Пошук
Сьвятло Ўсходу
16.09.2015
Як разьвіваўся беларускі біблійны пераклад?
 
Улетку госьцем Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны ў Лондане быў ксёндз Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі Сьвятой Тройцы ў мястэчку Друя, што на мяжы з Латвіяй. Ксёндз Сурыновіч — біблеіст, вядомы сваімі дасьледаваньнямі ў галіне біблійных перакладаў, а таксама публіцыст і паэт. Мы распыталі яго пра мэты візіту і яго вынікі. Яго адказы зьдзівілі і парадавалі.
 
Айцец Сяргей Сурыновіч у Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.
— У Лондане я ўжо другі раз. Летась выступіў тут з дакладам для суайчыньнікаў пра беларускія пераклады Бібліі ў ХХ стагоддзі. Яшчэ да прыезду я чуў пра бібліятэку і нават карыстаўся яе матэрыяламі, якія для мяне капіявалі іншыя карыстальнікі Скарынаўкі. А калі дабраўся да Лондану сам, то зразумеў, што тут ёсьць больш, чым я нават чакаў знайсьці. Напрыклад, я натрапіў на перапіску перакладчыка Бібліі Янкі Станкевіча з біскупам Чэславам Сіповічам, у якой яны абмяркоўвалі метадалогію біблійнага перакладу і беларускую біблійную лексіку. Сярод тых лістоў ёсьць адзін, дзе Станкевіч, магчыма, упершыню, выкладае свае прынцыпы словаўтварэньня. Яго мова арыгінальная, часам яе называюць метамовай. І вось у гэтым лісьце можна ад самога аўтара даведацца пра метадалагічныя прынцыпы, якімі ён карыстаўся. Лісты чакаюць свайго дасьледчыка, яны будуць выдатным матэрыялам для цікавай навуковай працы таму, хто возьмецца іх прааналізаваць. Найперш, бадай, гэта праца для лінгвіста, а не біблеіста.
 
Навучаны досьведам, гэтым разам я прыехаў з чаканьнем адкрыцьця — з эмоцыямі, з якімі, мабыць, выпраўляўся Калумб у сваё падарожжа. І мае чаканьні спраўдзіліся. Я знайшоў машынапіс перакладу Новага Запавету (акрамя першых пяці кніг) кс. Чарняўскага. Гэты тэкст і раней быў даступны ў інтэрнэце, пазначаны як арыгінал, але калі я параўнаў тэксты, то аказалася, што яны трошкі розьняцца. Той, хто выставіў тэкст у інтэрнэт, папярэдне адрэдагаваў яго. У Скарынаўцы ж можна пабачыць пераклад такім, якім зрабіў яго сам аўтар.
 
У ХХ стагоддзі наша традыцыя біблійных пракладаў разьвівалася вельмі бурліва. Усё, напэўна, пачыналася ад 1912 году, ад перакладаў евангельскіх урыўкаў і казаньняў Ільдэфонса Бобіча. Да Другой сусьветнай вайны было багата зацікаўленасьці ў перакладах у пратэстанцкім асяродку (Лукаш Дзекуць-Малей), таксама сярод каталікоў (Адам Станкевіч, Ільдэфонс Бобіч, Вінцэнт Гадлеўскі). Пасьля ж вайны ў Беларусі ўтварылася пройма, біблійнае маўчаньне, якое трывала, аж пакуль кс. Уладзіслаў Чарняўскі не пачаў рабіць свой пераклад. Гэты перыяд 1940-60-х гадоў, калі біблеісты Беларусі маўчалі, быў цалкам плённы для нашай дыяспары. Сьвятары Леў Гарошка і Язэп Германовіч рабілі пераклады ў Лондане, кс. Пётра Татарыновіч працаваў у Рыме, у ЗША — Янка Станкевіч, перакладалі таксама Ян Пятроўскі і Леанід Галяк. Гэтая традыцыя была працягнутая ў 1970-ыя перакладамі Клышкі і Сёмухі, а пазьней — працай літургічных камісій Цэркваў у Беларусі.
 
Часам ствараецца ўражаньне, што беларускія перакладчыкі і біблеісты перакананыя, што пачынаюць працу на пустым месцы, а гэта вялікая памылка. Каб новы, сучасны пераклад Бібліі адгукнуўся на патрэбы сучасьнікаў, трэба ўлічыць усе папярэднія спробы і будаваць яго не толькі на дасягненьнях сучаснага навуковага сьвету — што, безумоўна, вельмі важна, — але і на спадчыне папярэднікаў. Нават калі гэта быў пераклад усяго толькі адной кнігі — гэта досьвед, варты вывучэньня. А такіх перакладчыкаў у ХХ стагоддзі набіраецца амаль два дзясяткі. Гэта, дарэчы, шмат, асабліва ў параўнаньні з нашымі суседзямі: у тых жа літоўцаў і палякаў вопыт біблійнага перакладу ў мінулым стагоддзі меншы, чым у беларусаў. На жаль, большасьць перакладаў былі забытыя або праігнараваныя, таму дагэтуль недастаткова ўведзеныя ў навуковы ўжытак.
 
Аднак трэба аддаць належнае і таму факту, што ўжо не адзінкі працуюць над вяртаньнем нашай біблійнай спадчыны — цяпер гэта ўжо сапраўдны працэс. Усіх намаганьняў тут не пералічыш, агучу два праекты, да якіх я маю дачыненьне. У 2004 годзе я сабраў валанцёраў у розных месцах Беларусі, і мы чатыры гады аблічбоўвалі, вычытвалі і набіралі вядомыя нам тады тэксты біблійных перакладаў. Вынікі гэтай працы даступныя на сайце «Часасловец» а. Аляксандра Аўдзеюка, які таксама зрабіў вялікую працу па аблічбаваньні тэкстаў і склаў бібліяграфіі перакладчыкаў. На аснове гэтых тэкстаў я цяпер рыхтую слоўнік уласных імёнаў і геаграфічных назваў Новага Запавету. Ён будзе таксама ўключаць сімфонію па перакладчыках, каб лёгка было пабачыць, як розныя аўтары перакладалі гэтае лексічнае кола. Гэта стане дапаможным матэрыялам для будучых перакладчыкаў, каб цяпер ужо не пачынаць усё з нуля.
 
І хоць такіх прыкладаў можна падаць нямала, усё ж гісторыя і традыцыя беларускіх біблійных перакладаў — дагэтуль толькі часткова распрацаваная тэма. Тут не аднаму дасьледчыку ёсьць што пашукаць, пачытаць і прааналізаваць. Скарынаўская бібліятэка заўсёды будзе ключавой установай для такіх дасьледаваньняў, яна — перліна ў мазаіцы беларускай біблеістыкі, цэлы пласт якой захаваўся тут: выданьні Бобіча, Гадлеўскага, Татарыновіча, рукапісы Галяка, Станкевіча, Пятроўскага. Нават ранейшыя выданьні Дзекуць-Малея, якія не захавалася ў Беларусі. Бібліятэка ўнікальная: як толькі пачынаеш нешта шукаць тут, натыкаешся на нечаканыя матэрыялы з самых розных галінаў. Будзе цудоўна, калі Скарынаўка зможа і далей разьвіваць кантакты з установамі і дасьледчыкамі ў Беларусі, каб уводзіць нашыя скарбы ў агульнабеларускі дыскурс.
 
Запісаў Ігар Іваноў.
Budzma.by
Гл. таксама:
05.07.2017
Жыць у еднасьці паводле Слова Божага
01.11.2014
Прэзентацыя кнігі Аляксандра Надсана — пісьменьніка і сьвятара — адбылася ў Менску
21.09.2013
Сьвятар, які сьведчыць любоў да Бога і Бацькаўшчыны
08.08.2011
Айцец Аляксандар Надсан: Скарынаўская бібліятэка павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-інстытута
13.06.2011
Летнік “На шляху да беларускай Бібліі”