыкт ХVI 23 студзеня 2011 году падчас нядзельнай багародзічнай малітвы “Анёл Гасподні”.

У сваёй прамове да вернікаў на плошчы сьв. Пятра Сьвяты Айцец адзначыў, што тэма Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў у гэтым годзе надзвычай насычаная: «Увесь час яны заставаліся ў навуцы апосталаў, у брацкай супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах» (Дз 2, 42). Гэтая тэма была прапанаваная Цэрквамі і хрысьціянскімі супольнасьцямі Ерусаліма, якія зьядналіся ў «экуменічным духу»: І, як сказаў Папа, гэта вельмі паказальнаа: “Мы ведаем, якія шматлікія выпрабаваньні маюць браты і сёстры на Сьвятой Зямлі і Блізкім Усходзе. Іх служэньне ад гэтага яшчэ больш каштоўнае, яно пацьверджана сьведчаньнем, якое ў некаторых выпадках вядзе нават да ахвяраваньня жыцьця. Таму, з радасьцю прымаючы тэмы для роздумаў, якія прапанавалі Супольнасьці Ерусаліма, зьяднаемся вакол іх і гэта стане для ўсіх вернікаў дадатковым чыньнікам сулучнасьці”.

Бенядыкт XVI падкрэсьліў, што і сёньня, каб быць у сьвеце “знакам і прыладаю шчыльнай лучнасьці з Богам і еднасьці паміж людзьмі”, мы, хрысьціяне павінны будаваць нашае жыцьцё на чатырох “слупах”: на слуханьні Слова Божага, якое перадаецца ў жывой Традыцыі Царквы, на братэрскіх зносінах, на Еўхарыстыі і на малітве. Толькі такім чынам, падкрэсьліў Сьвяты Айцец, застаючыся моцна злучанымі з Хрыстом, Царква можа эфектыўна выконваць сваю місію, нягледзячы на абмежаваньні і недахоп сьвятароў, нягледзячы на падзелы, з якімі ўжо Апосталу Паўлу давялося сутыкнуцца ў супольнасьці Карынту. “Малю вас, браты, — піша сьвяты Павел, — каб усе вы гаварылі адно, і не было паміж вамі падзелаў, а каб вы злучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах” (1 Кар 1,10) “Апостал, сапраўды, даведаўся, што ў хрысьціянскай супольнасьці Карынта ўзьніклі канфлікты і падзелы, таму з вялікай цьвёрдасьцю дадае: “Ці ж разьдзяліўся Хрыстос?” — працягваў Папа. — Так гаворачы, ён сьцвярджае, што кожны падзел у Царкве зьяўляецца зьнявагай Хрыста. І ў той жа час у Ім, Адзіным Найвышэйшым і Госпадзе, мы засўёды можам зноў стаць зьяднанымі, дзякуючы невычэрпнай сіле Ягонай ласкі”.

Таксама Бенядыкт XVI зьвярнуў увагу на заклік Евангельля, які заўсёды актуальны: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Божае” (Мц 4, 17). “Сур’ёзнае імкненьне навярнуцца да Хрыста — вось шлях, які вядзе Царкву да поўнай, бачнай еднасьці хрысьціянаў у часе, выбраным Богам, — сказаў Сьвяты Айцец. — Яго знакам ёсьць экуменічныя сустрэчы, якія ў гэтыя дні праходзяць па ўсім сьвеце”. Рымскі Архірэй нагадаў, што ў Рыме, апрача прысутнасьці падчас Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў шматлікіх экуменічных дэлегацыяў, 24 студзеня 2011 году пачнецца пасяджэньне Камісіі па справах тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Старажытнымі Ўсходнімі Цэрквамі, а 25 студзеня экуменічны тыдзень завершыцца ўрачыстай Вячэрняй ў сьвята Навяртаньня апостала Паўла. Вось жа, будучы вернымі навуцы сьвятога апостала Паўла, мы закліканы пераадольваць “скандал нашых падзелаў і разам несьці пасланьне Ўваскрослага Хрыста” сказаў напрыканцы нядзельнай малітвы на плошчы сьв. Пятра Бенядыкт XVI. Дзеля гэтага, заклікаў Сьвяты Айцец, мы мусім маліцца, каб як найхутчэй надышоў час, калі Царква будзе цалкам адзінай, і няхай нас заўсёды суправаджае на гэтым шляху Дзева Марыя, Маці Царквы.

Паводле http://www.radiovaticana.org/bie і Agnuz

Гл. таксама:
27.01.2017
«Цуд яднаньня распачаўся» — фільм Супольнасьці «Chemin Neuf»
12.02.2016
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра сустрэчу Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы
23.12.2013
Сьвяты Айцец пра заўсёды незадаволеных хрысьціянаў
11.04.2011
Рымскі Архірэй заклікаў сірыйска-малабарскіх ярархаў мацаваць еднасьць