Пошук
Сьвятло Ўсходу
04.05.2019
Папа: Бог не зьяўляецца крыніцай спакусаў, а дапамагае перамагчы іх
 
Рымскі Архірэй працягнуў цыкл катэхезаў, прысьвечаных малітве «Ойча наш», — паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News. Гэтым разам ён засяродзіў увагу на яе перадапошнім радку «ня ўводзь нас у спакусу».
 
Бог не зьяўляецца крыніцай спакусаў, а дапамагае ў барацьбе з імі, падкрэсьліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 1 траўня 2019 году на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане.

Францішак заўважыў, што словы «ня ўводзь нас у спакусу» можна перакласьці з грэцкай мовы таксама як «не пакідай нас у спакусе» або «не дазволь нам трапіць у спакусу».
 
Сьвяты Айцец нагадаў, што малітва «Ойча наш» пачынаецца з просьбы аб спаўненьні вялікай Божай задумы. Потым яна скіроўвае позірк на жыцьцё і дапамагае прасіць аб тым, у чым маем патрэбу кожны дзень — аб хлебе штодзённым. Пасьля малітва пераходзіць да нашых міжасабовых адносінаў, «часта забруджаных эгаізмам»: мы просім аб прабачэньні і абавязваемся яго даваць.
 
«Але менавіта праз перадапошнюю просьбу наш дыялог з Нябесным Айцом уваходзіць, калі можна так сказаць, у жывую драму, гэта значыць у сферу сутыкненьня паміж нашай свабодай і падступнасьцю злога», — падкрэсьліў Папа.
 
«Як вядома, арыгінальны грэцкі выраз, зьмешчаны ў Евангельлі, цяжка перадаць дакладна і ўсе сучасныя пераклады зьяўляюцца крыху кульгавымі. Тым ня менш, адносна аднаго асьпекту мы можам пагадзіцца адзінадушна: незалежна ад таго, як разумеем тэкст, мы павінны выключыць думку, што Бог зьяўляецца крыніцай спакусаў, якія стаяць на шляху чалавека. Маўляў, сам Бог падпільноўвае, каб рабіць перашкоды і пасткі для сваіх дзяцей. Інтэрпрэтацыі такога роду супярэчаць у першую чаргу самому тэксту і далёкія ад вобразу Бога, які Ісус нам адкрыў.
Ня будзем забываць, што малітва “Ойча наш” пачынаецца з слова “Ойча”, а бацька ніколі ня робіць пасткі для сваіх дзяцей.
Хрысьціяне ня маюць справы з зайздросным Богам, які канкуруе з чалавекам, якому прыносіць задавальненне ставіць чалавека пад выпрабаваньні. Такімі зьяўляюцца вобразы шматлікіх язычніцкіх багоў. Чытаем у Пасланьні сьв. Якуба: «Падчас выпрабаваньня няхай ніхто ня кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і Сам Ён не выпрабоўвае нікога» (Як 1,13). Якраз наадварот: Айцец не зьяўляецца крыніцай зла і ніводнаму сыну, што просіць рыбы, Ён не дае зьмяю (пар. Лк 11, 11), а калі зло паказваецца ў жыцьці чалавека, Ён змагаецца на баку чалавека, каб той мог вызваліцца ад зла. Бог заўсёды змагаецца за нас, а ня супраць нас. Ён — Айцец! Менавіта ў такім ключы мы молімся “Ойча наш”», — сказаў Папа.
 
Два гэтыя моманты — выпрабаваньне і спакуса — таямнічым чынам прысутнічалі ў жыцьці самога Ісуса, адзначыў Сьвяты Айцец Францішак і дадаў, што ў гэтым досьведзе Божы Сын цалкам стаў нашым братам.
 
«Менавіта гэтыя евангельскія ўрыўкі паказваюць нам, што самыя складаныя просьбы малітвы “Ойча наш”, якімі завяршаецца тэкст, ужо былі выслуханыя: Бог не пакінуў нас у самотнасьці, але ў Ісусе Ён аб’явіўся як “Бог з намі” аж да крайніх наступстваў», - дадаў Рымскі Архірэй.
 
«Калі мы зьведваем спакусу чыніць зло, адмаўляючы братэрства з іншымі людзьмі і прагнучы абсалютнай улады над усім і над усімі, Ісус ужо перамог гэтую спакусу для нас: гэта пацьвярджаюць першыя старонкі Евангельля. Адразу пасьля атрыманьня хросту ад Яна сярод натоўпу грэшнікаў Ісус адышоў у пустыню, дзе Яго спакушаў д’ябал. /.../ Але Ісус адрынуў усе спакусы і выйшаў пераможцам. Евангельле паводле сьв. Мацьвея ўтрымлівае цікавую заўвагу напрыканцы дуэлі паміж Ісусам і ворагам: “Тады д’ябал пакінуў Яго, — і вось анёлы падышлі і служылі Яму” (Мц 4, 11)», — сказаў Папа.
 
Францішак падкрэсьліў, што Бог не пакінуў людзей, нават у час найвышэйшага выпрабаваньня падчас малітвы ў Аліўным садзе, калі сэрца Ісуса было ахопленае невымоўнай трывогай, пачуцьцём самотнасьці і пакінутасьці. «Выпрабаваньне было настолькі жахлівым, што здарылася нечаканае. Ісус ніколі не прасіў аб любові да самога Сябе, але ў тую ноч Яго душа была засмучанаю аж да сьмерці, і тады Ён папрасіў аб блізкасьці сваіх сяброў: “Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною” (Мц 26, 38). Як ведаем, вучні заснулі, абцяжараныя здранцьвеньнем, выкліканым страхам», — адзначыў Папа.
 
«У час тугі Бог просіць чалавека не пакідаць Яго, аднак чалавек засынае. Але ў час, калі чалавек перажывае свае выпрабаваньні, Бог чувае. У самыя цяжкія моманты нашага жыцьця, у самыя балючыя моманты, у самыя трывожныя Бог чувае з намі, Бог змагаецца побач з намі, Ён заўсёды блізка да нас. Чаму? Таму што Ён Айцец. З гэтага мы пачынаем малітву “Ойча наш”. А бацька не пакідае сваіх дзяцей. Гэтая ноч болю і барацьбы зьяўляецца апошняй пячаткай Уцелаўленьня: Бог сыходзіць, каб сустрэць нас у нашай бездані і пакутах, што пазначаюць гісторыю», — дадаў Рымскі Архірэй.
 
Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што нашым суцяшэньнем у час выпрабаваньняў павінна быць упэўненасьць, што «гэтая даліна з таго часу як праз яе прайшоў Ісус, больш не бязьлюдная, але бласлаўлёная прысутнасьцю Божага Сына». «Ён ніколі нас не пакіне!», — падсумаваў Папа.
 
Францішак завяршыў катэхезу словамі малітвы:
«О Божа, аддалі ад нас час выпрабаваньняў і спакусаў. Але калі гэты час да нас прыйдзе, Ойча наш, пакажы нам, што мы не самотныя: Ты наш Айцец. Пакажы нам, што Хрыстос ужо ўзяў на Сябе таксама цяжар і гэтага крыжа. Пакажы нам, што Ісус кліча нас несьці гэты крыж разам з Ім, з даверам аддаючыся любові Айца».
Гл. таксама:
14.12.2018
Сьвяты Айцец: абарона правоў чалавека – асаблівая місія хрысьціянаў
16.10.2017
Папа назваў сьмяротнае пакараньне нечалавечай мерай
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
22.05.2016
Папу Францішку падаравалі дыск з сьпевамі візантыйскай літургіі па-беларуску
24.04.2016
24 красавіка ў каталіцкіх цэрквах Еўропы зьбіраюць ахвяраваньні для Ўкраіны