Пошук
Сьвятло Ўсходу
25.07.2016
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
 
Урачыстай Боскай Літургіяй у Полацку, перад храмам сьв. Параскевы Полацкай, 17 ліпеня 2016 году завершылася ХХІІ грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебску ў Полацак.
 
На яе завяршэньне ў старажытны Полацак сабралося каля сотні грэка-католікаў з усёй Беларусі, а таксама госьці з-за мяжы. Большую частку прысутных вернікаў склалі ўдзельнікі пілігрымкі, якія ішлі пяць дзён і скончылі сваё падарожжа ў суботу, 16 ліпеня, малітвай каля муроў полацкай Сафіі. Астатнія прыехалі ў Полацак на наступны дзень уранку.
 
Па традыцыі пілігрымка пачалася малебнам на Ўсьпенскай горцы ў Віцебску — месцы трагічнай сьмерці сьвятамучаніка Язафата. З Віцебску 12 ліпеня ў пілігрымку ў памяць Полацкіх мучанікаў-базыльянаў выправіліся каля паўсотні пераважна маладых вернікаў. Але ў наступныя дні колькасьць удзельнікаў пілігрымкі паступова павялічвалася.
 
Сёлета пілігрымы крочылі ў майках, на якіх былі даты «1596-2016» і надпісы «Веру ў адзіную Царкву» (такі быў дэвіз пілігрымкі) — у памяць пра 420-я ўгодкі абвяшчэньня Берасьцейскай царкоўнай уніі.
 
Еднасьць, адзінства Царквы і спадчына беларускага асьветніка і першадрукара Францішка Скарыны — гэта былі тыя асноўныя тэмы, над якімі разважалі на сваім шляху ў Полацак пілігрымы.
 
Грэка-каталіцкі сьвятар з Менску а. Яўген Усошын у інтэрв’ю Сatholic.by адзначыў: «Грэка-Каталіцкая Царква (называная даўней Грэка-Уніяцкай Царквой) — гэта не Царква, якая нарадзілася 420 гадоў таму, у 1596 годзе, на саборы ў Берасьці. Гэта Царква, у якой «сканцэнтраваліся» ўсе ранейшыя намаганьні дзеля аднаўленьня еднасьці паміж хрысьціянамі ўсходняй традыцыі на нашых землях і Рымскім Апостальскім Пасадам.
 
Францішак Скарына ведаў пра ранейшыя уніі — між іншым пра Фларэнцкую — і жыў «духам адзінства»; вучыўся ў Полацку ў школе манахаў-бернардынцаў.
 
Уся праца Францішка Скарыны ўпісваецца у гэты шлях «аднаўленьня еднасьці». У ягонай «Падарожнай кніжцы» знаходзім складзены ім «Акафіст сьвятым Вярхоўным Апосталам Пятру і Паўлу» — увесь у духу адзінства Ўсходу і Захаду. Таму для нас важная духоўная спадчына гэтага вялікага беларускага хрысьціяніна. Да гэтай спадчыны мы зьвяртаемся ў час пілігрымкі ў гэтым годзе».
 
Старажытны духоўны цэнтар Беларусі — горад Францішка Скарыны, сьвятой Еўфрасіньні, Асьветніцы Беларусі, Сімяона Полацкага, сьвятамучаніка Язафата і Полацкіх мучанікаў-базыльянаў — сустрэў удзельнікаў ХХІІ пілігрымкі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў суботу, 16 ліпеня.
 
У апошні дзень пілігрымы з харугвамі ўваходзяць у Полацак і крочаць вулачкамі гораду. А перад гэтым бывае малебен за ўсіх спачылых уніяцкіх сьвятароў і біскупаў у Струньні пад Полацкам, ля мемарыяльнага крыжа на месцы колішняй рэзідэнцыі полацкіх уніяцкіх архібіскупаў і мітрапалітаў. У Полацку вернікі на сваім шляху па добрай традыцыі завіталі найперш у храм да маленькай полацкай супольнасьці стараабраднікаў.
 
Пасьля гасьціннай сустрэчы ў іх і невялікага адпачынку пілігрымы прайшлі яшчэ некалькі кіламетраў вуліцамі старажытнага Полацку, дзе іх віталі многія жыхары гораду. Шлях вёў пілігрымаў да велічных старажытных муроў сьв. Сафіі — катэдры архібіскупа Язафата і месца мучаніцкай сьмерці полацкіх манахаў-базыльянаў, забітых за веру і адданасьць сваёй Царкве царом Пятром і яго памагатымі 11 ліпеня 1705 году. Каля муроў Сьвятой Сафіі, што на беразе Дзьвіны ўзьнесла да неба свае стромкія барочныя вежы, пілігрымы памаліліся за нашую Бацькаўшчыну.
 
Пасьля гэтай малітвы за Беларусь пілігрымы прайшлі апошні свой адрэзак шляху — да грэка-каталіцкай царквы сьв. Параскевы Полацкай. На ганку драўлянага храму ўсіх пілігрымаў вітаў і акрапляў асьвячанай вадой душпастыр грэка-каталіцкай парафіі сьвятамучаніка Язафата а. Аляксандар Шаўцоў, які ўвечары разам Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) і іншым сьвятарамі адслужыў вячэрню.
 
Як адзначыў напрыканцы Вячэрні Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, праз гэтае сваё падарожжа пілігрымы з розных куткоў Беларусі зьдзейсьнілі «сапраўдны подзьвіг веры»: подьзвіг — як высілак і як зрушэньне з месца на месца ў імя веры. «Ваш подзьвіг — гэта сымбаль жыцьця Царквы», — цытуе а. Сяргея Гаека Catholic.by.
 
Полацак, паводле словаў Апостальскага Візітатара, — надзвычайнае месца, дзе пачынаецца гісторыя хрысьціянства ў нашай краіне, як усходняй, так і заходняй традыцыі. «Мы павінны дзякаваць за багатую духоўную спадчыну гэтага гораду», — сказаў Архімандрыт Сяргей.
 
Таксама ўдзелам у гэтай пілігрымцы грэка-католікі працягваюць эстафету малітвы, якую 22 гады таму распачаў манах-студыт а. Валеры Алексійчук, які тады служыў у Полацку (сёньня — Бенядыкт, дапаможны біскуп Львоўскай архіяпархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы).
 
Шлях веры полацкіх мучанікаў-базыльянаў і сьвятамучаніка Язафата (Кунцэвіча) нагадвае і пра той смутны час ды пра ворагаў веры, як у Беларусі, так і ў сьвеце, адзначыў архімандрыт Сяргей Гаек. Ён дадаў, што вернікам ня варта забываць пра міласэрнасьць, тым больш што цяпер у Каталіцкай Царкве адбываецца Год міласэрнасьці.
 
«Таму будзьце міласэрнымі як да іншых, так і самі да сябе», — заклікаў Апостальскі Візітатар.
 
У нядзелю, 17 ліпеня, на завяршэньне ХХІІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск-Полацак, перад храмам сьв. Параскевы Полацкай была адслужана ўрачыстая Боская Літургія, якую ўзначальваў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек у саслужэньні сьвятароў з розных грэка-каталіцкіх парафіяў.
 
Казаньне на Літургіі прамовіў айцец Андрэй Абламейка, душпастыр івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай.
 
«Хто адлучыць нас ад любові? Ніхто. Мы можам выказваць сваю любоў адзін да аднаго, да кожнага грамадзяніна Беларусі. Бог дае нам магчымасьць выказваць любоў да ўсяго беларускага народу. З сужэнцаў і сьвятароў складаецца містычнае Цела Хрыста на зямлі. Калі сьвет патрабуе «хлеба і відовішчаў», хрысьціяне павінныя быць сьведкамі іншага жыцьця, якое яны пазналі праз Хрыста», — перадае словы сьвятара Catholic.by.
 
Удзельнікі ўрачыстасьцяў мелі магчымасьць ушанаваць рэліквіі сьвятога Язафата Кунцэвіча, падораныя беларускім грэка-католікам 2 ліпеня 2016 году падчас фэсту ў нацыянальным санктуарыюме Маці Божай у Будславе асабістым пасланьнікам Папы Францішка кардыналам Крыстафам Шэнбарнам.
 
Асаблівым момантам ўрачыстасьцяў у Полацку сталі словы падзякі і віншаваньняў, скіраваныя вернікамі да Архімандрыта Сяргея (Гаека), які адзначае сёлета 20-годдзе свайго служэньня ў якасьці кіраўніка Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Вернікі ўручылі Апостальскаму Візітатару БГКЦ крыж з упрыгожваньнямі.

Таксама падчас урачыстасьцяў у Полацку вернікі пачулі прыемную навіну: у бліжэйшы час у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве будуць высьвячаныя два новыя сьвятары.
 
Пасьля багаслужбы вернікаў чакаў невялікі канцэрт бардаў-пілігрымаў Максіма Іўкіна і Арцёма Сітнікава ды смачны боршч ад гасьцінных гаспадароў.
 
Як адзначыла ў сваім рэпартажы пра пілігрымку журналістка Catholic.by Аксана Ючкавіч, «грэка-каталіцкая пілігрымка ў Полацак не зьяўляецца такой шматлікай, як пілігрымкі ў іншыя санктуарыі нашай краіны, такія, як Будслаў, Тракелі, Браслаў ці Лагішын, але ў ёй пануе дух сям’і, дух таго адзінства, да якога хочацца імкнуцца, аб якім варта прыгадваць у малітве і старацца ім жыць у штодзённасьці...».

Фота: Аляксандар Малама. Больш фота з пілігрымкі гл. тут.
Гл. таксама:
08.07.2019
Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў
08.07.2019
Сьвятар БГКЦ: грэка-католікам выставілі рахунак за пілігрымку і яна адмененая
06.07.2017
Удзельнікі грэка-каталіцкай пілігрымкі будуць натхняцца спадчынай Скарыны
16.11.2016
Пілігрымы з Беларусі на сьвяткаваньні 100-годдзя перанясеньня мошчаў сьв. Язафата ў Вену
12.06.2009
Пілігрымка грэка-каталікоў Віцебск-Полацак