Пошук
Сьвятло Ўсходу
11.12.2014
Сьвяты Дух перамагае рознагалосьсі і будуе еднасьць
 
Захоўваць і абараняць царкоўную еднасьць — дар Сьвятога Духа, Які яднае шматлікіх вернікаў у адзінае цела, цела Хрыста заклікаў вернікаў Папа Францішак 29 лістапада 2014 году падчас Сьвятой Імшы ў каталіцкай катэдры Стамбула. Разам з Сьвятым Айцом тады маліліся праваслаўны Патрыярх Барталамей I, а таксама духаваенства і вернікі чатырох каталіцкіх абрадаў і прадстаўнікі іншых хрысьціянскіх Цэркваў Турцыі.
 
У сваім казаньні Сьвяты Айцец Францішак асабліва падкрэсьліў, што ўсё жыцьцё і місія Царквы залежаць ад дзеі Сьвятога Духа: «Мы молімся, таму што Сьвяты Дух натхняе сэрца на малітву. Мы вырываемся з заганнага кола эгаізму, адыходзім ад саміх сябе і набліжаемся да іншых, каб сустрэць іх, выслухаць і дапамагчы, бо да гэтага нас прыводзіць Дух Божы.
Папа Францішак з прадстаўнікамі хрысьціянскіх Цэркваў Турцыі падчас сьв. Імшы ў каталіцкай катэдры ў Стамбуле 29.11.2014. (Фота: Filippo Monteforte/AFP/Getty Images).
Мы выяўляем дзіўную здольнасьць прабачаць і любіць тых, хто нас ня любіць, таму што нас вядзе за Сабой Сьвяты Дух. Калі мы ідзём далей за ветлівыя словы і зьвяртаемся да братоў з пяшчотай, якая сагравае сэрцы, гэта, безумоўна, азначае, што нас дакрануўся Сьвяты Дух».
 
Розныя харызмы ў Царкве — гэта велізарнае багацьце, падкрэсьліў Рымскі Архірэй, таму што «Сьвяты Дух зьяўляецца Духам еднасьці, якая ня ёсьць аднастайнасьцю»:
 
«Толькі Сьвяты Дух можа спрычыніцца да разнастайнасьці і множнасьці і ў той жа час паспрыяць еднасьці. Калі ж ад нас зыходзіць жаданьне разнастайнасьці і мы замыкаемся ў нашай адасобленасьці і выключнасьці, тады мы спрычыняемся да падзелу. Калі ад нас зыходзіць жаданьне пабудаваць еднасьць паводле чалавечых мерак, у выніку мы прыносім аднастайнасьць і стандартызацыю. Калі ж мы дазваляем весьці сябе Сьвятому Духу, тое багацьце, адрозьненьне і разнастайнасьць ніколі не ператворацца ў канфлікт, таму што Сьвяты Дух заклікае нас жыць разнастайнасьцю ў еднасьці Царквы».
 
Сьвяты Дух гарманізуе мноства дароў і будуе еднасьць Царквы ў веры, любові і ўнутранай згуртаванасьці. Царква і царкоўныя супольнасьці пакліканы кіравацца Сьвятым Духам, ахінаючыся ў адкрытасьць, пакору і паслушэнства, адзначыў Папа Францішак. Аднак існуе спакуса супрацівіцца Сьвятому Духу, Які «заўсёды падштурхоўвае і заахвочвае Царкву крочыць наперад», таму што заўсёды «больш проста і зручна заняць статычнае і нязьменнае становішча»: «На самай справе Царква выяўляе вернасьць Сьвятому Духу настолькі, наколькі не прэтэндуе кіраваць Ім і прыручаць Яго. Царква верная Сьвятому Духу, калі яна пазьбягае спакусы глядзець на самую сябе. Мы, хрысьціяне, становімся сапраўднымі вучнямі-місіянерамі, здольнымі дакрануцца да чалавечага сумленьня, калі мы адмаўляемся ад абарончага стылю на карысьць кіраваньня Сьвятым Духам. Ён — гэта сьвежасьць, імправізацыя, навізна».
 
Такія «ахоўныя механізмы», калі апораю нам выключна ўласныя ідэі і сілы, пазіцыі амбіцыяў і ганарыстасьці замінаюць разуменьню іншых і адкрытасьці на дыялог з імі, падкрэсьліў Сьвяты Айцец Францішак. Царква прымае агонь Сьвятога Духа, які палае ў сэрцах, яна напаўняецца подыхам Сьвятога Духу, Які ставіць чалавека на служэньне любові — мовы, зразумелай кожнаму:
 
«Чым больш мы будзем пакорліва кіравацца Духам Госпада на нашым шляху веры і братэрскага жыцьця, тым лягчэй мы зможам пераадолець неразуменьне, рознагалосьсі і спрэчкі і станем надзейным знакам еднасьці і міру. Відочным знакам таго, што наш Госпад уваскрос, што Ён жывы».
 
Паводле Расейскай службы Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
17.03.2018
5 гадоў з Папам Францішкам: статыстыка і адметнасьці пантыфікату
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
27.11.2014
Барталамей I перад сустрэчай з Францішкам: поўная еднасьць усё больш рэальная
11.04.2011
Рымскі Архірэй заклікаў сірыйска-малабарскіх ярархаў мацаваць еднасьць