Пошук
Сьвятло Ўсходу
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
 
Падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Ягіпет Папа Рымскі Францішак 28 красавіка 2017 году, пасьля сустрэчы ў Каіры з уладамі Ягіпту, сустрэўся ў рэзідэнцыі праваслаўнага копцкага патрыярха з Першаярархам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ.
 
У сваёй прамове Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што нядаўна праваслаўныя і католікі ў адзін дзень адзначалі вялікае сьвята Ўваскрасеньня Хрыстова, якое ёсьць цэнтрам хрысьціянскага жыцьця. «Мы аднагалосна абвясьцілі вестку пра ўваскрасеньне, у нейкім сэньсе перажываючы нанова досьвед першых вучняў, якія ў той дзень разам “узрадаваліся, убачыўшы Госпада” (Ян 20, 20)», — сказаў Папа.
 
Папа Францішак з удзячнасьцю адзначыў — перадае Радыё Ватыкану, — што ён прыйшоў як паломнік, з жаданьнем атрымаць блаславеньне ад брата. Рымскі Архірэй нагадаў пра мінулыя сустрэчы, а таксама пра Сумесную дэкларацыю Копцкай і Каталіцкай Цэркваў, што была падпісаная ў 1973 годзе. Абедзьве Царквы прызнаюць, што «Ісус Хрыстос — наш Госпад і Бог, Збаўца і наш Уладар», і нам нельга здраджваць Яго волю: «Каб усе былі адно, /…/ каб сьвет паверыў (Ян 17, 21). Мы больш не павінны думаць, што кожны з нас можа ісьці сваім асобным шляхам, ня можам хавацца за фасадамі адрозьненьняў у тлумачэньнях, за шматвяковай гісторыяй і традыцыямі, якія зрабілі нас чужымі адзін аднаму; у нас на гэта проста няма часу, падкрэсьліў Папа.
 
Экуменізм — гэта ня толькі жэсты і словы, але рэальная еднасьць, якая расьце дзень за днём у жывой сулучнасьці з Госпадам Ісусам, у веры, у Тайне Хросту. Сьвяты Айцец выказаў жаданьне паскорыць надыход поўнай і бачнай еднасьці пры алтары Госпада. Гэты шлях, як і само жыцьцё — заўважыў Сьвяты Айцец — не заўсёды лёгкі і просты, але мы на ім не самотныя: нас суправаджае Бог і шматлікія сьвятыя і мучанікі, якія ўжо знаходзяцца ў поўнай еднасьці. Сярод іх — сьвятыя апосталы Пётра і Марк, якія сваім прыкладам вучаць вернікаў жыць у сапраўднай радасьці пазнаньня Ісуса. Разам мы пакліканыя штодня сьведчыць пра Хрыста, несьці нашую веру ў сьвет, прамаўляючы мовай бескарысьлівай любові, каб сьвет спазнаў збаўленьне: тады Сьвяты Дух адкрые перад намі шлях да правідэнцыйнай еднасьці. І на гэтым шляху, адзначыў Папа, нашыя Цэрквы ўжо робяць канкрэтныя крокі праз сустрэчы і сумесныя ініцыятывы.
 
Папа Францішак падкрэсьліў важную ролю экуменізму крыві, пра што сьведчыць мартыралог Копцкай Царквы. Ён адзначыў, што нядаўна зноў была трагічна пралітая бязьвінная кроў безабаронных вернікаў: яна таксама аб’ядноўвае нас, таму што цярпеньні коптаў — гэта і цярпеньні католікаў. Хрысьціяне пакліканыя супрацьстаяць гвалту, прапаведуючы і сеючы дабро, узрастаючы ў згодзе, молячыся, каб шматлікія ахвяры адкрылі шлях да будучай еднасьці паміж намі і да міру для ўсіх.
 
Рымскі Архірэй падкрэсьліў, што пасьля перыяду ганеньняў на раньнюю Царкву менавіта ў ягіпецкай пустэльні расквітнела новае жыцьцё і сьвятасьць: там зьявілася манаства. Вялікая багаслоўская традыцыя Ягіпту ад самага пачатку абвяшчала богамацярынства Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Няхай Маці нашага Госпада, сказаў напрыканцы сваёй прамовы Папа Францішак, заўсёды вядзе нас да Ісуса і падорыць нашай зямлі трошкі больш неба.
 
Францішак таксама падзякаваў Патрыярху Тавадрасу ІІ за яго «канструктыўны апостальскі дух», з якім ён падыходзіць да ягіпецкіх католікаў, а таксама да працы Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнымі Цэрквамі Ўсходу.
 
«Ваша Сьвятасьць, дарагі Брат, няхай жа Госпад дасьць нам сёньня ісьці разам, як пілігрымы сулучнасьці і пасланьнікі міру», — пажадаў, завяршаючы сваю прамову Папа Францішак.
Гл. таксама:
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
21.10.2016
Беларускія ярархі падарылі Папу Рымскаму беларускі пераклад яго кнігі
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы