Пошук
Сьвятло Ўсходу
17.02.2016
Папа Рымскі і Патрыярх Маскоўскі падпісалі сумесную дэкларацыю
 
12 лютага 2016 году на Кубе ў Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў Гаване адбылася сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, якая, безумоўна, стане знакавай падзеяй у гісторыі дачыненьняў першаярархаў Каталіцкай Царквы і Расейскай Праваслаўнай Царквы, бо адбылася ўпершыню за многія стагоддзі.
 
Як паведамляюць СМІ, дэлегацыя Патрыярха Кірылы налічвала прыкладна 100 чалавек. Папу Францішка ў сваю чаргу, суправаджала таксама вялікая дэлегацыя каталіцкіх ярархаў на чале з Дзяржаўным Сакратаром Яго Сьвятасьці кардыналам П’етра Паралінам.
 
Многія зьвярнулі ўвагу, што гэтая сустрэча адбывалася ў аэрапорце — па-за межамі культавай прасторы, і ніякай, нават кароткай сумеснай малітвы першаярархаў не планавалася. Гэтак пажадаў праваслаўны бок. Тым ня менш, падчас гэтай сустрэчы зьверхнікі двух вялікіх сусьветных канфесіяў прывіталі адзін аднаго трохразовым хрысьціянскім пацалункам.
 
На пачатку адбылася 10-хвілінная публічная размова Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы з дапамогай перакладчыкаў, на якой маглі прысутнічаць журналісты і з якой вялася відэатрансьляцыя.
 
Прыватная размова першаярархаў за зачыненымі дзьвярыма працягвалася трохі больш за дзьве гадзіны. На ёй, акрамя перакладчыкаў, прысутнічалі толькі старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох і старшыня Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён (Алфееў).
 
Пасьля перамоваў і падпісаньня сумеснай дэкларацыі Папа Францішак і Патрыярх Кірыла выйшлі да прэсы і сваіх дэлегацыяў і выступілі з кароткімі прамовамі.
 
Патрыярх Кірыла так пракаментаваў ход сустрэчы: «Мы правялі дзьве гадзіны ў адкрытай брацкай дыскусіі пра будучыню хрысьціянаў і чалавечай цывілізацыі. Гэта была зьмястоўная размова, якая дала нам магчымасьць адчуць адзін аднаго і задэклараваць, што сёньня дзьве Царквы могуць сумесна працаваць, абараняючы хрысьціянаў усяго сьвету, працаваць разам, каб не было вайны, каб усюды паважалася жыцьцё чалавека, каб умацоўваліся сямейныя каштоўнасьці і асновы маралі , каб праслаўлялася імя Айца, і Cына, і Сьвятога Духа».
 
Папа, у сваю чаргу, адзначыў: «Мы гаварылі як браты, таму што мы маем тую самую веру. Я запэўніваю, што ў гэтым дыялогу я адчуваў Духа Сьвятога. Я ўдзячны Яго Сьвятасьці за намаганьні ў пошуку агульнага яднаньня. Мы абмеркавалі шэраг ініцыятываў, якія можна будзе ажыцьцявіць».
 
Па выніках сустрэчы, якую многія аглядальнікі назвалі нават «сустрэчай тысячагоддзя», Папа Францішак і Патрыярх Кірыла падпісалі сумесную дэкларацыю Каталіцкай Царквы і Расейскай Праваслаўнай Царквы, якая ўтрымлівае 30 пунктаў. Увага і клопат першаярархаў у гэтым дакуменце сканцэнтраваны вакол розных маральна-этычных праблемаў, якія паўстаюць у сучасным сьвеце, іх моцна хвалюе становішча хрысьціянаў на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах сьвету (у пунктах 26 і 27 гаворка ідзе таксама пра супрацьстаяньне ва Ўкраіне).
 
Асноўныя тэзы падпісанай Папам Францішкам і Патрыярхам Кірылам дэкларацыі наступныя:
— падзяка Богу за магчымасьць сустрэцца і размаўляць «вуснамі ў вусны», абмяркоўваючы праблемы стасункаў паміж Цэрквамі і надзённыя праблемы паствы ды ўсёй чалавечай цывілізацыі;
— католікі і праваслаўныя не супернікі, а браты, якіх яднае агульная духоўная спадчына першага тысячагоддзя хрысьціянства і шматлікія мучанікі;
— узаемнае шкадаваньне і смутак з прычыны страты еднасьці Царквы ў выніку чалавечай слабасьці і грахоўнасьці, якія выявіліся ў розных канфліктах;
— спадзяваньне, што сустрэча паспрыяе пераадоленьню шматлікіх перашкодаў на шляху да еднасьці і прымірэньню паміж католікамі і праваслаўнымі, каб сумесна сьведчыць Хрыста;
— заклік да міжнароднай супольнасьці неадкладна прыняць усе магчымыя захады, каб спыніць гвалт і абараніць хрысьціянаў на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе масава вынішчаюцца хрысьціяне, разбураюцца іх храмы, а мільёны людзей застаюцца бяз сродкаў да існаваньня і вымушаныя шукаць прытулку ў іншых краінах;
— у цяперашні час неабходны міжрэлігійны дыялог, трэба выхоўваць павагу да іншых рэлігійных вераваньняў, за што нясуць адказнасьць рэлігійныя лідары і абсалютна недапушчальным ёсьць выкарыстаньне рэлігійных лозунгаў для апраўданьня злачынных дзеяньняў;
— клопат пра людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы і вымушаныя жыць ва ўмовах скрайняй нястачы;
— хрысьціяне Еўропы і ўсяго сьвету павінны аб’яднаць намаганьні для захаваньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і сумеснага сьведчаньня пра каштоўнасьць сям’і і чалавечага жыцьця;
— асуджэньне «уніятызму» як састарэлага і непрыдатнага сёньня метаду аднаўленьня еднасьці хрысьціянаў, пры якім нейкая супольнасьць далучаецца шляхам адрыву ад сваёй Царквы;
— смутак з прычыны супрацьстаяньня ва Ўкраіне, якое забрала жыцьці многіх людзей і прынесла шматлікія цярпеньні мірным людзям, а грамадзтва прывяло да глыбокага эканамічнага і гуманітарнага крызісу;
— заклік да ўсіх бакоў канфлікту, каб імкнуліся да паразуменьня, а Цэрквы ва Ўкраіне працавалі для дасягненьня грамадзкай згоды, устрымліваліся ад удзелу ў сутычках і не падтрымлівалі далейшае паглыбленьне канфлікту.
 
Падчас сустрэчы духоўныя лідары абмяняліся сымбалічнымі падарункамі. Папа Рымскі Францішак перадаў у дар Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу рэліквію яго нябеснага заступніка сьв. Кірылы, асьветніка славянаў, які пахаваны ў крыпце каталіцкай базылікі сьв. Клімента ў Рыме, а таксама чашу.
 
Патрыярх Кірыла ў сваю чаргу падарыў Папу Францішку копію іконы Казанскай Божай Маці і кнігу «Свабода і адказнасьць».
 
Каментуючы пасьля сустрэчы ў Гаване дэкларацыю, падпісаную сумесна з Патрыярхам Кірылам, Францішак заўважыў, што будзе шмат інтэрпрытацыяў гэтага дакументу. «Але гэта не палітычная ці сацыялагічная дэкларацыя: гэта пастырскі зварот, нават калі ў ім гаворыцца пра секулярызм і такія ясныя рэчы, як біягенетычныя маніпуляцыі і іншыя падобныя справы. Дэкларцыя — пастырская: двух біскупаў, якія сустрэліся з сваімі пастырскімі клопатамі», — дадаў ён.
 
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыла стаў першым патрыярхам у гісторыі Расейскай Праваслаўнай Царквы, які сустрэўся з папам Рымскім асабіста. Але першым зьверхнікам Маскоўскай Царквы, які сустрэўся з папам Рымскім, быў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі (у тым ліку і Маскоўскай) Ісідар. Гэта адбылося яшчэ ў 1438 годзе ў Фларэнцыі, дзе была падпісана царкоўная унія.
 
Варта адзначыць, што ў адрозьненьне ад праваслаўных зьверхнікаў Маскоўскага патрыярхату іншыя праваслаўныя першаярархі, найперш Канстанцінопальскі патрыярх, у апошнія дзесяцігоддзі рэгулярна сустракаюцца з Рымскім Архірэем. Па-сапраўднаму знакавай і гістарычнай стала сустрэча ў 1964 годзе ў Ерусаліме Папы Рымскага Паўла VI і Патрыярха Канстанцінопальскага Атэнагора, калі былі адмененыя ўзаемныя анафемы, якія існавалі з 1054 году.
 
Рымскія Архірэі даўно выказвалі гатоўнасьць сустрэцца са зьверхнікам Расейскай Праваслаўнай Царквы, толькі для гэтага не было згоды саміх праваслаўных, якія ўвесь час знаходзілі розныя перашкоды для такой сустрэчы.
 
Пасьля II Ватыканскага сабору ўся дзейнасьць Рымскіх Архірэяў і Каталіцкай Царквы кіруецца духам гэтага сабору, у дакументах якога гучыць заклік да сумеснага пераадоленьня розных гістарычных падзелаў, для пошуку шляхоў да еднасьці з усімі аддзеленымі братамі-хрысьціянамі. З тых часоў гэтая лінія на адкрытасьць на хрысьціянскі Ўсход і братоў-праваслаўных не залежала ад асабістых поглядаў канкрэтных папаў ці ад палітычнай кан’юнктуры, а была прынцыповай пазіцыяй Каталіцкай Царквы, якая аказвала нямалую дабрачынную дапамогу для адраджэньня праваслаўных Цэркваў ва Ўсходняй Еўропе. Папы Яна Павел II, Бенядыкт XVI, Францішак ня раз заяўлялі пра сваю гатовасьць да сустрэчы без усякіх папярэдніх умоваў з Маскоўскім патрыярхам. Варта дадаць, што тытул Папы Рымскага на лацінскай мове «pontifex» азначае «будаўнік мастоў».
 
Пагадзіўшыся на сустрэчу з Патрыярхам Кірылам на Кубе, Папа Францішак тым самым засьведчыў адкрытасьць і прынцыповасьць пазіцыі Каталіцкай Царквы, якая не залежыць ад палітычнай кан’юнктуры.
 
Сустрэча Рымскага Архірэя і Патрыярха Маскоўскага — гэта знак надзеі найперш для ўсіх людзей добрай волі — праваслаўных і католікаў ды ўсіх, хто прагне аднаўленьня еднасьці хрысьціянаў. Ці стане гэтая сустрэча сапраўды гістарычнай, паваротнай падзеяй у дачыненьнях Расейскай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкай Царквы — пакажа час. Каб гэтыя прыгожыя словы аб братэрстве і жаданьні сумесна працаваць дзеля сумеснага сьведчаньня Хрыста і Евангельля не засталіся адно папяровай дэкларацыяй, шмат залежыць найперш ад Расейскай Праваслаўнай Царквы, яе зьверхнікаў і сьвятароў, якім належыць данесьці гэта да сваёй паствы і зьмяніць часта вельмі прадузятае і нават варожае стаўленьне вернікаў РПЦ да католікаў, і асабліва да грэка-католікаў.
Гл. таксама:
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня
12.02.2016
Прадстаўнік Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў пра сустрэчу Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы
11.04.2011
Рымскі Архірэй заклікаў сірыйска-малабарскіх ярархаў мацаваць еднасьць
26.01.2011
Сапраўднае навяртаньне да Хрыста прывядзе да поўнай еднасьці хрысьціянаў