Пошук
Сьвятло Ўсходу
01.11.2013
Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
 
Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці ў нядзелю, 27 кастрычніка 2013 году, наведаў грэка-каталіцкую парафію сьвятых Кірылы і Мятода ў Баранавічах. Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў Боскую Літургію, у якой напрыканцы Году веры былі ўзгаданы вялікія сьведкі веры Грэка-Каталіцкай Царквы. Таксама ён зьвярнуўся да ўдзельнікаў малітоўнай сінаксы з гаміліяй на тэму веры.
 
Сінакса Заходняга дэканату БГКЦ у Баранавічах 27.10.2013.
На ўрачыстую малітоўную сінаксу (сустрэчу) у гонар 1150-годдзя пачатку Славянскай місіі сьвятых роўнаапостальных Кірылы і Мятода, апекуноў Еўропы, сабраліся ў Баранавічах у Доме Сьвятой Тройцы айцоў-вярбістаў сьвятары і вернікі з грэка-каталіцкіх парафіяў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцей Заходняга протапрасьвітарату (дэканату) БГКЦ, а таксама вялікая група пілігрымаў з Менску (Цэнтральны протапрасьвітарат) ды з Віцебску (Усходні протапрасьвітарат).
 
Сінакса ў Баранавічах была прысьвечана тэме веры і была інсьпіраваная зьместам энцыклікі “Lumen fidei” (“Сьвятло веры”) Яго Сьвятасьці Папы Францішка.
 
На пачатку малітоўнай сустрэчы перад Жыровіцкай іконай Маці Божай вернікі прасьпявалі акафіст да Багародзіцы. Затым была адслужана ўрачыстая Боская Літургія, якую ўзначальваў Апостальскі Нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
 
Сінакса Заходняга дэканату БГКЦ у Баранавічах 27.10.2013.
Прадстаўніка Папы прывітаў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), які падзякаваў Архібіскупу Клаўдзію (Гуджэроцьці) за магчымасьць сумеснай малітвы з ім у дзень, калі беларускія грэка-католікі ўрачыста ўзгадваюць вялікіх сьведкаў веры сваёй Царквы: сьвятых настаўнікаў славянскіх Кірылу і Мятода (патронаў мясцовай грэка-каталіцкай парафіі), мітрапалітаў Уніяцкай Царквы Іпація Пацея (+ 1613 г.) і Язэпа Руцкага (уступіў на пасад у 1613 г.), сьв. Язафата (у 400-ыя ўгодкі пачатку яго місійнай працы ў Жыровіцах ды ў 390-ыя ўгодкі яго мучаніцкай сьмерці), блаславёнага сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага — Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў у міжваенны час, экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча (у 120-ыя ўгодкі з дня яго нараджэньня і 70-ыя ўгодкі мучаніцкай сьмерці) ды іншых сьведкаў веры, якія сталі ахвярамі нацысцкіх рэпрэсіяў у 1942-1943 гг.
 
Сінакса Заходняга дэканату БГКЦ у Баранавічах 27.10.2013.
Зьвяртаючыся да прысутных сьвятароў і вернікаў, Апостальскі Нунцый прызнаўся, што для яго вялікая радасьць маліцца ў гэтым храме ў Баранавічах разам з грэка-каталіцкай Супольнасьцю, узгадваючы апекуноў мясцовай парафіі — Апосталаў славянаў, сьвятых Кірылу і Мятода, і ён рады магчымасьці сустрэцца тут з грэка-католікамі, якія сабраліся з усіх куткоў Беларусі. Прадстаўнік Сьвятога Айца перадаў удзельнікам малітоўнай сустрэчы бласлаўленьне Папы Францішка, з якім ён сустракаўся ў мінулым месяцы, а таксама запэўніў, што
Рымскі Архірэй вельмі добра інфармаваны пра сітуацыю Царквы ў Беларусі. Папа, паводле словаў Нунцыя, імкнецца зразумець беларускую рэчаіснасьць, каб надаць лепшую структуру Царкве, зважаючы на гэтую рэчаіснасьць.
Ён сказаў таксама, што ў гэтым яму, безумоўна, дапаможа новы Дзяржсакратар Ватыкану, які ня толькі выдатны дыпламат, але і чалавек, які добра зарыентаваны і ў справах розных абрадаў Царквы.
Уладыка Клаўдзі адзначыў зьмястоўнае багацьце, прыгажосьць і ўзьнёсласьць літургічных сьпеваў візантыйскай Царквы. Таксама ён заўважыў, што ў пачутых сьпевах адчуваецца і жывая вера грэка-католікаў, з якой ажывае і сама Царква.
Апостальскі нунцый выступае на Сінаксе Заходняга дэканату БГКЦ у Баранавічах 27.10.2013.
Узгадваючы словы з Сьвятога Пісьма, што гучалі падчас нядзельнай Боскай Літургіі, архібіскуп Гуджэроцьці ў сваёй гаміліі засяродзіўся на тэме веры. Прадстаўнік Сьвятога Айца нагадаў, што сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу, ягоную працу і культуру.
 
“Вера — гэта рэчаіснасьць настолькі асабістая і інтымная, што, чым больш мы пра яе гаворым, тым больш мы адчуваем неадэкватнасьць нашай мовы, каб яе выявіць”, — сказаў Апостальскі Нунцый. Ён падкрэсьліў таксама, што вера нараджаецца з Богам, Які багаты міласэрнасьцю. Уласна гэтай тэме Папа Ян Павел II прысьвяціў сваю энцыкліку, якую назваў “Бог, багаты міласэрнасьцю” (“Dives in misericordia”).
 
“Вера – гэта ня нейкі сьпіс правілаў, якія трэба ведаць, гэта любоў, якую трэба прыняць. Гэта любоў Божая, або гэта сам Бог, Які ёсьць Любоў, Які просіць нас прыняць Яго”, — адзначыў ярарах.
“Ён просіць нас прыняць Яго, нават ведаючы, што мы слабыя і грэшныя. І, каб было інакш, Бога немагчыма было б назваць багатым на міласэрнасьць”, — працягваў архібіскуп Гуджэроцьці. Міласэрнасьць, паводле словаў прадстаўніка Сьвятога Айца, гэта разуменьне таго, што той, хто стаіць насупраць цябе, ня варты тваёй міласэрнасьці, але ты дорыш яму гэтую міласэрнасьць. Міласэрнасьць азначае сэрца, якое спачувае, якое адкрытае да іншых.
 
Менавіта на гэтым, як дадаў архібіскуп, быў акцэнт падчас сьвяткаваньня ва ўсёй Царкве Году веры. Бо ўсё астатняе, што рабіла ў гэты час Царква, — гэта былі “нашыя намаганьні, каб адказаць на любоў, якую мы атрымліваем”.
 
Апостальскі Нунцый падкрэсьліў, што “вера — гэта жывы досьвед Хрыста”. І ў Евангельлі, як нагадаў Уладыка Клаўдзі, Ісус прапануе дакрануцца да ранаў у Яго руках і нагах. Менавіта ў гэтых ранах, а ня ў кнігах ці розных разважаньнях пра Бога, схаваная галоўная таямніца Царквы, падкрэсьліў архібіскуп Гуджэроцьці.
 
Як адзначыў ватыканскі ярарх, мы верым, і сьвяты Павел нагадвае пра тое, што Хрыстос — “ня толькі ўвасабленьне Бога, Хрыстос — гэта таксама містычнае цела Царквы”.
Сінакса Заходняга дэканату БГКЦ у Баранавічах 27.10.2013.
Гэтае містычнае цела “складаецца з розных членаў, якія адрозьніваюцца адзін ад аднаго і разам утвараюць адну Царкву”. Прадстаўнік Папы падкрэсьліў тут вялікую заслугу сьвятых Кірылы і Мятода, якія распачалі сваю місію ў час, калі “адна частка гэтага цела Хрыста ня мела голасу” — гэта былі славянскія народы, і трэба было “даць голас таксама і гэтай частцы Царквы, навучыць яе гаварыць і сьпяваць хвалебныя песьні”.
 
Пасьля іх, працягваў Апостальскі Нунцый, у гісторыі Царквы былі і іншыя слаўныя постаці, “якія давалі голас гэтай частцы Царквы”. “На гэтай зямлі вы, грэка-католікі, вядомыя тым, што вашыя карані ляжаць глыбока ў беларускай культуры, — адзначыў ватыканскі ярарх, зьвяртаючыся да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, — і шмат хто шануе гэтую вашую моцную беларускую ідэнтычнасьць”.
 
Як падкрэсьліў архібіскуп Гуджэроцьці, гэта гонар для Каталіцкай Царквы — тое, што хтосьці сур’ёзна падышоў да той часткі Царквы, якой сьвятыя Кірыла і Мятод далі голас.
“Вашая любоў да культуры гэтага народу ня меншая, чым тая, якую да яе мелі Апосталы славянаў Кірыла і Мятод”, — адзначыў ватыканскі ярарх. Пры гэтым Уладыка Клаўдзі дадаў, што тут ёсьць “штосьці большае, чым нацыяналізм або шавінізм”. “Любіць гэтую культуру і клапаціцца пра яе — азначае клапаціцца пра Хрыстовае цела, уцелаўлёнае ў гэтай культуры”, — сказаў ярарх.
 
Паводле словаў Прадстаўніка Сьвятога Айца адчуваньне сябе моцна зьвязаным з культурай свайго народу вынікае з хрысьціянскай веры. Уладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці) падкрэсьліў, што беларускі народ — гэта цела Хрыста, якое таксама хоча мець свой голас і шмат стагоддзяў спрабуе знайсьці гэты голас. Ярарх дадаў, што было шмат тых, хто хацеў растлумачыць народу, якім гэты голас павінен быць, але ўсе яны былі далёка ад народу, і кожны з іх лічыў, што менавіта яго голас — той, які трэба даць гэтаму народу, і менавіта гэтым голасам народ павінен гаварыць. Дапамагчы народу адчуць і адкрыць яго ўнутраны голас, які зьяўляецца голасам Бога — гэта адна з найважнейшых місій Царквы.
 
Зьвяртаючыся да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Прадстаўнік Папы заклікаў іх задумацца над уласнай місіяй: “У той час, калі народ разглядаецца направа і налева, каб знайсьці, адшукаць уласную ідэнтычнасьць, ці не зьяўляецца гэта вашым, асабліва вам давераным заданьнем, каб дапамагчы яму ў гэтым?”.
 
Узгадваючы пра сьведчаньне веры, якое даў сьв. Язафат і іншыя сьведкі веры, Апостальскі Нунцый адзначыў, што яны сталі мучанікамі ў працэсе пошуку народам уласнай тоеснасьці. На жаль, былі часы, калі вера рабілася праблемай палітыкі і вернікаў нярэдка забівалі праз гэта. Але вера, паводле словаў ярарха, ня можа быць падпарадкавана палітыцы, “вера павінна натхняць жыцьцё людзей і ніколі не павінна быць на службе палітыкі”. “Вера ачышчае палітыку і матывуе яе, каб палітыка стала больш справядлівай і больш уважлівай”, — адзначыў Апостальскі Нунцый. Таксама ярарх заўважыў: “Досьвед паказвае, што ўсе тыя, хто ў мінулым намагаўся падпарадкаваць веру палітыцы, яны зьніклі, а вера надалей жыве”.
 
“Царква просіць вас, каб вы глыбока жылі сваёй верай, каб адчувалі сябе часткай Хрыстовага цела, — сказаў Прадстаўнік Сьвятога Айца вернікам БГКЦ. — І менавіта з гэтага народзіцца аўтэнтычнае адчуваньне сябе, як аднаго народу. Не адзін супраць другога! Ня так, калі хтосьці адзін адчувае сябе адзіным і сапраўдным тлумачальнікам веры, але ўсе пад рукой Бога, Які зьяўляецца адзіным Гаспадаром гісторыі. Усе разам, пад моцнай рукой Бога, каб шукаць агульнага дабра, а не дабра для груповак ці розных партыяў”.
 
Апостальскі Нунцый заўважыў, што бачыць на гэтай малітоўнай сустрэчы ў Баранавічах шмат маладых твараў. Зьвяртаючыся да моладзі, Уладыка заклікаў:
“Вы павінны адчуваць гэтую веру, каб гэтая жывая вера дала вам моц, цярплівасьць і вытрымку ў нясеньні гэтай веры іншым. Тая частка Царквы, якая яшчэ не навучылася жыць сьвядомасьцю, уласнай мовай, павінна ад вас атрымаць імпульс, каб яны маглі ганарыцца ўсім гэтым і ўпэўнена глядзець іншым у вочы. І ўся Царква просіць вас мець удзел у гэтай місіі”.
Сінакса Заходняга дэканату БГКЦ у Баранавічах 27.10.2013.
Прадстаўнік Сьвятога Айца падкрэсьліў: “Гэта сьвятая місія. Яна сьвятая настолькі, наколькі яна вынікае з патрэбаў веры”. І, як сказаў архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, яна будзе сьвятой, калі “дзеці, якія тут прысутнічаюць, заўтра змогуць сказаць з гонарам “Я — беларус!” на сваёй мове”. Гэтая думка вынікае з усьведамленьня таго, што Бог іх любіць, і што яны могуць адказаць на Яго любоў сваім сэрцам, сваёй мовай. Калі ж гэтая місія будзе споўнена, “Царква адчуе, што таксама і тут б’ецца яе сэрца, бо тут б’ецца сэрца беларусаў”.
 
Згодна з традыцыяй, урачыстая сінакса грэка-католікаў у Баранавічах завершылася сумесным сьпевам-малітвай за Беларусь “Магутны Божа”. Затым вернікаў чакаў братэрскі пачастунак, а сьвятары БГКЦ па абедзе мелі магчымасьць асобнай сустрэчы і размовы з Апостальскім Нунцыем.
 
Гл. таксама фотарэпартаж на Catholic.by.
Відэа: Сінакса БГКЦ у Баранавічах. Нунцый пра Царкву і веру
Апостальскі нунцый пра місію грэка-католікаў, іх веру і тоеснасьць беларусаў
Гл. таксама:
14.10.2016
«Быць сьведкамі Евангельля любові для кожнага чалавека»
26.10.2013
Апостальскі нунцый сустрэнецца з грэка-каталікамі ў Баранавічах
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
07.04.2012
Архібіскуп Гуджэроцьці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску
02.12.2011
Сустрэць агонь і несьці агонь