Пошук
Сьвятло Ўсходу
22.06.2014
Апостальскі Візітатар БГКЦ: дыялог ня можа адбывацца праз выключэньне аднаго з партнёраў
 
Экуменічны дыялог сёньня ставіцца на адно з першых месцаў у місіі Царквы. Пра яго шмат гаворыцца і ў рамках яго шмат робіцца. Прыкладам таму нядаўні міжнародны праваслаўна-каталіцкі форум, які праходзіў у Менску 2-6 чэрвеня 2014 году. У яго кулуарах гаварылася ў тым ліку і пра праблемы і перашкоды на шляху да еднасьці паміж праваслаўнымі і католікамі. Апошнія гады ня раз агучвалася меркаваньне, што гэтаму працэсу перашкаджае фактар існаваньня і дзейнасьць Грэка-Каталіцкай Царквы. Што пра гэта думаюць самі грэка-католікі, якія душпастырскія мэты яны ставяць перад сабой, як сябе адчуваюць на полі экуменічных працэсаў — пра гэта размова ў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам).
 
— Ойча, давайце пачнем з радаснага. Сёлета Грэка-Каталіцкую Царкву ў Беларусі чакаюць юбілеі, зьвязаныя з Вашымі папярэднікамі...
 
— Сапраўды, сёлета мы адзначаем 55-годдзе з дня сьмерці Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі ў міжваенны час блаславёнага Ўладыкі Мікалая Чарнецкага. (17 верасьня 1939 году быў заснаваны Беларускі экзархат ГКЦ і біскуп Мікалай Чарнецкі быў прызначаны часовым кіраўніком экзархату, а праз год, 17 кастрычніка 1940 году, першым беларускім экзархам стаў езуіт а. Антон Неманцэвіч, які загінуў ў менскай вязьніцы СД у 1943-м. — Заўв. рэд. “Царквы”.)
Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Фота М. Волкава.
Ён памёр у 1959 годзе. У наступным годзе Сьвяты Айцец Ян ХХІІІ прызначыў біскупа Часлава Сіповіча Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі. Вядома, гэта было магчыма толькі ў эміграцыі. У гэтым годзе як раз спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня біскупа Часлава Сіповіча. Мы падзялілі сьвяткаваньне на дзьве часткі. У дзень літургічнага ўспаміну блаславёнага Мікалая Чарнецкага 27 чэрвеня мы адзначым 55-годдзе з дня яго сьмерці. А ў канцы жніўня будзем сьвяткаваць 100-годдзе з дня нараджэньня ўладыкі Сіповіча. Мы зробім гэта разам з Біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам у Друі. Такім чынам, другая частка нашых сьвяткаваньняў юбілею Ўладыкі Сіповіча будзе сумесна з рыма-католікамі. На самой справе, гэта быў першы беларускі біскуп з часу ліквідацыі Уніі ў 1839 годзе. Вядома, сьвяткаваньне азначае асэнсаваньне іх вялікай спадчыны, подзьвігу веры, любові, надзеі.
 
— Ойча, гэта сапраўды выдатныя постаці і яны сьведчаць яшчэ і пра тое, што грэка-католікі былі прысутныя ў Беларусі. Скажыце, калі ласка, у ментальнсьці нашай, беларускай, паспалітай, фактар прысутнасьці грэка-католікаў у Беларусі, на Вашую думку, на сёньняшні дзень гэта — заканамернасьць ці зьява, да якой многія яшчэ не прызвычаіліся?
 
— Мы жывём у Беларусі постсавецкай, і ёсьць шмат людзей, якія нічога ня ведалі пра Цэрквы яшчэ 20-30 гадоў таму. Тым больш, назва “грэка-католікі” у нас была прынята ў часы перабудовы. Да вайны мы насілі імя “уніяты” або “католікі ўсходняга абраду”. Таму, магчыма, шмат хто яшчэ ня ведае пра нас. Але мы заўсёды былі прысутная ў гісторыі хрысьціянства ў Беларусі, асабліва, пачынаючы ад Берасьцейскай Уніі 1596 году да яе ліквідацыі ў 1839 годзе. Але міжваенны час, гэта быў час прабуджэньня “з нізоў”, прыходу людзей з уніяцкімі каранямі, якія доўгі час ня мелі магчымасьці нармальнага літургічнага жыцьця. Хтосьці быў у праваслаўных парафіях, сілай туды загнаны, хтосьці наведваў рыма-каталіцкія храмы. Таму ў міжваенны час адбывалася аднаўленьне нашых структураў, але гэта быў толькі першы крок. Пасьля прыйшоў час савецкі. І толькі 25 гадоў таму мы змаглі адкрыта пачаць нашую душпастырскую працу. Магчыма, яна яшчэ ня надта дынамічная, таму хтосьці яшчэ можа пра нашую дзейнасьць ня ведаць.
 
— Для некаторых фактар існаваньня грэка-католікаў зьяўляецца перашкодай ня толькі для адзінства, але нават для кантактаў паміж праваслаўнымі і католікамі. Аб гэтым заяўляецца шмат, асабліва апошнім часам. Што можна адказаць на такія прэтэнзіі, на такога роду меркаваньне?
 
— Перш за ўсё, калі мы хочам дыялогу, цяжка думаць пра яго метадам выключэньня аднаго з партнёраў. І, вядома, ёсьць такія заявы, нават некаторых высокапастаўленых асобаў. Але, слава Богу, ёсьць праваслаўныя, і я іх часта сустракаю і ў Беларусі, і ў Маскве, якія разумеюць шматвяковае існаваньне грэка-католікаў. І яны больш схільныя да таго, каб знайсьці спосабы сумеснага суіснаваньня або супрацоўніцтва, калі ўжо не ў рэлігійнай сферы, то ў сацыяльнай. І мы таксама працуем з свайго боку. Таму, кожны можа мець свае думкі, але мы ў Беларусі знаходзім дастаткова месца для нашай працы. Калі можна штосьці зрабіць разам з праваслаўнымі, напрыклад, паехаць у Тэзэ з моладдзю — гэта ўжо таксама не дрэнна. Маем такія факты, калі так званая праваслаўная моладзь, зусім не ўцаркоўленая, паехала з нашай групай туды, вярнулася і пайшла ўпершы раз да споведзі... ў праваслаўны храм, не да нас. Бо мы не займаемся нейкай “агітацыяй”, проста шукаем супрацоўніцтва.
 
Гэта вельмі добра разумеў Мітрапаліт Філарэт, з якім я сустракаўся шматразова, і афіцыйна, і неафіцыйна. На прыёме на заканчэньне нядаўняга каталіцка-праваслаўнага форуму ў Менску, у якім я ня ўдзельнічаў, бо быў за мяжой, у мяне была магчымасьць сустрэць Мітрапаліта Паўла. Мы абмяняліся дастаткова цёплымі думкамі і ўзгадалі яго служэньне і маю прысутнасьць у 1980-х гадах яшчэ ў Ерусаліме. Заўжды можна знайсьці нейкія сумесныя кропкі для кантактаў.
 
— Гэта значыць, Вы лічыце, што сумесныя кантакты, узаемаразуменьне пачынаецца з нейкіх асабістых рэчаў, асаьістага стаўленьня, асабістых кантактаў, і наадварот, калі існуе нейкая непрыязьнь або неразуменьне, то гэта таксама нейкі асабісты асьпект?
 
— Вельмі часта гэты асабісты асьпект уваходзіць у рахунак. На самой справе каталіцка-праваслаўны форум ня быў форум багаслоўскіх дыскусіяў. Гэта была сяброўская сустрэча, размовы на тэму: як мы – хрысьціяне – можам разам сьведчыць пра каштоўнасьці і Хрыста ў секулярнай Еўропе. І гэта вельмі каштоўная рэч. Вядома, на такіх спатканьнях гучаць розныя думкі, але гэта якраз матэрыял для непрадузятага абмеркаваньня ў пошуку сяброўства. Ужо само сяброўства шмат хто лічыць экуменічнай каштоўнасьцю.
 
— Ойча, давайце паглядзім з іншага боку, зададзім пытаньне ў адваротным напрамку: як грэка-католікі могуць спрычыніцца да экуменічнага дыялогу, да дасягненьня адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі? Што грэка-католікі могуць унесьці ў гэты дыялог?
 
— На самой справе гэта вельмі шырокая тэматыка, але я згодны з духам досьведу Тэзэ, дзе гаворыцца ня столькі пра адзінства, колькі пра прымірэньне. Напэўна таму, што мы розныя, мы маем задачу прымірыцца ў Хрысьце. І гэтае прымірэньне або паяднаньне маем прапанаваць хрысьціянам розных напрамкаў. З другога боку, мы, як католікі ўсходняга абраду, зьяўляемся часткай Паўсюднай Царквы, разам з нашымі рыма-каталіцкімі братамі. І з імі мы можам мець поўную сулучнасьць у еўхарыстычных сакрамэнтах. Гэта значыць, для рыма-католікаў, якія часам наведваюць нашыя богаслужэньні, гэта магчымасьць поўнага ўдзелу ў нашай духоўнай спадчыне. І гэта тое, што мы робім на дадзены момант. Напэўна, прыдуць новыя крокі, чарговыя нейкія праграмы, але якраз важна прымірэньне і стварэньне духа ўзаемаразуменьня, а таксама прысутнасьць усходняй традыцыі ў рамках Паўсюднай (Каталіцкай) Царквы.
 
— Вы некалькі дзён таму сустракаліся з кардыналам Леанарда Сандры, Прэфектам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Аб чым вы размаўлялі? Ці не плануе ён наведаць Беларусь, наведаць вашыя структуры і парафіі як ваш вярхоўны ярарх?
 
— Сапраўды, мы лічым яго нашым вярхоўным ярархам, паколькі Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі застаецца ў юрысдыкцыі Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. І мы памятаем самы першы візіт ватыканскага кардынала ў Беларусь — кардынала Акіле Сільвестрыні. Насамрэч, кардынал Сандры ўжо некалькі разоў гаварыў, што хацеў бы наведаць Беларусь. Не плануецца гэта зрабіць у бліжэйшыя тыдні, але мы за гэта молімся і якраз размаўляем з ім пра праблематыку, якой мы жывем сёньня. Адзначу яго прывітаньне, скіраванае да нашых сьвятароў, што змагаюцца “на першай лініі фронту” сваёй душпастырскай працай. Заўважу: змагаюцца ня з кімсьці, а за Евангельле ў жыцьці грамадзтва і, натуральна, за больш рэгулярнае жыцьцё нашых парафіяў. Яго блаславеньне і зацікаўленасьць нашай працай вельмі каштоўныя. Спадзяемся, што гэты візіт набліжаецца. Калі ж адбудзецца — пра гэта, натуральна, я ня ведаю.
 
— Ойча, жадаю посьпехаў у вашай душпастырскай працы. Таксама жадаю таго, што для вас грае не апошнюю ролю — разуменьня з боку іншых вашай місіі па будаваньні Царквы і асягненьні адзінства паміж католікамі і праваслаўнымі.
 
— Дзякуй вялікі Вам і Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, якая нам у гэтым дапамагае.
 
Размаўляў кс. Аляксандар Амяльчэня.
Гл. таксама:
02.11.2014
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў: разьдзяленьне Царквы Хрыстовай — анамалія, якую нельга лічыць нормай жыцьця
31.10.2014
Усходнія Каталіцкія Цэрквы павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу праўды і любові
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
06.07.2014
У Хайфе ўшанавалі памяць блаславёнага Мікалая (Чарнецкага)
04.07.2012
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай