Пошук
Сьвятло Ўсходу
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
 
З нагоды 420-х угодкаў абвяшчэньня Берасьцейскай царкоўнай уніі Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь Архібіскуп Габар Пінтэр накіраваў адмысловае пасланьне.
 
Грамата Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 г. з фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіву Ўкраіны ў Львове.
У ім прадстаўнік Сьвятога Айца ў Беларусі адзначыў каштоўнасьць Уніі і яе гістарычнае значэньне. Архібіскуп Габар Пінтэр заклікаў беларускіх вернікаў нанова адкрыць для сябе духоўнае і культурнае багацьце прыналежнасьці да адзінай Царквы. Ніжэй падаем тэкст гэтага ягонага пасланьня.
 
 
 
 
 
Пасланьне
Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь
Архібіскупа Габара Пінтэра
з нагоды 420-годдзя падпісаньня Берасьцейскай уніі
 
Дарагія браты і сёстры ў Хрысьце!
 
Набліжаеца да завяршэньня Юбілейны год Божай Міласэрнасьці. Кожны католік павінен задумацца над тым, як выкарыстаць ласку Юбілею, як разьвівацца на шляху жывой веры, трывалай надзеі і дзейснай любові, як у сёньняшнім сьвеце быць верагодным і нястомным сьведкам Хрыста Пераможцы, Які жыве ў адзінай, сьвятой, каталіцкай і апостальскай Царкве.
 
На працягу гэтага году грэка-каталіцкія супольнасьці ў Беларусі з крэатыўнай адвагай крочылі шляхамі Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасьці. Натхнёныя ўчынкамі міласэрнасьці яны рэалізавалі багатую на падзеі пастаральную праграму. Гэтая праграма рэалізавалася ў кантэксьце радаснага вызнаваньня веры: «Веру ў адзіную, сьвятую, каталіцкую і апостальскую Царкву».
 
Гэтыя словы Сымбаля веры зьяўляюцца асабліва актуальнымі ў дні, калі грэка-каталіцкія вернікі Беларусі перажываюць чарговую гадавіну падпісаньня Берасьцейскай уніі. Сінод, які праходзіў з 16 па 18 кастрычніка 1596 году, спрычыніўся да аднаўленьня поўнай еднасьці розных царкоўных супольнасьцяў гэтай зямлі з Апостальскім Пасадам у Рыме, заахвочваючы вернікаў да ўзрастаньня ў веры, надзеі і любові ў той складаны перыяд.
 
Берасьцейская унія прывяла да ўмацаваньня духоўнага і культурнага абмену паміж хрысьціянамі з Усходу і іх братамі на Захадзе, што ў сваю чаргу спрычынілася да росквіту культуры, выхаваньня і архітэктуры. Да сёньняшняга дня сьведкамі гэтай падзеі зьяўляюцца некаторыя сьвятыні і шматлікія іконы, напісаныя ў перыяд пасьля падпісаньня Уніі. Гэта каштоўная духоўная спадчына ў гісторыі Царквы ў Беларусі.
 
Сёньня, 420 гадоў пасьля падпісаньня Берасьцейскай уніі, мы маем магчымасьць нанова адкрыць для сябе гэтае духоўнае і культурнае багацьце нашай прыналежнасьці да адзінай, сьвятой, каталіцкай і апостальскай Царквы, усьведамляючы сабе адказнасьць быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека.
 
У гэтыя ўрачыстыя дні, дзякуючы Богу за Яго бязьмежную любоў, заклікаю да малітвы аб будаваньні еднасьці паміж хрысьціянамі так, як гэтага прагне наш Госпад.
 
Даручаю ўсіх вас Марыі — Маці Адзінай Царквы і ад шчырага сэрца бласлаўляю.
 
Менск, 16 кастрычніка 2016 г.
 
+ Габар Пінтэр, Архібіскуп
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь
Гл. таксама:
25.05.2018
Апостальскі нунцый: праз некалькі месяцаў мы зможам убачыць канкрэтныя крокі па ўпарадкаваньні жыцьця грэка-каталіцкай супольнасьці
29.06.2015
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
02.07.2012
Сьвяты Пасад падтрымлівае імкненьне да свабоды і справядлівасьці ў Беларусі
07.01.2012
Свабода ня можа быць без духоўнасьці
17.12.2011
Напярэдадні Калядаў Апостальскі нунцый сустрэўся з грэка-каталіцкім духавенствам