Пошук
Сьвятло Ўсходу
10.04.2019
Бласлаўляйце, а не кляніце
 
За сваё жыцьцё я бачыў аж надта шмат людзей, што пры любой нагодзе казалі, як моцна яны любяць Бога, але пры гэтым вельмі мала сустракаў такіх, што любілі бы таксама і сабе падобных... Піша душпастыр беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпэне (Бельгія) а. Іван Майсейчык.
 
І хоць Пісаньне недвухсэнсоўна папярэджвае аб тым, што калі «хто кажа: “я люблю Бога”, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэц, бо як можа той, хто ня любіць брата, якога бачыць, любіць Бога, якога ня бачыць?» (1 Ян 4, 20), усё ж падобныя дробязі мала каго з хрысьціянаў хвалююць.
 
Балазе, ужо да нас адладжаная і выпрабаваная сістэма веры, у якой можна проста любіць Бога, не замарочваючыся нейкімі абавязкамі любіць Ягоных дзяцей.
 
А як апраўдацца перад Пісаньнем? Ды вельмі проста: адным махам бярэш і нялюбых табе «індывідуумаў» адносіш да разраду «нелюдзей», «ворагаў Бога», «істотаў» і т. п. І табе адразу на душы робіцца лёгка ад сваёй богаўгоднасьці, і Бога ты любіш, і людзей (тых, каторыя цябе любяць і хваляць) таксама, а калі каго й ненавідзіш, дык гэта толькі ўсялякіх там люцыпараў у целе, а не людзей...
 
І вось, пачынаецца змаганьне з гэтымі апошнімі, і вастрыё зламоўнасьці намагаецца працяць іх напавал, аднак замест гэтага толькі расьцінае прагнілае нутро самога няшчаснага кляцьбіта-«багалюбца»...
 
«Ад перапоўненасьці сэрца прамаўляюць вусны» (Мц 12, 34). Калі нутро тваё поўнае дабра, то благое, зьняважлівае слова не зачнецца ў тваіх думках і не народзіцца праз вусны. Калі ж вантробы напоўніліся злосьцю ды нянавісьцю, то іхнія выпладні — зласлоўе і праклёны — паняволіўшы розум, мусяць выйсьці праз тыя ж самыя дзьверы вуснаў...
 
І менавіта толькі паняволены розум можа дазваліць сабе раскошу ліхасловіць іншых людзей, бо здаровы глузд ясна кажа: «што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць — тое апаганьвае чалавека...» (Мц 15, 18).
 
Не магу зразумець, як гэта магчыма, каб бяз страху і ўздрыганьня нешта злоснае казаць пра іншага ці прадказваць і жадаць яму ліха, калі ты памятаеш евангельскі ясны наказ: «бласлаўляйце, а не кляніце» (Рым 12, 14).
Гл. таксама:
16.10.2017
Папа назваў сьмяротнае пакараньне нечалавечай мерай
26.02.2017
Грэка-каталіцкі сьвятар: Калі зьнішчаць Курапаты, то Беларусі ўжо ня будзе
02.02.2017
Навяртаньне
30.06.2013
Невялічкая сучасная ўтопія
02.01.2011
Будаваць мір метадам дыялогу